Неяк у размове з калегай-перакладчыцай узнікла тэма: чаму кнігі займаюць такое цэнтральнае месца ў чалавечым жыцці? Чаму, напрыклад, калі што дзе не так, дык першай справай добрыя людзі – ну кнігі паліць? Канечне, звычайна не толькі кнігі, але ж і кнігі нароўні з вядзьмаркамі ды іншымі лішнімі людзьмі.
Пералічыўшы і перабраўшы шэраг варыянтаў – ад “крыніцы ведаў” праз “разумнае, добрае, вечнае” і да цаглін у сусветным “храме культуры” – мы ўсё ж прыйшлі да высновы, што кнігі не ёсць асноўным у жыцці чалавека, гэта і заўжды было відавочна, а тым больш цяпер, калі дзеці вучацца чытаць хіба не па інструкцыях да кампутарных гульняў.
Але нешта галоўнае ў жыцці ж ёсць, нейкі бэйсік, без якога немагчыма выжыць, прынамсі захаваўшы розум... ну, павінна ж быць. Што дапамагае жыць, калі ўсё іншае замінае, ці, ва ўсялякім разе, не спрыяе?
Тое разумнае, добрае, вечнае, пра што кнігі, тое, што ў кнігах часцей за ўсё закранаецца, не заўжды дапамагае жыццю. Утопіі, а роўна і антыўтопіі разумных пісьменнікаў з іх свінымі фаланстэрамі і фермамі сонца, канечне, шмат чаму вучаць, як і гісторыі няшчаснага кахання Рамэа да Гамлета ці первертыўнай жарсці Гумберта да Лэйлы.
Кнігі надаюць жыццю смак, ператвараюць існаванне ва ўласна жыццё, але калі справа тычыцца выжывання як індывідуума, трэба нешта іншае, чым экзістэнцыйныя пытанні, звычайна парамі раскіданыя па старонках кніг, кшталту: жыццё-смерць, любоў-нянавісць ці там праўда-хлусня, вера-бязвер’е і іншае на розных узроўнях. Яно ўсё фармуе, напэўна ж так, асобу, але што дапамагае гэтай, сфармаванай соцыюмам, выхаваннем і ўсё ж, відаць, кнігамі асобе сябе захаваць?
Не хацелася б выглядаць гэткім дамарослым Бергсонам, але здаецца, што гэтае “тое самае” – смех. Не такі, з якім чалавецтва развітваецца з мінулым, і нават не той, што дадае гадзіны ці дні жыцця (хаця чаму б і не), а той самы, які прыкмета, бо без прычыны. Натуральная прырода смешнага не аднойчы й не двойчы апісаная шматлікімі тэарэтыкамі. Асаблівы гумар, выпрацаваны, лічыце, любой гнянай, прыгнечанай, паражанай у правах суб- ці проста культурай – таксама доказ неабходнасці смешнага для выжывання. Ну і вядома шматлікія прыклады на індывідуальным узроўні, гісторыі людзей, якія прайшлі пекла войн ці лагераў, а то і таго, і другога, разам ці напераменку…
Усеагульная універсальнасць смеху як з’явы не патрабуе, здаецца, вылучэння ці падкрэслівання. Але дэфініцыя смеху ў якасці “асноўнага інстынкту” выжывання, захавання розуму і цэласнасці асобы патрабуе таго, на што мне было ў папярэдне згаданай размове з калегай паказана, а менавіта – пары. Парнасці, на якой будуюцца кніжныя праблемы і ўсё астатняе, найважнейшае, грунтоўнае – дзень-ноч, інь-ян, жыццё-смерць, зноў жа…
У чым антытэза смеху, неабходная асноўнаму элементу дыялектычная супрацьлегласць? Даволі доўга я не мог зайсці адказу, амаль гатовы быў прызнаць, што памыліўся і смех не ёсць тым, што я пра яго напрыдумваў. Пакуль аднаго разу не сцяміў. Ну вядома ж. Так проста. Так – і праўда што – элементарна… Страх.
Ведаеце, калі дзеці перастаюць лятаць у сне? Калі пачынаюць баяцца.
| Поисковое продвижение сайта с гарантиями за результат |
Отправить комментарий