Журнал для тех, кто думает по-европейски Волонтеры RSS English Подписка на новости ЖЖ-сообщество Реклама на сайте  

Политика

 

Саміт НАТО ў Бухарэсьце
Саміт НАТО ў Бухарэсьце

Вынікі саміту: каму гэта НАТО?

Зьміцер Казлоўскі, 14.04.2008

Шэраг рашэньняў, прынятых на саміце НАТО ў Бухарэсьце, пакідае мноства пытаньняў адносна мэханізмаў іх прыняцьця і пэрспэктываў паўночнаатлянтычнага супрацоўніцтва наогул. Арганізацыя, створаная ў якасьці вайскова-палітычнага блёку, паволі ператвараецца ў своеасаблівы клюб узгадненьня нацыянальных інтарэсаў розных дзяржаў, прычым ня толькі тых, хто мае ў ёй статус сябра.

Вынік 1: Альбанія і Харватыя - апошнія сябры Альянсу?

Той факт, што па выніках саміту толькі дзьве краіны, Альбанія і Харватыя, здолелі дамагчыся пазытыўнага вырашэньня пытаньня аб уваходзе ў НАТО, можа і ня ставіць канчаткова пад сумнеў выказваньне Генэральнага сакратара арганізацыі Яапа дэ Гопа Схэфэра пра магчамасьць далейшага пашырэньня блёку.[1] Але пра запавольваньне гэтага працэсу можна казаць ужо зараз. Паколькі рашэньне аб уваходжаньні той ці іншай краіны ў склад альянсу прымаецца кансэнсусам, заблякаваць яго можа нават адна з краінаў-сябраў. І як паказаў апошні саміт, прычыны для адмовы могуць быць розныя.

Грэкам не спадабалася афіцыйная назва Македоніі, а Парыж з Бэрлінам не захацелі псаваць стасункаў з Масквой, якая абараняе свае інтарэсы ў Грузіі і Ўкраіне. І найверагодней, што ў будучыні кожнай новай краіне будзе ўсё складаней патрапіць у жаданы “вайсковы клюб дэмакратычных краінаў”, бо далейшае прасоўваньне НАТО на ўсход будзе сутыкацца з усё мацнейшым супрацівам Расеі. І калі падчас прыёму першай групы краінаў былой Варшаўскай дамовы Крамлю бракавала ўплыву, дык сёньня - калі кошты на паліўныя рэсурсы рэгулярна абнаўляюць рэкорды, а залежнасьць Эўропы ад расейскіх энэрганосьбітаў толькі павялічваецца - Масква фактычна мае магчымасьць чужымі рукамі накладаць вета на многія рашэньні па пашырэньні паўночнаатлянтычнага альянсу. Пры гэтым, як паказвае прыклад Грэцыі і Македоніі, практычна любыя нявырашаныя спрэчныя пытаньні ў адносінах зь любой краінай-сябрам НАТО могуць стаць непераадольным бар’ерам на шляху да сяброўства ў арганізацыі.

Вынік 2: Паспяховы дыялёг з "расейскім мядзьведзем"?

Другім істотным вынікам саміту было рашэньне пра пашырэньне амэрыканскага антыракетнага шчыта на эўрапейскія краіны. Гэта, з аднаго боку, спрашчае задачу амэрыканскаму ўраду па ўсталяваньні элемэнтаў антыракетнай абароны (АРА) у Польшчы і Чэхіі, прымушаючы Расею весьці перамовы з цэлай арганізацыяй, а не з асобнымі дзяржавамі. Зь іншага боку, Расея атрымлівае новыя магчымасьці праз усё тых жа энэргазалежных партнэраў уплываць на прыняцьце рашэньняў у дадзенай сфэры.

