Выхад зборніка "Еўрапейская перспектыва Беларусі: інтэлектуальныя мадэлі
" атрымаў даволі шырокі розгалас у беларускіх інтэлектуальных колах: у Міжнародным адукацыйным цэнтры была праведзеная прэзентацыя кнігі з удзелам большасці аўтараў, напісаныя тры рэцэнзіі, а таксама праведзены круглы стол адносна далейшай распрацоўкі тэмы "еўрапейскіх перспектываў Беларусі". Падрыхтоўка ўсіх матэр'ялаў адбываецца ў супрацоўніцтве з часопісам ARCHE.
Дадзены тэкст У. Навіцкага з'яўляецца скарочаннай версіяй аўтарскай рэцэнзіі, поўная версія якой будзе апублікаваная ў красавіцкім нумары ARCHE. Апроч рэцэнзіі У.Навіцкага, цягам наступных двух тыдняў увазе чытачоў "Новай Эўропы" будуць прэзентаваныя яшчэ дзве рэцэнзіі - В. Сіліцкага і Дзм. Карэнкі.
Рэдакцыя НЭ
* * *
Европейская перспектива Беларуси: интеллектуальные модели / сост. О. Шпарага. – Вильнюс: ЕГУ, 2007. – 280 с.
Кніга, выдадзеная ў рамках праекта ЭГУ, з’яўляецца зборнікам артыкулаў, аўтары якіх тым ці іншым чынам пазначылі сябе ў межах беларускай інтэлектуальнай прасторы. Яднаючай тэмай, як гэта бачна ўжо з назвы, выступае значная праблема – якое месца займае ідэя Еўропы ў працэсе вызначэння сучаснасці і будучыні беларушчыны. І першае, на што звяртаеш увагу пры чытанні кнігі, гэта перакананне, што аўтараў апроч адзінае тэмы яднае яшчэ і ў нечым аднолькавая пазіцыя ў дачыненні праблемы еўрапейскіх перспектыў Беларусі. Разважаючы наконт гэтай тэмы, амаль што кожны аўтар ці то ў якасці высновы, ці то ў рэжыме “лірычнай” маргіналіі, сцвярджае – “еўрапейскасць” гэта не рэч, якую можна прыдбаць, гэта, наогул, “якасць дзейнасці”. Дэканструюючы, з аднога боку, субстантыўныя версіі ідэі “Еўропы”, выяўляючы, з другога боку, наіўнасць большасці “заходнеарыянтаваных” спадзяванняў, артыкулы імкнуцца паказаць – прыналежнасць да еўрапейскай культуры вызначаецца не падтрымкай усталяваных норм, але здольнасцю да аўтаноміі ва ўсіх сферах дзейнасці, ад культурнай да грамадска-палітычнай. І гэта прыемна здзіўляе, бо аніякай “школы”, спасылаючыся на якую можна было б растлумачыць такую – хай і досыць шырокую, але ж пры гэтым добра адчувальную – еднасць, у Беларусі не існуе. Магчыма, гэта можна расцэньваць як нараджэнне калі і не адзінага, то з’ядноўваючага гарызонта мыслення аб тым, чым з’яўляецца Еўропа для Беларусі, і, адсюль, чым з’яўляецца Беларусь для нас саміх. Так гэта ці не, пакажа час, а зараз больш падрабязна наконт саміх артыкулаў і зборніка ў цэлым.
Кніга змяшчае восем артыкулаў беларускіх мысляроў, падзеленыя на чатыры тэматычныя блокі, а таксама тэкст Зыгмунта Баўмана «Незавершанае падарожжа ў Еўропу» і дзве невялічкія працы чэскага філосафа Яна Паточкі «Еўропа і еўрапейская спадчына да канца ХІХ ст. улучна» і «Войны ХХ-гa ст. і ХХ ст. як вайна».
Першы блок – «Беларусь і ідэя Еўропы», рэпрэзентаваны артыкуламі Вольгі Шпарагі («Шукаючы Еўропу, або «Ідэя Еўропы» ў прасторы дыялёгу») і Уладзімера Фурса («Беларускі праект “сучаснасці”?»).
* * *
Вольга Шпарага імкнецца выявіць тую амбівалентнасць ідэі “еўрапейскасці”, якая і дазваляе нам ацэньваць сучасную сітуацыю як “пошукі Еўропы”. Відавочна, што як для “Захаду”, так і для “Усходу” з новай сілай паўстае пытанне, праз што можа вызначацца прыналежнасць да еўрапейскага свету. У адносінах да Заходняй Еўропы такія праблемы ўзнікаюць у выніку гістарычнага перагляду базы Еўразвязу – калі напачатку самаго працэсу задзіночання панавалі эканамічныя і ваенныя інтарэсы (нездарма найбольш паспяховым прыкладам узаемадзеяння еўрапейскіх краін у 50-х гадах было Еўрапейскае аб’яднанне вугаля і сталі), то шэраг недахопаў такой арыентацыі, якія яскрава праявіліся ў 80-я, пазначыў “змену” прыярытэтаў з эканомікі і бяспекі да захавання супольнай культурна-палітычнай прасторы. Тым больш, што рубеж 80-90-х гадоў адзначыў і з’яўленне новых удзельнікаў еўрапейскай супольнасці. Таму і паўстае пытанне – на чым яна можа грунтавацца і дзе палягаюць межы “Новай Еўропы”?
