Блыха пад мікраскопам
Блыха пад мікраскопам
Дзеячы беларускай культуры жадаюць патрапіць у публічную прастору, але там іх можа чакаць камунікатыўны правал. Таму любы творца мае быць хоць трошачкі акторам.
Алесь Разанаў, геній нацыянальнага пісьменства, неяк заўважыў, што ёсць глыбокая заканамернасць у тым, што ад нябогі адбіраецца апошняе, а заможнаму даецца звыш таго, што ён мае. Гэтая заўвага датычыла культурнай спадчыны, якой, на думку паэта, валодае той, хто мае моц засвоіць яе. Той жа, хто гэтай моцы не мае, у лепшым выпадку будзе яе захавальнікам.
Талент патрабуе абслугоўвання
Цікава, што амаль тыя ж словы гаварыў адзін вядомы беларускі бізнесовец, калі пачуў скаргі пра адсутнасць грошай на культурныя праекты. На яго погляд, мала знайсці грошы, самі грошы трэба даглядаць і песціць, любіць і абслугоўваць, вырошчваць і памнажаць.
Прадаўжаючы думку, прыходзіш да высновы: аднаразовае фінансавае ўліванне ў культуру не мае сэнсу, калі не знайсці механізму памнажэння – не толькі культурнага прадукту, але і тых сродкаў, якія далі магчымасць яго здзейсніць.
Тое ж можна сказаць і пра такі дар як талент… Талент, дадзены слабому чалавеку, у большасці выпадкаў становіцца прыладай самаразбурэння, якое праяўляецца самымі рознымі спосабамі – ад вербальнай незадаволенасці сабой і светам да звычайнага побытавага п’янства. Ён, як і грошы, патрабуе абслугоўвання – не толькі несупыннага пашырэння ведаў і кругагляду яго носьбіта, але і мастацкага ладу існавання, пастаяннай гатоўнасці вынесці сваё прыватнае на агульную сцэну, ахвяравання сваімі інтарэсамі, густамі, звычкамі ў імя мастацтва.
Між тым, рэдка хто з творцаў спрабуе суаднесці маштаб сваёй асобы з велічынёй дадзенага прыродай дару. Большасць наракае на знешнія абставіны – лёс, неразуменне блізкіх і родных, няправільную культурную палітыку, тупасць і недальнабачнасць крытыкі, непадрыхтаванасць чытачоў… І, зразумела, адсутнасць грошай, якія павінны запусціць механізм любові і разумення.
Усе творцы жадаюць трапіць у вечнасць
Неверагодна, але большасць творцаў, успрымаюць сябе носьбітамі шапкі-невідзімкі, якую злы рок надзеў ім на галаву і з-пад якой яны ніяк не могуць выбрацца. Не перастаеш дзівіцца тактыцы, з дапамогай якой творцы спрабуюць выйсці з ценю гісторыі.
Ці не самы яркі прыклад – выданне тамоў па гісторыі нацыянальнай літаратуры, якое не першы год ажыццяўляе акадэмічны Інстытут літаратуры. Класікаў, зразумела, не ўлічваем, а вось жывыя пісьменнікі гадамі скардзяцца на калектыў “Гісторыі…”. “Як так, - абураюцца яны, - маё імя згадалі два разы, а майго сябра Добчынскага-Бобчынскага – тры?” І даймаюць гэтымі скаргамі ўладу ўсіх узроўняў, спараджаючы падазрэнне – можа, і сапраўды квіток у вечнасць ляжыць на старонках няхітрага акадэмічнага выдання?
Ад сваёй фатальнай адсутнасці ў культурным працэсе творцы спрабуюць пазбавіцца як цёткі бальзакаўскага веку ад вянца бясшлюбнасці! Хіба што да экстрасэнсаў не звяртаюцца…
Яны "заляцаюцца" да кожнага, хто хоць раз адарыў іх кампліментам і бязбожна “троляць” уяўных канкурэнтаў.
