03 September 2010, Friday

Дэкларацыя раз’яднання

Дэкларацыя раз’яднання

Нядаўна з’явілася “Дэкларацыя адзінства культуры”, пры дапамозе якой частка беларускіх інтэлектуалаў спадзяецца паўплываць на культурныя працэсы ў Беларусі. Гэты дакумент трэба разглядаць крытычна.

Аналізуючы ў сілу прафесіі безліч мастацкіх тэкстаў, даўно зразумела: наўпростгаварэнне – выказванне сваёй думкі наўпрост – ёсць грахом перад мастацтвам.

Гуманітарныя праблемы проста не вырашаюцца

Статьи по теме

Статей по теме этого материала пока нет


Як ні парадаксальна гэта гучыць, наўпроставае казанне – не заўсёды самы ўдалы шлях данясення сэнсу. Але ж наўпростгаварэнне ёсць праблемай любога, нават не мастацкага тэксту, зразумела, за выключэннем тэхнічных інструкцыяў да побытавай тэхнікі. Адсутнасць дэталяў і падрабязнасцяў, тонаў і паўтонаў, эпітэтаў і метафараў іншым разам выклікае колькасць пытанняў, несумяшчальную з разуменнем. І рэч не толькі ў асаблівасцях майго, спецыфічна заточанага крытычнага розуму, які заўсёды імкнецца зазірнуць за другі бок медаля. Справа ў тым, што ў сённяшнім ускладненым свеце сапраўды амаль не засталося гуманітарных праблемаў, якія б можна было вырашыць проста.

Працэсы, якія яшчэ 20 гадоў таму здаваліся непазбежнымі, страчваюць сваю актуальнасць, а словы, якія іх абазначалі, мяняюць сваё значэнне. Возьмем, для прыкладу, “Дэкларацыю адзінства культуры”, якая нядаўна з’явілася ў інтэрнэце як плён працы групы беларускіх інтэлектуалаў. Яе сэнс і задачы ўвасоблены ў наступным абзацы:

“Канфліктнасьць, якая панавала ў сфэры мовы, культуры і нацыятворчасьці доўгія гады, мела вынікам зьніжэньне агульнага ўзроўню актуальнай культуры. Яна захварэла на правінцыялізм і другаснасьць, калі цэнтры і першаўзоры культуры ў сьвядомасьці дзейных асобаў знаходзяцца не ў Беларусі, а дзесьці за мяжой - у Расеі ці на Захадзе. На нашу думку, гэтая другаснасьць будзе пераадоленая разам зь вяртаньнем да прынцыпу адзінства культуры”.

Трэба адмовіцца ад пазіцыі бінарызму ў беларускай культуры

Здавалася б, усё проста і ясна, як і павінна быць у дэкларацыі. Трэба аб’ядноўвацца, бо той, хто разам, – той моцны. “У адзінстве – сіла” – як пісалі раней неонам на савецкіх высотках. І вось відавочнасць і практычна нагляднасць гэтай формулы і прымушае сумнявацца ў яе слушнасці. Разумееце, за ўсё маё доўгае жыццё ніколі не давялося сустрэцца з заклікам раз’яднаць дзеячаў культуры! Заўсёды гучалі заклікі аб’ядноўвацца, але такія праблемы, як правінцыйнасць і другаснасць, застаюцца нявырашаныя - як у бесканфліктны савецкі час, так і сёння... Прывід адзінай савецкай літаратуры яшчэ доўга будзе блукаць па Еўропе, палохаючы якраз сваёй маналітнасцю, за якой стаяла гвалтоўнае падаўленне таго, што выбівалася з агульнага шэрагу…

Еўрапейская культура, спрабуючы пераадолець праблемы канфліктнасці і адрознасці найперш адмовілася ад пазіцыі бінарызму, якая праглядаецца ў прапанаванай “Дэкларацыі ”: “ Палова з нас гаворыць па-беларуску, а палова па-расейску. Палова падтрымлівае афіцыйную палітыку, палова крытыкуе яе. Палова супрацоўнічае зь дзяржаўнымі структурамі, палова працуе ў недзяржаўным сэктары”.