Большасць інтэлектуалаў з Сярэдняй і Усходняй Еўропы сапраўды выступала за вяртанне да еўрапейскай культуры, часцей за ўсё ўвасобленай вобразамі “Захаду”, але гэта было толькі адным з вымярэнняў стаўлення да яе. Другім вымярэннем было расчараванне ў магчымасцях Заходняй Еўропы быць рэпрэзентантам еўрапейскай культуры. Але гэта расчараванне не проста пакінула былых “вернікаў” у роспачы, але было такім расчараваннем, якое “Абяртаецца імпульсам да мабілізацыі ўласных сілаў, зваротным бокам якой і становіцца заклік «памерці за Еўропу», або стаць большымі еўрапейцами, чым самі еўрапейцы” (с. 20). Таму інтэлектуалы гэтага рэгіёну апынуліся перад той жа праблемай – як сфармаваць вобраз “Новай Еўропы”, і якой павінна быць культура, якая можа ўвасобіць гэты вобраз.
Такім чынам, пошук Еўропы – супольны лёс як заходняга, так і цэнтральна-ўсходняга рэгіёну. Вольга Шпарага пазначае тыя накірункі, на якіх гэты пошук можа паспяхова ажыццяўляцца. Яны зададзены, па-першае, палітыкай у нарматыўным сэнсе – г.зн. не столькі функцыянаваннем дзяржынстытутаў, колькі плюралізмам каштоўнасцяў. Гэты аспект адсылае да праблемы сумяшчэння ідэалаў свабоды і супольнасці, паміж якімі звычайна існуюць адносіны супярэчнасці. Відавочна, што гэта сумяшчэнне не можа быць усталявана індывідуальным рашэннем, але патрабуе пастаяннага ўзнаўлення гэтай “хісткай” (І.Берлін) раўнавагі. Аўтар раскрывае стратэгіі забеспячэння падобнай раўнавагі з дапамогай ідэй Яна Паточкі (“салідарнасць узрушаных”).
Што гэта значыць для Беларусі? Перш за ўсё тое, што мы павінны сфармуляваць пазітыўны вопыт існавання на паграніччы, дзе адна з адной сутыкаюцца рознанакіраваныя сілы. Бо наколькі гэты вопыт можа быць падставай для роспачы, настолькі ж ён можа ў перспектыве стаць неабходным элементам уваходжання ва еўрапейскую прастору. Відавочна, што існуе ўзаемасувязь паміж талентам знаходзіць кропку узнаўлення раўнавагі ва ўмовах плюралізму каштоўнасцяў і існаваннем у рэжыме “паміж”. Таму высновай артыкулу можна лічыць словы “быць беларусам можа азначаць бесперапынна даследаваць – разумець і вытлумачваць – сваё памежнае існаванне з мэтай вызначэння «хісткай раўнавагі» культурнага, палітычнага і сацыяльнага наратыва з наратывамі суседзяў. Пры гэтым суседзі таксама маюць быць уцягнутыя ў падобнае даследаванне, сумесны ўдзел у якім … і можна ў выніку пазначыць як Еўропу” (с.39).
* * *
Уладзімер Фурс ў нарысе «Беларускі праект “сучаснасці”?» спрабуе паказаць, як на праблему еўрапейскіх перспектыў Беларусі ўплывае вызначэнне зместу мадэрнасці і глабалізацыі. Значнае месца ў тэксце даследчыка займае ідэя “шматстайных мадэрнасцяў” Айзенштадта, якая дазваляе адмовіцца ад еўропацэнтрызму клясічнага прагрэсізму. Але культуралагічныя інтэрпрэтацыі гэтай ідэі павінны быць аднесены да занадта праблемных варыянтаў, бо часцяком хаваюць за сабой арыентацыю ўсё ж такі на заходнееўрапейскі ўзор мадэрнасці. Па-другое, спрабуючы акрэсліць месца Беларусі ў еўрапейскай прасторы, мы не можам пакладацца на ідэю касмапалітызму – яна ў лепшым выпадку адлюстроўвае спадзяванне на надыходзячую эру “сусветнага грамадства”, рэпрэзентуючы, такім чынам, занадта спрошчанае разуменне глабалізацыі. Таму У. Фурс прапануе звярнуцца да ідэй Кастарыядзіса (Castoriadis), паколькі яны дапамагаюць растлумачыць “эмансіпатарскую” ідэю мадэрнасці без звароту ці то да канцэпцыі “вестэрнізацыі”, ці то да “культуралагічнага” разумення мадэрнасці. Апошняя звязваецца з ідэяй аўтаноміі індывідаў і грамадства – такога іх стану, пры якім яны ўсведамляюць сваё аўтарства ў дачыненні да існуючых сацыяльных інстытутаў. Відавочна, што гэтая ідэя не можа мець універсальны змест, бо кожны з выпадкаў гетэраноміі - стану, супрацьлегламу аўтаноміі - будзе ўзнікаць як сваеасаблівы выпадак, патрабуючы канкрэтнага тлумачэння і разумення.
