Журнал для тех, кто думает по-европейски Волонтеры RSS English Подписка на новости ЖЖ-сообщество Реклама на сайте  

Идея Европы

 

Да Беларусі праз Еўропу

Віталь Сіліцкі, 28.04.2008

Рэцэнзія на зборник "Еўрапейская перспектыва Беларусі: інтэлектуальныя мадэлі"
Дадзены тэкст з'яўляецца скарочаннай версіяй аўтарскай рэцэнзіі, поўная версія якой будзе апублікаваная ў красавіцкім нумары ARCHE.
(Працяг абмеркавання. Пачатак глядзіце тут)


Цікавыя і своечасовыя кнігі трэба чытаць. Зборнік “Еўрапейская перспектыва Беларусі: iнтэлектуальныя мадэлі” пад рэдакцыяй Вольгі Шпарагі падаецца менавіта такой кнігай. Чытанне яе вымагае разумення канцэпцый і паняційнага апарату, які выкарыстоўваецца аўтарамі, пераважная большасць якіх, – гэта выкладчыкі філасофскага факультэту віленскага ЕГУ. Аднак менавіта філасофскага, канцэптуальнага асэнсавання як самаго фенамену Еўропы, дык і месца Беларусі ў ёй, суадносінаў беларускаі і еўрапейскай ідэяў і дыскурсаў у самой Беларусі адчувальна не хапае. Нават калі дадзены зборнік прачытае толькі некалькі сотняў чалавек, увядзенне ў карыстанне новых перспектываў, актуалізацыя новых схемаў самарэфлексіі і самаадчування, будзем спадзявацца, паспрыяе паляпшэнню якасці інтэлектуальнага і палітычнага дыскурсу ў Беларусі – прынамсі акурат такая праца дае надзею на паляпшэнне гэтай якасці. Перапісываць кніжкі ў рэцэнзіях для мяне заўжды было сумным і нецікавым. Таму я вырашыў замест гэтага проста выкласці пэўныя думкі, якія нарадзіліся ў працэсе чытання зборніку. Урэшце рэшт, менавіта стымуляванне мыслення ёсць мэтай любой добрай літаратуры – асабліва акадэмічнай.

Шматгранная Еўропа, шляхі інтэграцыі ў ЕЗ і нацыябудаўніцтва ў Беларусі

На адно пералічэнне усіх магчымых сэнсаў тэрміну “Еўропа”, можа пайсці некалькі старонкаў, на іх аналіз – некалькі жыццяў. Еўропа аднасова рэальна і міфічна, матэрыяльна і іманентна... Яна існуе і як фізічнае цела (кантынент), і як ідэя, і як супольнасць людзей, і як інстытут. Таму, калі мы размаўляем пра “еўрапейскую перспектыву”, то адразу ўзнікае пытанне, пра перспектыву ў якой "Еўропе" (фізічнай ці ўяўнай, рэальнай ці міфічнай) мы кажам? Еўропа філасофскіх дэбатаў і Еўропа палітычных інстытутаў, Еўропа футбольных баталій і Еўропа гандлёвых сувязяў, Еўропа акадэмічных абменаў і Еўропа прыгранічнага супрацоўніцтва – у гэтай шматпланавай, шматузроўневай і супярэчлівай прасторы знайсці і “вызначыць” сваё месца можа літаральна кожны, хто падзяляе самыя падставовыя каштоўнасці, якія гэтыя прасторы “сшываюць”. Менавіта з-за шматграннасці Еўропы, варыянтаў “еўрапейскай інтэграцыі” сапраўды безліч, прычым можна не і чакаць дзесьці адстаўшых на цывілізацыйным шляху суродзічаў. Можна стаць еўрапейцам у індывідуальным парадку і інтэгравацца ў іхні рынак працы – што сёння зусім не цягне за сабой перманентнай эміграцыі. Яшчэ меньш праблемна (дазваляла бы адукацыя) інтэгравацца ў еўрапейскія культурныя практыкі. Можна, седзячы ў аднапакаёвай хрушчоўцы, пачынаць свой дзень з эспрэса і Le Monde на стартавай старонцы інтэрнэт-браўзэра. […] Канешне, такая еўрапеізацыя мае свае выразныя абмежаванні Перарабіўшы трапную заўвагу Альміры Ўсманавай пра тое, што працэс нацыянальнага адзінства ў Беларусі прасоўваецца афіцёзам праз “абагульненне практык спажывання”, можна сказаць, што працэс “еўрапеізацыі” ў Беларусі пакуль што збольшага абмежаваны тым жа. З іншага, боку, менавіта практыкі спажывання легітымізуюць “еўрапейскія нормы” і ў іншых галінах жыцця.