Такім чынам, можна казаць пра пэўны посьпех расейскай зьнешняй палітыкі. Бо практычна ўсе пытаньні бухарэсцкага саміту разглядаліся праз шкло інтарэсаў гэтай краіны, што можа мець як свае перавагі, так і хібы. Так, з аднаго боку, цяпер можна казаць пра тое, што дыялёг Расеі з Захадам ідзе хутчэй шляхам узаемных саступак, чым пагрозаў. Зь іншага ж боку, гэтыя саступкі слаба павязаныя з паўночнаатлянтычнымі каштоўнасьцямі і хутчэй нагадваюць прагматычныя прынцыпы “realpolitik”.[2] У сваю чаргу, ігнараваньне каштоўнаснага вымярэньня можа вельмі дрэнна адбіцца на будучыні арганізацыі. Дык навошта тады такі дыялёг? Няўжо Захад і сапраўды паверыў у магчымасьць хуткай лібэралізацыі Расеі пасьля «абраньня» новага прэзыдэнта?

Вынік 3: Эўропа і Атлянтыка: кожная сама па сабе?

Яшчэ адна тэндэнцыя, якую дадзены саміт зрабіў больш заўважнай, – гэта супрацьстаяньне краінаў Старога і Новага Сьвету ў межах паўночнаатлянтычнага альянсу. Апроч адмовы прымаць у склад НАТО новых сябраў, чаго так актыўна дабіваўся прэзыдэнт ЗША, краіны Заходняй Эўропы практычна праігнаравалі запыт Амэрыкі на адпраўленьне дадатковага вайсковага кантынгенту ў Афганістан. Толькі Францыя пагадзілася выслаць тысячу жаўнераў, ды і тое – на тыя тэрыторыі, дзе актыўныя баявыя дзеяньні практычна не вядуцца.[3] Хоць трэба прыгадаць, што ў адрозьненьне ад вайны ў Іраку, вайсковая апэрацыя супраць Талібану была ў свой час ухваленая эўрапейскімі саюзьнікамі. Зразумела, што віна за гэта часткова ляжыць і на саміх Злучаных Штатах, якія праз вайну ў Іраку сталі нэгатыўна ўспрымацца выбаршчыкамі па ўсім сьвеце. А нацыянальныя ўрады, прынаймней у дэмакратычных краінах, ня хочуць ісьці насуперак волі свайго электарату.

Вынік 4: Чарговы крызіс міжнародных арганізацыяў?

Урэшце, варта адзначыць, што на саміце 3-4 красавіка па-за шырокай увагай засталіся пытаньні стратэгічнае мэты, задачаў НАТО, яе ролі ў новых ўмовах.[4] Фактычна, усё мерапрыемства зьвялося да адстойваньня дзяржавамі сваіх нацыянальных інтарэсаў, а часам нават інтарэсаў кіроўчых элітаў. Магчыма, вырашэньне стратэгічных пытаньняў адклалі да таго часу, пакуль у амэрыканскім Белым доме не зьявіцца новы гаспадар: як-ніяк, менавіта ЗША – галоўная вайсковая і палітычная сіла аб’яднаньня. Узьнікае адчуваньне, што пасьля пераможнага завяршэньня халоднай вайны страцілася матывацыя для далейшага разьвіцьця альянсу. А новыя выклікі апынуліся няздольнымі змабілізаваць дзяржавы-ўдзельніцы да больш глыбокага пераасэнсаваньня прызначэньня арганізацыі.

Увогуле, НАТО – не адзіная міжнародныя арганізацыя, якая перажывае зараз крызісны пэрыяд. Пра неабходнасьць рэфармаваньня структураў ААН гаворка вядзецца ўжо некалькі год. Інстытуцыі Эўрапейскага Зьвязу так і ня могуць пакуль здабыць дастаткова высокага ўзроўню даверу сярод грамадзянаў. Большасьць міжнародных структураў стваралася для вырашэньня пэўных задачаў. І з часам на іх ускладалася ўсё больш праблемаў, а колькасьць краінаў-сябраў няспынна расла, павялічваючы пры гэтым бюракратызм арганізацыйнага апарату і робячы яшчэ больш складаным працэс прыняцьця рашэньняў.

Але можа быць, цяперашняе існаваньне НАТО ў якасьці сваеасаблівай пляцоўкі для перамоваў – цалкам абгрунтаванае? І зараз проста няма глябальных праблемаў вайсковага характару, якія трэба вырашаць такім шырокім колам. Вось толькі калі такія праблемы зьявяцца, ці будзе альянс да гэтага падрыхтаваны?

________________________________

[1] Газета.

[2] Ведомости

[3] The Daily Telegraph

[4] The Economist