Прэзэнтацыя беларускай вэрсіі ўсясьветна вядомага анімацыйнага поўнамэтражнага фільму «Шрэк-2» адбудзецца на наступным тыдні. Карэспандэнтка «Свабоды» ў ліку першых, яшчэ да прэм’еры, паглядзела мультфільм, а пасьля пагутарыла з каардынатарамі праекту.
«Шрэк-2» – гэта штохвілінныя жарты і пародыі; сьвет, у якім волат-людажэр Шрэк ратуе зачараваную прынцэсу Фіёну ад прынца на белым кані, а тая толькі радая; сьвет, у якім героі Асёл і Кот у ботах дуэтам сьпяваюць «Livin' La Vida Loca» Рыкі Марціна, а Пінокіё, падобны да Тома Круза ў стужцы «Місія невыканальная», разам з трыма парсючкамі выратоўвае вязьняў турмы.
Фільм пачынаецца з таго, што Шрэк і Фіёна вяртаюцца пасьля мядовага месяца, а ганцы прывозяць ад бацькоў Фіёны ліст з запрашэньнем у госьці. Да галоўных герояў далучаецца Асёл, і ўсе разам яны скіроўваюцца ў казачную краіну Трыдзясятае валадарства. Праўда, каралеўская сям'я ня ведае, што іх дачку зачаравалі ў веліканку і што яна ў шлюбе з балотнай пачварынай Шрэкам.
На думку прадусара дубляжу Франка Вячоркі, «Шрэк-2» сугучны зь беларускай рэчаіснасьцю.
(Вячорка: ) «У тым самым «Шрэку» ёсьць голы, цынічны, сквапны кароль, які ўсё робіць дзеля сваёй улады, рамантычныя героі, якія ніколі не перамагаюць, але заўсёды змагаюцца за праўду і справядлівасьць. Хапае месца, як і ў беларускай рэальнасьці, і для здрады, для сяброўства, для каханьня, розных нелегальных ці паўлегальных пагадненьняў. Карацей, «Шрэк» – гэта невялічкі мультфільмавы зьлепак зь сёньняшняй беларускай сытуацыі».
Удзельнікі праекту ня проста пераклалі тэкст, але і адаптавалі яго да беларускіх рэаліяў, кажа рэжысэр дубляжу Сяргей Патаранскі.
(Патаранскі: ) «Мы пастараліся зрабіць «Шрэка» беларускім. Нават думалі памяняць назву, бо ў беларускай міталёгіі ёсьць пэрсанаж Аржамень, таксама балотнік, добразычлівы, вельмі падобны сваім характарам да таго Шрэка. І, відавочна, беларускі «Шрэк» мае беларускі кантэкст. Мы паказалі некаторыя беларускія праблемы. Калі Шрэк у шоку ад таго, што прачытаў у падручніку з гісторыі Беларусі, ці калі працаўнікі фабрыкі Фэі пакутуюць ад праблемаў, зьвязаных з кантрактнай сыстэмай. Усё там вельмі канкрэтна і цікава паказана».
Над стварэньнем беларускага варыянту фільму «Шрэк-2» працавалі кінаактрыса Алена Хвайніцкая, музыка Макс Івашын, салістка рок-гурту «Індыга» Руся, актор Купалаўскага тэатру Юры Жыгамонт. Галоўнага героя Шрэка агучыў шоўмэн і музыка Аляксандар Памідораў.
Рэжысэр дубляжу Сяргей Патаранскі працягвае:
(Патаранскі: ) «Як кажуць, «роля лягла на актора». Шрэк беларускі ў Памідоравым увасабленьні – ну проста ідэал! Я ня ведаю, хто б яшчэ зрабіў так калярытна і так шыкоўна, падкрэсьліўшы непасрэдна і характар беларуса: такі балотны паляшук са сваёй простасьцю, абсалютнай сумленнасьцю, зь нейкімі сваімі хібамі, але з добрым сэрцам, зь вялікім каханьнем да сваёй дамы. Вядома ж, тут вялікае шчасьце».
Пры канцы жніўня дыскі зь беларускай вэрсіяй мультфільму «Шрэк-2» можна будзе набыць ў прыватных распаўсюднікаў.