Каштоўнасная інтэграцыя, хоць і стварае перадумовы для пабудовы агульных інстытутаў і паглыблення практык, таксама можа заставацца ізаляванай ад інстытутаў, часам вымушана з-за пэўнага ходу гістарычных абставінаў. Цэнтральна і ўсходнееўрапейскія інтэлектуалы, па вызначэнню іх брытанскага калегі Цімаці Гартана Эша, былі, за часамі Халоднай вайны, індывідуальнымі сябрамі еўрапейскай супольнасці і вольнага свету. Такая інтэграцыя была найперш праявай нонканфармізму і бунту супраць дыктатарскай рэчаіснасці, і шмат у чым гэты шлях паўтараецца і сённяшнімі беларускімі інтэлектуаламі. Што ж да інтэграцыі на ўзроўні практык і каштоўнасцяў, яна магчыма ў індывідуальным і дробнагрупавым фармаце. Інтэграцыя на ўзроўні інстытутаў магчыма толькі на ўзроўні палітычнай супольнасці. Яна вымагае вызначэнне еўрапейскай інтэграцыі як фундаментальнай мэты і каштоўнасці, аднак нават перад гэтым – інстытуцыяналізацыю (ў шырокім сэнсе) самой палітычнай супольнасці. Попрасту кажучы, неабходным чыннікам еўрапейскай інтэграцыі Беларусі як супольнасці (а не беларусаў ў якасці індывідуумаў, сем’яў, групаў ці арганізацыяў) ёсць канчатковае афармленне яе нацыянальнай дзяржаўнасці.

Паколькі праблематыцы нацыянальнага будаўніцтва ў зборніку было адведзена даволі шмат месца, то яго з’яўленне можа лічыцца своеасаблівым сігналам аб збліжэнні пазіцый двух адметных праеўрапейскіх плыняў на беларускім інтэлектуальным ландшафце. З аднаго боку, гэта адэпты “адраджэнскага праекту”, якія даўно выкарыстоўваюць лозунг “Беларусь у Еўропу” ў якасці палітычнай рачоўкі. З іншага, расейскамоўныя інтэлектуалы, якія доўгі час пазіцыянаваліся як “антыадраджэнскія еўрапейцы,” для якіх беларускі нацыяналізм і еўрапейскія каштоўнасці доўгі час былі не сумяшчальныя. Разрыў паміж гэтымі плынямі праходзіў зусім не толькі па балючым для беларускай інтэлектуальнай супольнасці моўным пытанні. Можа, шмат хто з маіх калег і не пагадзіцца, але “антыадраджэнская” дэмакратычная інтэлегенцыя першапачаткова выразна прытрымлівалася каланіяльных пазіцый, разглядаючы акурат памкненні да эмансіпацыі ад палітычнай і культурнай метраполіі як галоўную пагрозу ліберальным палітычным праектам на тэрыторыі Беларусі. Для шмат якіх прадстаўнікоў нашага інтэлектуальнага бамонду шлях у Еўропу ляжаў да самага апошняга часу калі не праз аэрапорт Шарамецява-2, то праз маскоўскія даследчыя інстытуты, універсітэты і бібліятэкі, але ў першую чаргу праз расейскія рэформы, галоўным ворагам якіх бачыліся нават не камуна-рэваншысты, а нацыянал-калектывізм адраджэнскай апазіцыі. […] За апошнія пятнаццаць год, абедзьве інтэлектуальныя плыні прайшлі працэс глыбокай эвалюцыі – хтосьці канчаткова расчараваўся ў лібералізуючым патэнцыяле Расіі, іншыя сталі больш цьвяроза ацэньваць шанцы на трыюмф беларускага нацыяналізму, калі ён застанецца замкнуты ў межах палітычнай і інтэлектуальнай субкультуры. Застаецца толькі спадзявацца, што дыялог колішніх апанентаў дасць плён і для працэсаў нацыянальнага будаўніцтва, і для еўрапеізацыі Беларусі.

Ці існуе еўрапейская альтэрнатыва?

Калі нацыяналісты-адраджэнцы прыходзяць да Еўропы праз Беларусь, то “ЕГУшныя лібералы” прыходзяць да Беларусі праз Еўропу. “Еўрапеізацыя” адраджэнскага дыскурсу не выклікае асаблівых пытанняў. У рэшце рэшт, нацыя як сродак самаарганізацыі грамадства – гэта суцэльна еўрапейскае ноў-хаў і таму казаць пра будаўніцтва беларускай нацыі ў адрыве ад пытання пра еўрапейскю будучыню Беларусі проста нелагічна. Акрамя таго, Еўропа ў нацыянальным дыскурсе ёсць сродкам дэкаланізацыі і палітычнай эмансіпацыі ад былой (?) метраполіі – у адрозненне ад Расіі, Еўропа для беларускага нацыяналіста гэта “не экзотыка” – нават калі беларускі нацыяналіст можа дагэтуль шмат для каго ў Еўропе і не толькі заставацца экзатычнай з’явай.