Яны распачынаюць дыскусіі ў друку з крытыкамі, якія іх пакрыўдзілі, пішуць скаргі на рэдактараў часопісаў і ў падаткавую – на выдаўцоў і арганізатараў выставаў і канцэртаў… Заводзяць блогі і сайты, падтрымліваючы цікавасць да іх з дапамогай усё таго ж тролінгу або, да прыкладу, фотаздымкаў з паўаголенай уласнай натурай. Ім сапраўды здаецца, што экраніраванне іх асобы на шырокую аўдыторыю дасць імгненны і ўстойлівы вынік – пашырэнне кола спажыўцоў іх культурнага прадукту, а ў перспектыве - грошы і славу.
Замест вечнасці - на старонкі інтэрнэту і тэлебачанне
Увогуле, вынас асобы на публічную сцэну – рэч тонкая і небяспечная. Пашырэнне фармату можа саслужыць дрэнную паслугу, асабліва ў тых выпадках, калі сфера дзейнасці творцы не звязаная з наўпроставай працай з аўдыторыяй. Хутчэй адмоўны, чым станоўчы вынік атрымаўся, калі беларускія пісьменнікі прыйшлі на старонкі інтэрнэту – толькі адзінкі здолелі заваяваць інтэрнэт-аўдыторыю і адчуць сябе натуральна на новай культурнай пляцоўцы. Большасць жа і тут прадаўжаюць скардзіцца на няўвагу чытачоў і калегаў, шукаючы прычыны ў знешніх абставінах.
Яшчэ весялей назіраць за тымі нешматлікімі творцамі, якія прарваліся на экран тэлевізараў. Тэарэтычна, разлік правільны – немагчыма палюбіць таго, каго не ведаеш. Але тэлеэкран – гэта велізарная лінза, якая павялічвае не толькі вартасці, але і недахопы. Як блыха пад шклом мікраскопа ператвараецца ў пачвару са страшнай сківіцай, так і творца ў тэлевізары можа папросту ператварыцца ў непрыгожага актора з дрэннай дыкцыяй і недагледжаным тварам.
Некалькі гадоў таму давялося бачыць у праграме, прысвечанай культуры, цудоўную маладую пісьменніцу, аднолькава моцную ў прозе, паэзіі ды драматургіі… Якое ж было маё здзіўленне, калі праз нейкі час мне сталі тэлефанаваць людзі, па жыцці далёкія ад літаратуры, з абурэннем – “гэта і ёсць твае беларускія пісьменнікі?” Прэтэнзіі датычылі знешняга выгляду і манеры трымацца.
Ці мае пісьменнік права быць не гламурным?
Растлумачыць ім, што пісьменнік мае права быць не гламурным, было складана. Але тыя размовы хаця б падрыхтавалі мяне да ўспрымання крытыкі ўжо ў свой адрас, калі я пасля такой жа праграмы трапіла пад інтэрнэт-расстрэл з нагоды колеру маіх валасоў. Наіўная, я думала, што людзі перад экранам мяне слухаюць… А яны толькі глядзяць і ацэньваюць, выбіраючы нас так, як выбіраюць тавар у краме – пад свой агульны густ.
Я не ацэньваю сітуацыю як тупіковую. Проста хачу нагадаць, што жывучы ў грамадстве спектаклю варта помніць, што любы творца мае быць хоць трошачкі акторам. Чалавекам, які лёгка асвойвае новыя сцэнарыі і пляцоўкі, думае над стратэгіяй сваіх паводзінаў, і патэнцыйна гатовы да камунікатыўнага правалу. Мала мець талент, трэба навучыцца ім кіраваць – на радасць сабе і людзям.
На фота: ток-шоў "Выбар" па АНТ з удзелам Ганны Кісліцынай




Нешта канцоўка такая драбязная,ці што, атрымалася ў параўнанні з пачаткам і сярэдзінай.
"Талент патрабуе абслугоўвання" - гэтая частка шыкоўная.
А што на экране глядзяць - то чаму здзіўляцца, калі пісьменніка ці крытыка раз у пяцігодку выпускаюць на гэты экран? Дзіва ж: замест чыноўнікаў - творцы, от і лупяць вочы...
Дзякуй за цікавыя думкі - я зьмяніў сваю апінію пра Вас ў значна лепшы бок!
дзякуй!
Браво, Анна,с почином на Новой Европе.
Post new Comment