Опубликовано Новая Европа (http://n-europe.eu)
Летуценнік на парашуце

  • Культурная сцена
Ігар Бабкоў Фота nn.by [1]

Ігар Бабкоў. Адам Клакоцкі і ягоныя цені. Менск, 2001

Невялікая, прыкладна на сотню старонак, кніжка Ігара Бабкова "Адам Клакоцкі і ягоныя цені" (паводле аўтарскага азначэння - раман) выйшла восем гадоў таму і тады не прыцягнула да сябе асаблівай увагі ні чытачоў, ні крытыкаў. Загаварылі пра яе цяпер - у звязку з тым, што яе польскі пераклад раптам патрапіў у шорт-ліст літаратурнай прэміі "Ангелус", якая штогод ўручаецца ў Кракаве. За гэтую прэмію спаборнічаюць празаічныя творы ўсходнееўрапейскіх аўтараў, перакладзеныя на польскую мову. Што ж такога адшукалі палякі ў творчасці нашага суайчынніка, чаго, магчыма, не заўважылі мы самі?

Перад заходняй крытыкай "Адам Клакоцкі" пазіцыянуецца як "першая беларуская постмадэрнісцкая аповесць". Сапраўды, яго публікацыя прыйшлася на час, калі разуменне пастмадэрнізму ў "белліце" канчаткова акрэслілася: неўзабаве з'явіліся "Імя грушы" Сяргея Балахонава, "Практычны дапаможнік па руйнаванні гарадоў" Альгерда Бахарэвіча ды іншыя адносна буйныя творы з дэцэнтралізаванай структурай, міжтэкставымі спасылкамі, гуллівым стаўленнем да ўласнай літаратурнасці ды іншымі прыкметамі постмадэрнізму. На такім досыць насычаным лакальным тле (не кажучы ўжо пра сусветную літаратуру) "Адам Клакоцкі" ў прынцыпе не выглядае чымсьці абсалютна арыгінальным. І да таго ж творчы метад Ігара Бабкова - гэта хутчэй "магічны рэалізм", чым уласна постмадэрнізм.

Праз гістарычныя акалічнасці беларуская літаратура ніколі не магла пахваліцца чысцінёй стылю - так і ў гэтым творы больш ці менш арганічна спалучаюцца ўплывы розных часоў. Ёсць тут нямала мадэрновых матываў позняга рамантызму і пачатку дваццатага стагоддзя. Пэўныя містычныя інтанацыі перанятыя ў Эдгара По ("Памерці не страшна. Страшна быць пахаваным жыўцом"), абсурдызм - у Кафкі, наратыўныя эксперыменты - у Борхеса.

З нашых славутых землякоў можна прыгадаць містыфікатара гісторыі Вацлава Ластоўскага і меланхоліка-летуценніка Максіма Гарэцкага. Да таго ж Ігар Бабкоў мае пэўны сантымент да кітайскай культуры. Здаецца, ён не першы, хто грунтуе асноўную ідэю свайго твору на легендзе пра Чжуан-цзы, які бачыў сон пра матылька.

Гіпертэкставае вымярэнне аповесці ствараюць шматлікія цытаты: "мёртвая Эўрыдыка на парашуце" ("Уладар мух"), "Янка Карамазаў", герой "Тодара Міхайлавіча", Джэк Нікалсан з экранізацыі "Палёту над гняздом зязюлі"... Часам любоў да літаратурных "харостваў" выліваецца ў няўклюдныя вобразы кшталту "маё сэрца мокрае, як папяровыя кветкі" або "вочы, набрынялыя празрыстасцю" ("набрынялыя вочы" - мабыць, нешта з першастудзеньскіх ранішніх жахаў касметолага?).

Ігару Бабкову - вядомаму філосафу - нельга адмовіць у літаратурных амбіцыях, як і ў добрай беларускай мове, у начытанасці ды агульнай культурнасці. Але што, калі элементарна не пагадзіцца з аўтарскім самасцвярджэннем сябе як постмадэрніста? Тады, на жаль, давядзецца прызнаць, што перад намі - літаратурны паўфабрыкат.