Што да нашых расейскамоўных лібералаў, то яны, падаецца, Беларусь “вылічылі” лагічным шляхам. Разважаючы пра сумяшчэнне еўрапейскага і нацыянальнага, Уладзімір Фурс у сваім артыкуле цікавіцца ў чытача, ці не дзіўна для апошняга, што “ліберал - ЕГУшнік” разважае пра тое, што афармленне беларускай нацыі ёсць неабходным чыннікам руху Беларусі ў Еўропу? Аднак, гэтая тэза наўпрост выцякае з логікі яго разважанняў: “далучэнне” да Еўропы ёсць палітычны праект, дзеля рэалізацыі якога неабходна палітыка як элемент грамадскага жыцця, якая ў сваю чаргу магчыма толькі ва ўмовах палітычнай супольнасці, якая і складае з сабе нацыю. Справа за малым – вызначыцца з працоўнай дэфініцыяй нацыі – аднак і тут на абодвух баках інтэлектуальнага ландшафту адбыліся значныя перамены, якія дазваляюць спадзявацца, што нацыянальнае пытанне стане аб’ядноўваючым, а не канфліктным, чыннікам для беларускай інтэлектуальнай супольнасці. […]

Еўропа ўяўляецца і яна прапагандуе сабе як прастора салідарнасці і дыялогу, аднак у той жа самы час яна наскрозь пранізана духам выключнасці і выключэння, які найбольш ёміста праяўляецца ў феномене еўропацэнтрызму. Шмат хто з аўтараў кнігі ўказывае на “падпарадкаваны” статус “новай” Еўропы ў адносінах да старой. Сапраўды, “старая” Еўропа не толькі дамінуе ў эканамічным і палітычным сэнсе, але і задае сваёй усходняй палове ўсю сістэму каштоўнасцяў і спосаб мыслення пра саму сябе, не падускаючы перыферыйных паўчужынцаў да святая святых – справы вызначэння ўласнага культурнага коду. Маючы на ўвазе, што зборнік пісалі пераважна філосафы, можна ўявіць, што менавіта такая эксклюзіўнасць Еўропы вызывае ў іх асяроддзі найбольшы дыскамфорт. Хаця з іншага пункту гледжання, такое ўяўленне пра ўсход Еўропы як новага “падпарадкаванага” характэрны найперш для левацкіх інтэлектуальных плыняў, прадстаўнікі якіх робяцца надзвычай папулярнымі ў беларускіх афіцыйных медыях. (У гэтым сэнсе, аналізы Альміры Ўсманавай і Андрэя Горных больш трапна выглядалі бы ў пары адзін з іншым).

Што да аўтара гэтых радкоў, то яму застаецца прыйсці да іранічнай высновы, што беларускім сантэхнікам, якія могуць нават не падазраваць пра сваю падпарадкаванасць, калі ад іх здольнасці перакрыць кран залежаць лёсы людзей, інтэгравацца ў Еўропу будзе нашмат хутчэй, чым беларускім філосафам. (Урэшце рэшт, гэтая выснова і выцякае з аналізу спадарыні Ўсманавай). Прымаючы пад увагу становішча на рынках працы нашых суседзяў, якія (рынкі) былі літаральна агалены масавай эміграцыяй маладых літоўцаў і палякаў у Англію і Ірландыю. Аднак, калі больш сур’ёзна, то працэс далучэння да Еўропы сапраўды зводзіцца да прыняцця каштоўнасцяў, інстытутаў і практыкаў, у вызначэнні якіх мы не прымаем удзелу. У самім гэтым працэсе дыскрымінацыі не больш, чым у навучанні школьніка па падручніках, якія апошні сам і не пісаў. Калі менавіта Еўропа здолела прапанаваць мадэль суадносінаў паміж людзьмі, супольнасцямі і дзяржавамі, якая грунтуецца на прынцыпе дыялогу і выключае прынцып татальнага знішчэння апанента, калі менавіта ЕС стаў мадэлью пабудовы стабільнага сусветнага парадку, які грунтуецца на прынцыпе таго ж самага дыялогу і ўзаемнай адказнасці, но нічога дрэннага ў еўрацэнтрычным свеце, якога так баяцца еўрапейскія ж паліткарэктныя інтэлектуалы, няма. Пытанне аб раўнапраўі паміж Захадам і Ўсходам – гэта не пытанне пабудовы “альтэрнатыўных” светапоглядных і каштоўнасных сістэм, а роўнага ўдзелу ў падтрыманні, развіцці і пашырэнні тых каштоўнасцяў, ідэяў і інстытутаў, што на сёння склалі аснову еўрапейскай цывілізацыі. І толькі далучэнне да гэтай супольнасці на ўсіх трох узроўнях – каштоўнасцяў, інстытутаў і практыкаў, - дае шанец на такое раўнапраўе. Калі нешта і можа быць прыкладам таго, як маленькія “падпарадкаваныя” краіны могуць заняць годнае месца ў сусвеце, дык гэта перадача старшынства ў Еўрапейскім Саюзе ад маленькай Партугаліі да маленькай Славеніі ў студзені 2008 г.