Можна сказаць, што Беларусь толькі тады будзе здольная ўвайсці ў еўрапейскую прастору, калі ўсвядоміць існуючую ў межах Еўропы гетэраномію сацыяльна-палітычнага жыцця, акрэсліць яе канкрэтныя рысы і ажыццявіць пэўныя намаганні, патрэбныя для надання гэтай сферы аўтаномнага характару. Такім чынам, мы назіраем вынік, які можа падацца нечаканым для “ЭГУшнага «заходніка»” (як сам сябе акрэслівае аўтар): «якраз нацыяналізм уяўляецца найбольш адэкватным увасабленнем «ідэі Еўропы» ў сённяшняй Беларусі». Трэба мець на ўвазе, што тут маецца на ўвазе не “этнічны” нацыяналізм, але “грамадзянскі”, пры гэтым апошні ніколі не будзе мець завершанага выгляду – гэта заўседы імкненне да “не пустой (праздной), а практычна значнай” утопіі. Магчыма, этнакультурны нацыяналізм і мог бы рэпрэзентаваць саму сітуацыю пошуку аўтаноміі сучаснай Беларусью, але пры ўмове акрэслення сябе як “адной з” магчымых стратэгіяў – эксплікацыя самой магчымасці падобнага функцыянавання ажыццяўляецца аўтарам з дапамогай адпаведных ідэй Грамшы і Лакло. Тут маецца на ўвазе сама логіка гегемоніі, калі партыкулярная ідэнтычнасць пачынае ўвасабляць сабою ўсё сацыяльна-палітычнае поле цалкам, і такім чынам, заставаясь партыкулярнасцю пачынае функцыяніраваць як універсальнасць (рэвалюцыйны клас, “народ”, і г.д.). У выпадку сучаснай беларускай сітуацыі гэта значыць, відавочна, што беларускі этнічны нацыяналізм і сапраўды мог бы стаць з’яднаючым фундаментам аппазіцыйна настроенных сацыяльных груп – але пры ўмове, што ён будзе разумецца як адна з некалькіх магчымых праграм таго, што значыць быць беларусам.
* * *
Падрабязнае даследаванне дынамікі еўрапейскай ідэі і значэння яе адносна сучаснага стану Беларусі мы знаходзім у артыкуле Рыгора Мінянкова «Еўрапейская ідэнтычнасць як гарызонт беларускага ўяўлення», які распачынае другі тэматычны блок “Еўропа і яе іншыя: супярэчнасці расшырэння Еўропы”. Аўтар падкрэслівае, у першую чаргу, канструктыўны характар самой ідэі еўрапейскасці – з самага пачатку Еўропа была эфектам пошуку Еўропы. Яна не можа быць растлумачана як этнічная ці рэлігійная супольнасць (дарма што сам пошук еўрапейскасці адштурхоўваўся ад ідэі каталіцкага – усясветнага – з’яднання вернікаў). Іншымі словамі, гэта ідэя наогул не дапускае аніякага “арганістычнага” тлумачэння. Такім чынам, працягвае аўтар, можна пагадзіцца з Дыленці (Delanty), што праблема еўрапейскай ідэнтычнасці павінна разглядацца як: а) рэгулятыўная ідэя, якая рэпрэзентуе поліварыятыўнасць культурных форм; б) форма ідэалагічнага абгрунтавання ідэнтычнасці – рэпрэзентація ператвараецца ў “прэзентацыю” і блакуе альтэрнатывы акрэслення Еўропы; в) як вынік геапалітычнай рэальнасці. Гэта значыць, што ідэя Еўропы заўсёды функцыянавала дзякуючы падзяленню канкрэтных ландшафтаў на цэнтр і перыферыю. Такім чынам, можна бачыць, што адной з вызначальных рысаў вопыту еўрапейскіх культур з’яўляецца вопыт адрознення.