Еўрапейская культура пайшла па іншым шляху, выпрацаваўшы вобраз рызомы – заблытанай карэннай сістэмы, падземнага сцябла, у якім неадрозныя адросткі і атожылкі, валаскі якой рэгулярна адміраюць і вырастаюць нанава, знаходзячыся ў стане пастаяннага абмену з асяроддзем. Рызома, наогул, стала эмблематычнай фігурай сучаснай культуры.

Не павінна быць ніякай гаворкі пра нейкі універсальны код “беларускасці”

Такім рызаматычным карэнішчам бачыцца мне і сённяшняя нацыянальная культура. Яе суб’екты ўжо даўно існуюць у розных плоскасцях і часцяком нават не здагадваюцца пра існаванне адзін аднаго, што гаворыць не столькі пра нізкі ўзровень інфармаванасці, колькі пра істотнае павелічэнне колькасці суб’ектаў. Яны амаль не перасякаюцца, але яны аб’яднаныя – тым, што завецца Беларуссю. І не важна, што кожны з іх бачыць яе па-свойму і што мы да гэтай пары не дамовіліся – якія яе формы ёсць нацыянальнымі, а якія – не.

Усё роўна, Беларусь – гэта тое, што нас аб’ядноўвае рэальна, а не дэкларатыўна. І вось супраць такога разрэджанага аб’яднання, дзе ніхто нікога не будзе душыць і падаўляць аўтарытэтам, я не маю нічога сказаць. Але не ўпэўненая, што менавіта такая хаатычная рухомая культурная сетка мелася на ўвазе… На жаль, у дэкларацыі не прапісаныя ні дэталі, ні падрабязнасці, ні сістэма сувязяў, ні нават механізм і ўмовы запуску аб’яднання.

Безумоўна, хацелася б, каб нацыянальная культура была яркай, запамінальнай, а не другаснай і правінцыйнай. Аднак трэба прызнаць, што не існуе ніякага стандарту, крытэрыю, меры, якія б дазволілі аб’ектыўна ацаніць значнасць і “велічыню” той ці іншай культурнай формы, аб’ектыўна і аднамомантна вырашыць, наколькі яна будзе спрыяць працэсу нацыятворчасці. Таму не павінна быць ніякай гаворкі пра нейкі універсальны код “беларускасці”, які можа быць створаны ў выніку механічнага аб’яднання суб’ектаў культуры. Аб’яднанне - гэта не толькі ўзмацненне сілаў, але і ўсярэдненасць, якая зноў і зноў будзе пакідаць нас на пазіцыях правінцыялізму!

Што можа вывесці нашую культуру з канфліктнасці і правінцыйнасці?

Толькі якаснае і колькаснае павелічэнне галінак рызомы – суб’ектаў культуры, — якое можа быць плёнам граматнай культурнай палітыкі, можа вывесці нашую культуру з канфліктнасці і правінцыйнасці. Гэта магчыма толькі праз стварэнне спрыяльных ўмоваў, пры якіх развіваліся б не толькі добра вядомыя сёння культурныя асяроддзі, якія сёння знаходзяцца ў стане міжусобнай вайны, але і тыя, што сёння амаль не бачныя ў сілу розных прычынаў. Можа менавіта тыя, каго мы сёння не чуем за звонам культурных баталіяў, якраз і ствараюць той арыгінальны, непаўторны культурны прадукт, які прымусіць увесь свет зацікавіцца нашай нацыянальнай культурай?

Роўныя ўмовы для развіцця культурных асяроддзяў і суб’ектаў, аднолькавая эканамічная і інфармацыйная іх падтрымка зніме і канфліктнасць. Множнасць шматлікіх адрозненняў, якія паводзяцца ў сваіх узаемасувязях хаатычна, выключаюць усякую мажлівасць апазіцыяў і супрацьстаяння. Калі няма ярка выражанай розніцы паміж суб’ектамі культуры – то няма і вайны.