[…]

“Салідарнасць узрушаных” і супольная еўрапейская будучыня

Адзінства інтэлектуальнага дыскурсу безумоўна важны фактар у мацаванні еўрапейскага адзінства, але не меньш, а, магчыма, і больш істотна – гэта адзінства гістарычнага досведу. Таму мне падаюцца вельмі важнымі і актуальнымі разважанні Вольгі Шпарагі пра “салідарнасць узрушаных” – гэтую геніяльную формулу Яна Патачкі, якая выразіла сутнасць еўрапейскага адзінства і ў пэўнай ступені адлюстроўвала ўвесь raison d’etre еўрапейскіх інтэграцыйных працэсаў і праектаў. Траўма сусветных войнаў (якія найперш былі войнамі еўрапейскімі) і масавага знішчэння еўрапейцамі адзін аднаго, падштурхнула аб’яднаўчыя працэсы, натхняльнікамі якіх сталі Манэ і Шуман. Можна сказаць, што першапачатковы еўрапейскі праект, спавадаваны найперш жаданнем ніколі болей не мець еўрапейскі кантынент арэнай крывавых братазабойчых войнаў, быў даведзены да лагічнага завяршэння на ўзроўні “Еўропы 15” ў 1992-1995 гадах, калі быў створаны Еўрасаюз і пад сцягам ЕС аб’яднаўся, у той ці іншай форме (ЕС, Шэнгенская зона, Еўрапейская эканамічная прастора), увесь еўрапейскі абшар, які пазбегнуў камуністычнага панавання. Траўма і ператрус падзелу Еўропы у паваенны час таксама спавадавала экзістэнцыяльны страх яшчэ аднаго ўзроўню. Працэс пераадольвання яго быў пакладзены 9 лістапада 1989 года разбурэннем Берлінскага муру і быў даведзены да лагічнага завяршэння 1 траўня 2004 г. далучэннем да ЕС васьмі цэнтральна- і усходнееўрапейскіх краінаў. Нарэшце, трэці ператрус, які спавадавалі балканскія войны пачатку – сярэдзіны 1990-х гг., прымушае ЕС пашырацца ў паўднёва-ўсходнім накірунку. Гэтае апошняе пашырэнне найбольш кволае і непрадказальнае ў сваіх канчатковых выніках (незразумела, як паўнапраўнымі і адказнымі сябрамі еўрапейскай супольнасці могуць стаць тэрыторыі кшталту Босніі і Косава, само існаванне якіх як дзяржаўных адзінак без патранажу ЕС было бы немагчыма. А дзе вы бачылі, каб інвалід, які прыкаваны да шпітальнага ложку, вызначаў правілы працы і распарадак дня шпіталя?) Так ці інакш, узрушенне было неад’емным чыннікам, які вызначаў усю логіку і дынаміку працэсу будаўніцтва адзінай Еўропы – прычым гэтае ўзрушэнне не лакалізавалася ў рамках аднаго рэгіёну, яно было калі не трагедыяй, то драмай усяго кантыненту.

І ўсё ж такі, мы не можам сабе дазволіць раскошы не быць еўрааптымістамі. Калі еўрапейская ідэнтычнасць паўстае тады, калі “не адчуваеш сабе ані ў якой яе кропцы цалкам чужынцам”, то можна сказаць, што еўрапейцам робяцца тады, калі цябе ўжо немагчыма цалкам выпіхнуць з адной са шматлікіх еўрапейскіх “прастораў”. Еўрапейская перспектыва ў Беларусі не будзе выключаная ніколі – проста таму, што Еўропа ніколі не будзе для Беларусі суцэльнай экзотыкай – і наадварот. Еўропа як цывілізацыя пачыналася з вялікіх ідэяў, Еўропа як інстытут - з малых крокаў тэхнічнага характару. Калі гэтым малым крокам дадаецца неабходны філасофскі сэнс – наша еўрапейская будучыня выглядае ўжо і не такой безнадзейнай.