Журнал для тех, кто думает по-европейски Волонтеры RSS English Подписка на новости ЖЖ-сообщество Реклама на сайте  

Книги

 

Паэзія на высокіх абцасах

Віка Трэнас, 03.01.2007

Кудасава Н. Лісьце маіх рук. Менск: Логвінаў, 2006.

Дэбютная кніга Насты Кудасавай «Лісьце маіх рук» будзе цікавая самаму шырокаму колу чытачоў, у тым ліку яна прыйдзецца даспадобы найбольш патрабавальным і кшталтаваным аматарам паэзіі. Чаму? Адказ вельмі просты: вершы Насты, збольшага вытрыманыя ў клясычнай манэры, дэманструюць набыты аўтаркай у змаганьні з прозай жыцьця вопыт, а таксама эмоцыі ды рэфлексыі, блізкія літаральна кожнаму.

***

Я ня ўмею
даваць найменьні,
выключэньне –
любоў і боль <...>

(«Я ня ўмею...»)

У гэтых радках Наста дае зразумець, што ейная гераіня яшчэ толькі практыкуецца ў спасьціжэньні сьвету. Менавіта сам працэс усьведамленьня Быцьця ёсьць аб’ектам разгляду ў зборніку «Лісьце маіх рук». У пошуку «бездакорнага радка» паэтка зьдзяйсьняе падарожжа «ў вір ці вырай», у восень ці ў вясну, карацей – як па рэальных (напрыклад, па вуліцах Менску або Рагачова), так і па віртуальных маршрутах.

Паэзія Насты складаецца з прыватнасьцяў жыцьця лірычнай гераіні, тых прыватнасьцяў, якія яшчэ не прайшлі канчатковы шлях да фарміраваньня высокага ўзроўню абстракцыі, да ўзьнікненьня мастацкага вымыслу. Надзвычайная спавядальнасьць вершаў Насты – таму пацьвярджэньне. Менавіта падобныя дэталёвасьць і асабістасьць дазваляюць вершам Насты захопліваць сэрцы многіх чытачоў.

Можна сказаць, што ўсе творы зборніка яднаюцца ня пэўнай агульнай думкай (канцэптам), а хутчэй канкрэтным галоўным пачуцьцем – сумам. «Sum -- сум», -- піша паэтка ў монавершы, што адлюстроўвае нам пэўнага кшталту падлеткавы сьветапогляд, калі чалавек успрымае рэчаіснасьць не рацыянальна, але эмацыйна. У цэнтры ўвагі лірычнай гераіні – усеахопнае пачуцьце:

***
Боль.
Большы
за мяне <...>

(«Боль…»)

Агульная настраёвасьць, сентыментальнасьць (у Насты многа пейзажных і любоўных вершаў), жаноцкасьць якраз і ствараюць цэласнасьць кнігі «Лісьце маіх рук». Дарэчы, згаданая жаноцкасьць (у добрым сэнсе гэтага слова) ніколі не замінае таленавітай паэзіі, але наадварот – дапамагае выяўляць найбольш індывідуальныя рысы ў вершах той ці іншай прадстаўніцы прыўкраснага полу. Хаця прыхільнасьць Насты да клясычнай формы (маюцца на ўвазе традыцыйныя вершаваныя памеры) і філялягічная адукацыя ўсё ж зрабілі сваю маленькую «чорную справу». У зборніку ёсьць прысьвячэньні Марыне Цьвятаевай, прычым уплыў вядомай рускай паэткі на творчасьць Насты ў галіне вобразнай сыстэмы і стылістычных сродкаў, а таксама агульнасьць тэматыкі відавочныя. Гэта і паэтыка «ламанага» радка («Чысьціня», «Дома вечар...»), і ўжываньне мэлодыкі народных песень («Мармуровы арамат цела белага...» з цыклю «Багіня»). Неабходна таксама адзначыць пераасэнсаваньне біблійных матываў, фаталізм, неўтаймаванасьць і падкрэсьленая стыхійнасьць пачуцьцяў, уласьцівыя Цьвятаевай. Сама Наста прызнаецца:

***
заМАРЫНАваная Вашымі вершамі,
мая першая.

(«заМАРЫНАваная Вашымі вершамі...»)

Аднак прыгажосьць паэзіі Насты Кудасавай заключаная, канечне, не ў эпізадычных, выпадковых уплывах. Літаратар Серж Мінскевіч адзначае: «... Беларускае слова «кудаса» – гэта завіруха, замець, завея <...> Вершы – шчыра лірычныя, шмат якія зь іх прасякнуты эратызмам, то прыцішаным, прытоеным, то рознапарыўным...» Сапраўды, у вершах Насты даволі проста вылучаюцца апазыцыі вясны як жыцьцестваральнага пачатку і восені як пачатку разбуральнага. Дзеля доказу прывядзем два вершы:

***
Я патрабую траўня – спрэс ружовага,
З цукровымі аблокамі і юрам!
Я патрабую траўня пажыцьцёвага
І шчасьця пад пратэкцыяй Амура! <...>

(«Я патрабую траўня – спрэс ружовага...»)

***
На беларускіх вуліцах Кастрычнік.
На беларускіх вуснах немата.
Бадзяецца штодня ў маім абліччы
Самота ад сьвітаньня да маста <...>

(«На беларускіх вуліцах Кастрычнік.»)

Кніга Насты Кудасавай «Лісьце маіх рук» – прыклад, калі можна так выказацца, паэзіі на высокіх абцасах, паэзіі па-жаночаму вытанчанай і пачуцьцёвай, рафінаванай (задумлівай) і адначасна какетлівай. Што ж, засьведчым узьнікненьне ў нашай літаратуры новай, адметнай зьявы.

Настасься Фёдараўна Кудасава нар. у Рагачове 25 траўня 1984 г. Скончыла ў 2001 г. рагачоўскую СШ № 5, паступіла на філялягічны факультэт БДУ (аддзяленьне «Руская філялёгія»). Цяпер -- магістрантка філфаку БДУ, спэцыяльнасьць літаратуразнаўства. Друкуецца з 1999 г. у пэрыядычных выданьнях («Наша Ніва», «ЛіМ», «Новы час», «Дзеяслоў», «Маладосць»). Ляўрэат заахвочвальнай прэміі часопіса «Дзеяслоў», удзельнік альманахаў «Скрыпторый», «Літаратурны квартал», зборніку паэзіі «Яна і я». Першая і пакуль адзіная кніга паэзіі -- «Лісьце маіх рук»(Логвінаў, 2006).