Трэба зазначыць, што практыка усталявання межаў тычыцца не толькі геаграфічных межаў, але таксама і размежавання самаго грамадства. Наогул кажучы, прэтэнзіі нацыі-дзяржавы (базавай формы існавання еўрапейскасці ва ўмовах першага мадэрна, які, у адрозненні ад позняга мадэрна, адсылае да уяўлення аб нерухомасці сацыяльных інстытутаў грамадства) рэпрэзентаваць сабою сканструяваную еднасць таксама ўвасабляюць сабою ўзаемадзеянне партыкулярных ідэнтычнасцяў у барацьбе за набыцьцё універсальнага статусу. Калі такі механізм робіцца бачным, ён становіцца досыць зручнай падставай для паслядоўной крытыкі еўропацэнтрызму – апошні страчвае як палітычныя, так і эпістэмалагічныя пазіцыі. Іншымі словамі, дэскрыдытуецца любая магчымая практыка і любое магчымае сцверджанне, якія тычыліся б панавання Еўропы ў астатніх частках свету.
Такім чынам, вызначальная роля межаў і легітымізацыя партыкулярнасцяў у іх плюральнасці абумоўлівае сучаснае становішча ідэі Еўропы. Якім чынам гэта тычыцца Беларусі? Успамінаючы Абдзіраловіча, Акудовіча, Бабкова і Булгакава, Р. Мінянкоў паказвае, што ідэя існавання на памежжах як важнай рысы беларускага вопыту, зволеная ад эссэнцыялісцкіх рысаў, досыць добра дапасоўваецца да агульнаеўрапейскага кантэксту. Не спыняючыся толькі на гэтых ідэях, аўтар імкнецца звязаць іх з канцэптамі гібрыдных ідэнтычнасцяў, мультыкультуральнага дыскурсу і сучасных варыянтаў касмапалітызму (Appiah, Beck).
* * *
Больш чым крытычнае стаўленне да праблем уваходжання Беларусь у агульнаеўрапейскую прастору дэманструе Альміра Усманава ў нарысе “Усходняя Еўропа як новы падпарадкаваны суб’ект”. Драматызм з’яднання Еўропы акрэсліваецца тымі праблемамі, з якімі сутыкаюцца прадстаўнікі Усходняй і Цэнтральнай Еўропы ў культурнай і сацыяльна-палітычнай сферах. Нягледзячы на заяўленую роўнасць усіх еўрапейцаў рэаліі функцыянавання палітыка-бюракратычнай машыны паддзяляюць сябраў “Новай Еўропы” на годных ды няўдалых.
Трэба разумець, працягвае аўтар, што са знішчэннем палітычных межаў засталася вялікая колькасць іншых межаў, часам не менш важных для магчымасцяў камунікацыі ды ўзаемадзеяння на шэрагу ўзроўнях, ад культурнага да сацыяльна-эканамічнага. Далей мы знаходзім факты, якія падмацоўваюць гэты тэзіс: узнікненне новых палітычных суб’ектаў, новых межаў, страта расійскай мовай функцыі міжнацыянальнай і ўніверсальнай мовы зносін, распадзенне калектыўнай гісторыі на самастойныя наратывы аб мінуўшчыне.
Апроч таго, зварот Усходняй Еўропы да заходніх палітычных, эканамічных ды культурных практык прывёў да ўсталявання непарушнай ідэалогіі, якая вызначае пануючую сістэму неалібералізму як адзіную магчымую і эфектыўную. Таму краіны Заходняй Еўропы маюць усе магчымасці дзейнічаць так, як ім падаецца найбольш адэкватным. Больш таго, сапраўдныя праблемы мы маем і ў сферах мас-медыяў (“вобраз усходнееўрапейскай мафіі”) ды вытворчасці ведаў. Усходнееўрапейскім інтэлектуалам даводзіцца пастаянна азірацца на сваіх заходнееўрапейскіх калег, хоць тыя не адчуваюць неабходнасці рабіць тое ж адносна першых - роўнасці ў акадэмічным дыскурсе не існуе.
Беларусь, такім чынам, выяўляецца тым месцам, дзе пэўныя сілы спрабуюць стаць у апазіцыі ўсяму неаліберальнаму свету, але пры гэтым зусім не супраць пабудаваць варыянт капіталізму ў межах асобнай краіны. Таму ідэя Заходняй Еўропы з’яўляецца ўсё яшчэ дзейнай для беларускіх інтэлектуалаў – менавіта яна дапамагае ім дыстанцыявацца ад існуючага рэжыму. Таму з памянёнымі вышэй праблемамі Беларусь сутыкнецца толькі пасля змены бягучага палітычнага курса: “Толькі тады або толькі ў тым выпадку, калі мы станем цікавыя самім сабе, можна будзе разлічваць на ўключэнне постсавецкіх тэарэтыкаў у працэс інтэлектуальнай глябалізацыі не на правах спажыўцоў, а ў пэўнай іншай якасці”.