Зноў жа, неабходнасць падтрымліваць шматгаліновую недыферынцыяваную структуру пазбавіць дзяржаву магчымасці фінансава падкормліваць адно ці некалькі культурных адгалінаванняў… І гэта, без усякага сумневу, вырашыць палову сённяшніх канфліктаў. Бо якімі б словамі людзі культуры не вытлумачвалі свае міжусобныя войны, прычыны іх палягаюць пераважна не ў канкурэнтнай барацьбе за спажыўца, а проста і банальна – у перадзеле кволых грашовых струменьчыкаў…

Новости партнеров: RedTram
Комменты
ганна
11-03-2010 | 21:12

Мажліва аўтары дэкларацыі проста не бачаць дыскусіі вакол яе... А выглядае, што яны ад яе ўхіляюцца.
Мне здаецца, што нехта ўжо паабяцаў уладзе славу і грошы: у хакеі і на Еўрабачанні.

ганна
11-03-2010 | 21:08

Тое, што тэкст не быў ўзгоднены са мной, не азначае, што яго не бачылі іншыя "падпісанты":) Але яго аўтар вельмі блізкі мне па духу чалавек, таму я не стала пратэставаць. Тым больш, што сапраўды была непадалёк, калі дэкларацыя стваралася:)
Іншым разам, напэўна, важна не столькі тое, што напісана ў маніфесце, колькі сам факт яго з'яўлення. Трэба, каб было ад чаго адштурхоўвацца, каб рухацца наперад, узгадняючы пазіцыі.

подруга
11-03-2010 | 10:55

но еще хороший вопрос, как именно создавать объединения? ганна, вы вот обсуждали этот манифест до того, как он вышел? не вообще, а именно его текст? с авторами и другими участниками. если нет, если кто-то один его написал и сделал вид, что все другие его подписали, то это уж точно никакое не объединение. и не от таких ли "объединений" все беда?

Ю.Б.
11-03-2010 | 14:13

Калі аўтары дэкларацыі ўхіляюцца ад дыскусіі - значыцца, да аб'яднання з іншымі коламі яны не гатовыя, і дэкларацыя - пустыя словы.

Вы паабяцайце прыцягнуць у краіну інвестыцыі і праславіць Беларусь за мяжой - вось тады дзяржава адгукнецца.

ганна
11-03-2010 | 08:25

У якасці ілюстрацыі прапаноўвала падземную частку бульбы -- там і асобныя валасінкі, і цэлыя бульбінкі, вельмі наглядна... Гэта я да чаго? Раз'яднанне -- гэта ж не платы паміж творцамі. Нехта можа працаваць толькі на самоце, некаму патрэбны хаўруснік, а некаму -- вялікае кола аднадумцаў, каб правесці, да прыкладу, вялікі фэст... Было б не лагічна адмаўляць людзям яднацца, калі такое яднанне дапамагае рашаць канкрэтныя творчыя задачы.
Я супраць таго, калі творчыя саюзы ператвараюцца ў прафсаюзы, як здарылася тое з Саюзам пісьменнікаў. На мой прыватны погляд, сёння такое невялікае аб'яднанне як перакладчыцкая майстэрня робіць для нашай культуры больш, чым абодва пісьменніцкія саюзы разам.

Уважлівы чытач
10-03-2010 | 20:28

Ганна, цяжка з Вамі не пагадзіцца па большасці пунктаў (хоць чуткі пра тое, што Маніфест Культурнага Адзінства, атрымаў шырокі рэзананс, яўна перабольшаныя), але вось такое пытанне: калі паслядоўна прытрымлівацца прынцыпу культурнага раз'яданнання, то бок плюралізацыі культуры, то неяк атрымліваецца, што нікому і ніколі нельга рабіць захады па аб'яданнанні тых ці іншых інінцыятываў (бо стратэгічна гэта можа быць апраўдана). Адзінае, што, канешне, цалкам аб'яднаць культуру не магчыма (і не трэба), аднак у праве на аб'яднанне хіба таксама нельга адмовіць, не?

Post new Comment

Содержание этого поля является приватным и не предназначена к показу.
CAPTCHA
Protection from spam
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.