Фрагментарнасць, урывістасць, няскончанасць апавядання выдае не столькі абазнанасць аўтара ў сучасных літаратурных плынях, колькі яго ляноту. Пры ўсіх сваіх мастацкіх вартасцях, асобныя кавалкі пярэста-ласкутнай тканіны твору сведчаць пра адно: аўтару відавочна не хапае энергіі на буйныя формы.

У выніку мы маем "раман", які складаецца з: 1) навелы-наследавання Борхесу; 2) нарыса на тэму "Мой любімы горад"; 3) "фрашкі" пра тэкілу; 4) навелы жахаў у форме дзённіку; 5) неблагога пачатку для рамана, аднак толькі пачатку... і так яшчэ каля дзесятка рознастылёвых, разнапланавых элементаў, умоўна звязаных адно тэмай сну ды імем Адама Клакоцкага. Хтосьці, магчыма, з задавальненнем "патоне ў гэтых тэкстах" і здолее дамысліць з кожнага фрагмента цэласны аповед, аднак - па шчырасці - больш падобна, нібы твор "зляпілі з таго, што было", не надта намагаючыся давесці справу да канца ды хоць неяк замаскіраваць швы.

Таямніца Клакоцкага - загадка, што не мае разгадкі. Гульня ў інтэрпрэтацыю - вось да чаго запрашае аўтар чытача. У параўнанні, напрыклад, з Міларадам Павічам, Ігар Бабкоў патрабуе ад чытача значна менш інтэлектуальных высілкаў (і да таго ж старанна, хоць і малапаспяхова, тлумачыць сэнс свайго твора ў апошнім фрагменце), але ж і ў адзін шэраг з Каэллё паставіць яго нельга, праз аж занадта добрую мову ды артыстычную неахайнасць архітэктонікі.

Скончым тым, з чаго пачалі: дык у чым сакрэт поспеху аповесці сярод іншых усходнееўрапейскіх твораў? Дарэчы, польскія рэцэнзіі на пераклад дыяметральна разыходзяцца ў адзнаках: польскі "Ньюсвік" называе раман "геніяльным", аднак крытык Пшэмыслаў Станіслаўскі абвінавачвае Бабкова ў "нязносным сентыменталізме", "эскапізме" ды "інтэлектуальнай пустаце".

Як і любы міжнародны літаратурны конкурс, "Ангелус" - гэта ў значнай ступені конкурс перакладчыкаў. Таму за сваю перамогу Бабкоў можа падзякаваць таленту перакладчыцы Малгажаты Бухалік. І, зразумела, свайму: таленавіты перасмешнік - у любым выпадку лепш, чым бясталентны, хоць і арыгінальны, творца.

Комментарии
Гость (не зарегистрирован)
сб., 11/21/2009 - 22:02

абы што

  • ответить [2]
Volha (не зарегистрирован)
пн., 11/23/2009 - 11:39

"Таямніца Клакоцкага - загадка, што не мае разгадкі."

проста ёсць рэчы, на разуменне якіх філфак не арыентаваны, даруйце

  • ответить [3]
kathleen (не зарегистрирован)
вт., 11/24/2009 - 12:32

И сапрауды. На филфаку ж прымушаюць чытаць першакрыницы! Ды яшчэ и па-польску могуць навучыць. Пасля такой прамыуки мазгоу филфакауцы губляюць здольнасць прымаць другаснае за арыгинальнае...

  • ответить [4]

Отправить комментарий

© 2006-2008 Новая Эўропа
Все права защищены


Источник: http://n-europe.eu/article/2009/11/19/letutsennik_na_parashutse

Ссылки:
[1] http://n-europe.eu/node/6641
[2] http://n-europe.eu/comment/reply/6642/2048
[3] http://n-europe.eu/comment/reply/6642/2053
[4] http://n-europe.eu/comment/reply/6642/2061