Фэстываль Эўропы ў Лондане, які штогод праходзіць на працягу двух тыдняў сакавіка ў самых прэстыжных halls брытанскага мегаполiса, уяўляе сабой спробу стварыць публічную інтэлектуальную прастору для абмеркавання iдэi Эўропы i сучаснай эўрапейскай палiтыкi. Такая пастаноўка пытання не выклікае здзіўлення ў стракатым кантэксце лонданскага мультыкультуралізму. Аднак ці ёсць культура сучаснай Вялікабрытаніі менавіта «эўрапейскай» культурай застаецца пытаннем для саміх арганізатараў. Магчыма, менавіта таму рэпрэзентацыя культураў краiнаў Цэнтральнай ды Ўсходняй Эўропы – Вугоршчыны ды Чэхiі як культураў «эўрапейскіх» у гэтым годзе займала дамiнантнае месца на фэстывалі. Вугорскiя ды чэскiя прамоўтэры добра папрацавалі падчас арганізацыі і здолелі змясціць культуры сваіх краінаў у цэнтар увагі. Сярод наведвальніц лекцыі я заўважыла дзяўчыну ў хустцы са славянскім арнамэнтам – магчыма, гэткая альтэрнатыва традыцыйнай антыглабалісцкай арафатцы сігналізуе пра змены ў лонданскай модзе.
Дарэчы, варта ўзгадаць, што культуртрэгеры ад Беларусі таксама робяць намаганнi для таго, каб палітычная і культурная сітуацыя ў краіне была заўважаная ў эўрапейскіх краінах і Вялікабрытаніі. Гастролi Свабоднага тэатра са спектаклем «Быць Гаральдам Пінтэрам» у Соха ў лютым 2008 г. – адзiн з крокаў да ажыццяўлення гэтага намагання.
Ва ўмовах мультыкультуралiзму як дамiнантнай у англасаксонскiм свеце культурнай матрыцы, “эўрапейская” культура ёсць хутчэй рудыментам высокай, элiтарнай культуры, якая захоўвае нацыянальныя прыкметы. Можна адзначыць, што масавая культура Брытанii гiбрыдная ў значна большай ступенi, чым культура эўрапейскіх краінаў, прадстаўленая на фэстывалі.
Бернар Стыглер, вядомы францускi тэарэтык i палiтычны фiлосаф, супрацоўнiк Цэнтра Жоржа Пампiду ў Парыжы, якога запрасілі на адкрыццё фэстывалю, i павiнен быў вытлумачыць, чым ёсць эўрапейскi лад жыцця, i што яго адрознiвае, дапрыкладу, ад амерыканскага.
Звяртаючыся да паняткаў Жыля Дэлёза ды Мiшэля Фуко, Стыглер казаў пра псiхаўладу як праяву сiстэматычнай арганiзацыі ўладнага апарата ў глабалізаваным свеце. Улада ўяуляе сабой механiзм, што мае дачыненне не толькi да палiтычнай арганiзацыi грамадства, але i да кантролю за свядомасцю. Напрыклад, такiя тэхналогii, як тэлебачанне цi iнтэрнэт ёсць прыкладамi абслугоўваючых уладны аппарат псiхатэхналогiяў. Яны скiраваныя на каналiзацыю ўвагi і спараджаюць своеасаблiвы дэфэкт паводзінаў і ўспрыняцця, названы Стыглерам дэфiцытам увагi.
Увага, як здольнасць да канцэнтрацыi на адным аб'екце, а таксама да клопату ёсць падставовым прынцыпам, якi фармуе асобу праз механiзм iндывiдуацыi – як на узроунi псiхiкi індывіда, так i на калектыўным узроўнi. Стыглер дапаўняе прапанаванае Дэлёзам у “Капiталiзме i шызафранii” даследаванне псiхiчнага ды сацыяльнага апаратаў паняткам звязаных з увагай сiстэмаў клопату, якiя ўтвараюць лiбiдынальную эканомiку. Апроч таго, французскі тэарэтык даводзіць, што праз такія механiзмы псiхаўлады, як маркетынг і рэклама ў грамадствах кантролю ажыццяўляецца манiпуляцыя ўвагай спажыўцоў.
Iнтэрнэт-прастора таксама ёсць прасторай манiторынгу i манiпуляцыi: самыя буйныя інтэрнэт-сэрвісы, такія, як google і yahoo, маюць у сабе адмысловыя функцыя, што кантралююць і адсочваюць дзейнасць карыстальнікаў гэтай сацыяльна-дыгiтальнай сеткi - напрыклад, убудаваная ў гугл-мэйл кантэнт-рэклама. Псіхаўладзе і кантролю ў інтэрнэт супрацьстаяць дзейнасць хакераў і магчымасць ствараць сацыяльныя сеткi. Масавы кантроль над увагай і адмысловая каналізацыя ўвагі ва ўмовах капіталістычнага ладу жыцця прыводзяць да заняпаду клопату. Наступствам, паводле Стыглера, будзе лiквiдацыя лiбiдынальнай эканомiкi - эканомiкі жадання i сублiмацыi як клопату пра аб'ект. Аснова цывiлiзацыi спажывання – незадаволенасць лiбiда, што спараджае разбуральнiцтва.
