21 сентября 2020, Понедельник

Рыхтуецца выданне першай кнігі арт-тэрапія па-беларуску "Мая Радзіма Беларусь"

Рыхтуецца выданне першай кнігі арт-тэрапія па-беларуску "Мая Радзіма Беларусь"

На інтэрнэт-платформе Talaka.by стартавала краўдфандынгавая кампанія па збору сродкаў, пошуку спонсараў і афармленню замоў на ўнікальнае выданне "Мая Радзіма Беларусь" — кнігі-маляванкі па-беларуску для творчасці, натхнення і адпачынку, выніку калектыўнай працы каманды "Арт Сядзібы" і Symbal.by, беларускіх мастакоў, дызайнераў, паэтаў і выдаўцоў.

Кніжнымі хітамі апошніх гадоў у Еўропе і Амерыцы сталі размалёўкі для творчасці і натхнення (маляванкі для дарослых). У анлайн-крамах яны займаюць першыя радкі продажаў, а ў традыцыйных кніжных — лепшыя месцы на паліцах. Размалёўкі сталі новай арт-тэрапіяй і модным хобі людзей па ўсім свеце.

Першая кніга ў двух фарматах (альбом — кніга, альбом — кніга — набор паштовак) з'явіцца напачатку зімы да Калядаў і стане выдатным ды незвычайным падарункам для ўсіх беларусаў. Выданні будуць складацца з 40 чорна-белых малюнкаў і вершаў надрукаваных на спецыяльным кардоне з якаснай вокладкай, змацаваных спружынаю.

Якімі будуць фарматы кнігі:

— кніга-альбом для творчасці фармату А4: дзякуючы адмысловай перфарацыі кожную старонку пасля размалёўкі можна будзе акуратна вырваць, каб змясціць у рамку ды разнастаіць малюнкам інтэр’ер вашага дому ці зрабіць цудоўны творчы падарунак родным і сябрам;

— кніга-альбом паштовак фармату А6: кожную старонку можна размаляваць, а на адваротным баку да верша-пажадання дадаць паштовы адрас, наклеіць марку і, вырваўшы па лініі перфарацыі, адправіць паштоўку адрасату.

Адной з цікавостак, якая распачынае кнігу, будзе малюнак Алены Шаліма "Радавод". Мець радавод варта кожнаму шчыраму беларусу, які шануе продкаў і ведае гісторыю свайго роду ды краю.

"Радавод" не толькі можна будзе размаляваць, але і выканаць заданне для гэтага малюнка:

"У каранях дрэва напішы імя і прозвішча, на камлі намалюй герб свайго роду, а на галінках пазнач бацькоў, дзядуль, бабуль і так далей".

Спадарожнымі прадуктамі кнігі стануць скетчбукі, цішоткі, наборы налепак з малюнкамі з выдання, а таксама фірмовыя алоўкі і асадкі для малявання МРБ.

Апісанне краўдфандынгавай кампаніі дасяжна па спасылцы.

Задача размяшчэння праекта "Мая Радзіма Беларусь" на "Талакошт":

— сабраць перадзамовы кнігі на суму 5000 рублёў ці больш, каб за гэтыя грошы запусціць тыраж у друк, а таксама прааналізаваць запатрабаванасць такога прадукта сярод беларусаў. Тыраж кнігі плануецца ў 1000 асобнікаў, але толькі ад Вас і вашых замоў залежыць ці ўбачыць гэтая кніга свет і якім тыражом!

Апісанне кнігі з вокладкі:

"Вы трымаеце ў руках унікальную кнігу — вынік калектыўнай працы беларускіх мастакоў, дызайнераў, паэтаў і выдаўцоў.

МРБ — гэта Беларусь з яе традыцыямі, сімваламі, святамі, мовай, прыродай, спадчынай, адметнасцямі пад адной вокладкай. МРБ — гэта душа нашай краіны, якую мы адмыслова пакінулі чорна-белай, каб кожны ўладальнік гэтай кнігі зрабіў яе каляровай, якой бачыць і адчувае сам.

Вазьміце каляровыя асадкі, алоўкі ці фламастэры і паглыбляйцеся ў таямнічы ды творчы свет Маёй Радзімы Беларусі! Кожны малюнак стане ўнікальным творам мастацтва з беларускім каларытам. Каляровую працу вы зможаце змясціць у рамку ды разнастаіць ёю інтэр’ер вашага дому. А калі не будзе шкада растацца, то вашыя малюнкі стануць цудоўнымі падарункамі для родных і сяброў.

Дзяліцеся працэсам і вынікамі вашай творчасці і глядзіце, як атрымліваецца ў іншых, па хэштэгу #МРБ у сацыяльных сетках!"

Сябры, у вас ёсць унікальная магчымасць спрычыніцца да стварэння і выдання кнігі, а таксама стаць спонсарам, першым уладальнікам кнігі па спецыяльным кошце ад выдаўцоў, атрымаць дадатковыя прадукты з малюнкамі МРБ.

Далучайцеся да краўдфандынгавай кампаніі!

ОСТАВИТЬ КОММЕНТАРИЙ




"Уважаемые читатели "Новой Европы"! По причине большого количества комментариев, нарушающих правила ведения дискуссии редакция приняла решение (временно) выключить блок для комментирования. Для дальнейших дискуссий мы предлагаем использовать плагин Фейсбука, Твиттера и Вконтакте. Надеемся на понимание. Ваши вопросы, комментарии и возражения присылайте на адрес ne@n-europe.eu"