На працягу бліжэйшых 40 гадоў насельніцтва Расіі можа зменшыцца амаль на адну траціну. Крэмль цвердзіць, што яму ўдалося затрымаць дэмаграфічны крызіс, аднак эксперты ААН гэтага аптымізму не падзяляюць.
Пасля распаду Савецкага Саюзу ў 1991 годзе насельніцтва Расіі штогод памяншаецца на 400-650 тысяч жыхароў. Паводле ацэнак экспертаў, калі такая тэндэнцыя захаваецца, у 2050 годзе насельніцтва Расіі зменшыцца з 142 да 100 мільёнаў чалавек.
Апрача нізкай нараджальнасці, што з’яўляецца таксама праблемай на Захадзе, Расіі таксама ўласцівая высокая смяротнасць дарослых. Сярэднестатыстычны расіянін у 1990-х гадах паміраў ва ўзросце 55 гадоў, а гэта значыць на 20 гадоў раней за заходняга еўрапейца. Варта адзначыць, што падчас прэзідэнцтва Уладзіміра Пуціна працягласць жыцця мужчынаў павялічылася на чатыры гады, але па словах аўтараў новага дакладу ААН дэмаграфічная сітуацыя ў Расіі застаецца крытычнай.
Расійскія дактары не могуць адназначна вызначыць прычыны рэзкага павелічэння смяротнасці пасля 1991 г. “Паводле трывожных дадзеных статыстыкі можна было б зрабіць выснову, што ў Расіі праходзіла вайна, або панавала нейкая эпідэмія. У той жа час прычыны былі выключна палітычныя і сацыяльныя,” – тлумачыла на мінулым тыдні журналістам Ганна Іванова з міністэрства аховы здароўя.
Раптоўная трансфармацыя ладу жыцця ў 90-х гадах паспрыяла ўзмацненню апатыі, у выніку людзі сталі менш звяртацца па медычную дапамогу, выраслі паказчыкі алкагалізму і вялікіх стрэсаў, асабліва ў кармільцаў сем’яў. Смяротнасць, звязаная з павышаным ціскам, перавышае сёння ў чатыры разы аналагічныя паказчык па ЕС.
Барацьба з дэмаграфічнай катастрофай ўжо некалькі гадоў з’яўляецца прыярытэтам Крамля. Улады намагаюцца запаволіць тэмпы змяншэння колькасці насельніцтва на працягу бліжэйшых дзесяці гадоў, а да 2025 г. аднавіць колькасць насельніцтва Расіі ў памеры 145 мільёнаў чалавек. Год таму Пуцін ўвёў даволі высокія выплаты для жанчын, якія нараджаюць дзяцей (асабліва другое і трэцяе дзіця), і ў Крамлі ўжо адзначылі поспех гэтай новай сямейнай палітыкі.
Колькасць народжаных ў Расіі сапраўды вырасла за апошнія месяцы на 8%, аднак эксперты ААН падкрэсліваюць, што пакуль нельга казаць аб якім-небудзь поспеху Крамля ў дэмаграфічнай палітыцы.
Паводле спецыялістаў, рост нараджальнасці, які мы зараз назіраем, выкліканы невялікім дэмаграфічным пікам 1980-х гадоў – прыйшоў час нараджаць жанчынам, што з’явіліся на свет падчас таго піку, і толькі гэта злёгку паляпшае статыстыку. Аднак неўзабаве ўсё вернецца да звычайнага стану, і калі ў Расіі не палепшыцца ахова здароўя, не зменшыцца ўзровень алкагалізму і не вырасце сярэдняя працягласць жыцця, то тады насельніцтва зменшыцца на 30% цягам бліжэйшых пяцідзесяці гадоў – папярэджваюць эксперты ААН.
Калі Расія не будзе латаць дэмаграфічныя дзіры сваёй згодай на наплыў імігрантаў, краіне будзе пагражаць эканамічны заняпад. Сёння ў Расіі працуе 10 мільёнаў легальных і нелегальных мігрантаў, галоўным чынам з постсавецкай прасторы і Кітаю.
Аднак, іх наяўнасць ўзмацняе ксенафобію расіян, якую выкарыстоўваць і пракрамлёўскія палітыкі. Так, мэр Масквы Юры Лужкоў мацуе сваю папулярнасць сярод іншага і захадамі па выгнанні нелегальных азербайджанскіх і таджыкскіх імігрантаў з маскоўскіх рынкаў.
У той самы час на Далёкім Усходзе, які становіцца ўсё больш бязлюдным, мясцовыя ўлады падаграюць гістэрэю вакол"кітайскай экспансіі", ахвочых жа перасяліцца на другі канец краіны ў еўрапейскай частцы Расіі пакуль не стае.
Крыніца: Gazeta Wyborcza
Пераклад: Новая Еўропа