Стыглер перакананы, што эўрапейскi лад жыцця на сённяшнi дзень i ёсць спажываннем, i ўлічвае як жахлiвыя наступствы для iндывiда, якiя ён цягне за сабою, так і альтэрнатыўныя варыянты. Капіталізму, якi разбурае жаданне, увагу i клопат, можа быць супрацьпастаўлены іншы тып эканомiкі – эканомiка клопату. Стыглер нагадвае пра першапачатковае значэнне слова “economise” - клапацiцца. Для яго крызiс капiталiзма звязаны таксама з таксічнасцю iндустрыйнай вытворчасці, і ён спадзяецца на магчымасць новых ладаў жыцця як тэрапеўтычных спосабаў клопату.
Разважаючы пра новую сацыяльную прадуктыўнасць супольнага жыцця i узаемнага клопату ў свеце, філосаф распавёў пра свой досвед працы ў iнстытуце акустычна-музычных даследаванняў (IRCAM) пры Цэнтры Жоржа Пампiду. Музыканты ды праграмеры якiя працуюць пры гэтым цэнтры, выкарыстоўваюць адкрыты код, кіруючыся як галоўным стымулам для працы не прыбыткамi, але персанальнай зацiкаўленасцю ў музыцы і стварэнні даступнага для кожнага праграмнага забеспячэння. Стыглер таксама спадзяецца, што інтэрнэт як сацыяльная сетка, якая ёсць адначасова сеткай камунікацыі і вытворчасці, дае магчымасць гарманiзацыi апазiцыi вытворчасцi i спажывання.
Праводзячы параўнанне паміж Амерыкай i Эўропай паводле такіх параметраў, як спажыванне – вытворчасць, Стыглер адзначае, што ў Эўропе, у адрозненне ад Амерыкi, апантанай звышспажываннем, захоўваюца элементы лiбiдынальнай эканамiчнай сiстэмы. З-за ўсведамлення таго, што лiмiты дасягнутыя, эўрапейцы баяцца разбурэння свайго ладу жыцця і больш заклапочаныя экалагічнымі праблемамі. Што тычыцца Вялікабрытаніі, то яна ёсць прыкладам сімбіёзу англасаксонскай і эўрапейскай мадэлі са значным дамінаваннем англасаксонскай.
Адной з цэнтральных палiтычных тэмаў фэстывалю поруч са святкаваннем 50-х угодкаў Эўрасаюза, дыскусii наконт абрання эўрапейскага прэзiдэнта i правоу чалавека, стаў праект Мiжземнаморскага звяза. Прапанаваны праз Сарказi ў рамках «Барселонскага працэсу» новы план Маршала ўяўляе сабой адну са спробаў Францыi адстаяць свае iнтарэсы ў Магрыбе. Гаворка пра стварэнне Эўрапейска-Мiжземнаморскага звязу пачалася ў 1995 г. i мае быць падмацаванай стварэннем Мiжземнаморскага банку iнвестыцыяў, які хутчэй за ўсё будзе функцыянаваць па прынцыпах, што ляжаць у аснове дзейнасці такіх слупоў неалібералізму, як Банк рэканструкцыі і развіцця і Міжнародны валютны фонд.
Значная роля падчас фэстывалю была адведзеная дыскусii наконт спадчыны чэскага дысiдэнта i фiлосафа Яна Паточкi, вучня Гусэрля, якi прысвяціў значнае месца ў сваіх працах iдэi Эуропы. Ян Паточка прадбачыў геапалiтычныя наступствы глабалiзацыi i змену ролi Эўропы ў свеце пасля двух Сусветных войнаў, а таксама пачатак шматлікіх апісаных Стыглерам працэсаў. Сягаючы ў самы пачатак эўрапейскага мыслення i выкарыстоўваючы сакратычныя паняткi клопату i догляду за духам, Паточка бачыў ролю Эўропы ў пост-эўрапейскiм свеце як змягчальнiцы самадэструктыўных тэндэнцыяў. Развіццё тэхналогіяў i навуковыя iнавацыi, якiя паходзiлi з Эўропы i былі запазычаныя у iншых краiнах свету, прывялi да дэструктыўнага сцэнару развiцця. Роля Эўропы, на думку Паточкі, палягае ў змене самiх падставовых прынцыпаў.
Разам з Вацлавам Гавэлам Паточка быў заснавальнiкам «Хартыi 77» i браў актыўны ўдзел у аксамiтавай рэвалюцыi. Паточка памёр у вынiку палiцэйскiх допытау, адзiн з якiх цягнууся больш за дзесяць гадзiнау: на пытанне, чаму ён стаў прамоўцам ад «Хартыi 77», ён адказаў, што болей нiхто не меў на тое храбрасцi. Кнiга Яна Паточкi ў перакладзе на рускую мову нядаўна выйшла ў выдавецтве Логвінава.