Другі год культурніцкай “адлігі” ў Беларусі выдаў на публіку многае з таго, што доўгі час існавала выключна ў выглядзе праектаў і не выходзіла за межы галоваў літаратараў, мастакоў ды грамадскіх дзеячаў. Падобна, што айчынныя культмэны, якія доўга запрагалі, вырашылі ўрэшце ірвануць з месца ў кар’ер.
Разнастайныя культурніцкія тусоўкі, выставы і праекты ладзіліся і раней. Але ў 2009 годзе яны набылі размах і вялікую колькасць еўрапейскіх партнёраў. На прыкладзе некаторых з такіх праектаў можна вылучыць асобныя тэндэнцыі, што былі ўласцівыя сёлета беларускай нямасавай культуры.
1. Разам нас багата!
Культурніцкая кампанія “Будзьма!”, якой у кастрычніку споўніўся год, працягнула важную леташнюю тэндэнцыю — імкненне да супрацоўніцтва. Падтрымаўшы заклік да калектывізацыі па нацыянальнай прыкмеце, больш як 60 грамадскіх аб’яднанняў пасунулі асабістыя інтарэсы на карысць супрацы з калегамі. Як вынік — мерапрыемствы сталі менш палітызаванымі, лепей арганізаванымі і больш даступнымі грамадству дзякуючы добрай рэкламе.
За год кампанія стала ініцыятарам 927 мерапрыемстваў: літаратурных імпрэз, экскурсій, канцэртаў, мастацкіх выставаў, лекцый па рэгіянальнай гісторыі ды помніках. Кампанія ахапіла больш як 100 гарадоў Беларусі. Бліжэй да сваёй культуры сталі 75 тыс. беларусаў з розных гарадоў краіны.
Акрамя таго, “Будзьма!” не стала адмяжоўвацца ад дзяржавы і ўзяла курс на стасункі з чыноўнікамі ў культурніцкай сферы. Агромністы сумёт у грамадска-дзяржаўных адносінах пачаў-такі паціху раставаць, а беларуская культура пакрысе выходзіць са шматгадовага андэграўнду ды самаізаляцыі.
2. Праверка на талерантнасць
Месяц супраць гамафобіі, які праходзіў у красавіку-траўні 2009 года, стаў першай доўгатэрміновай грамадскай кампаніяй за правы нетрадыцыйнай супольнасці. Акцыя праваабарончага праекту “ГейБеларусь” і Беларускай ініцыятывы за сэксуальнае і гендэрнае раўнапраўе, прымеркаваная да Міжнароднага дня супрацьстаяння гамафобіі, была закліканая прыцягнуць увагу да праблемаў ЛГБТ-супольнасці (лесбіянак, геяў, бісэксуалаў, транссэксуалаў), а таксама разбурыць міфы адносна сэкс-меншасцяў.
Кампанія дала магчымасць беларусам нетрадыцыйнай арыентацыі гучна заявіць пра свае правы. У выніку, за адзін месяц Беларусь пачула пра “каляровую” супольнасць болей, чым за папярэднія гадоў дзесяць. Дзякуючы мноству квір-вечарын з вольным уваходам, значная колькасць беларусаў атрымала магчымасць разабрацца ў “нязручнай” тэме і параўнаць становішча ЛГБТ-супольнасці ў сваёй краіне і ў свеце. Акрамя таго, у Беларусі пачала працу першая ў СНД камісія па правах лесбіянак, геяў, бісэксуалаў і транссэксуалаў.
Месяц супраць гамафобіі стаў лакмусавай паперкай, якая спраўдзіла ўзровень талерантнасці беларускага мастацкага і палітычнага свету. У адрозненне ад большасці палітыкаў, творцы гэтую праверку з годнасцю вытрымалі. Многія беларускія музычныя і літаратурныя зоркі — такія як Кася Пытлева ці Валярына Кустава - не толькі выказаліся ў падтрымку людзей іншай сэксуальнай арыентацыі, але і ўзялі актыўны ўдзел у арганізацыі ды мерапрыемствах кампаніі.
3. На прастор, на шырокі прастор!
Міжнародны арт-фестываль нетрадыцыйнага мастацтва “Дах-9” у жніўні-верасні прарваў доўгатэрміновую блакаду ў сферы сучаснага беларускага і сусветнага мастацтва. Упершыню актуальнага мастацтва было так шмат і ў адным месцы. Здаецца, беларускім творцам урэшце надакучыла жыць у межах рэдкіх выстаў ды захацелася еўрапейскага размаху. І раптоўна аказалася, што сувязяў і матэрыялу для працяглага мастацкага форуму ў нас больш чым дастаткова.
Усяго ў арт-фестывалі ўзялі ўдзел каля 150 творцаў з 11 краін свету: мастакоў, перформераў, бардаў, літаратараў і г. д. Ідэя сабраць іх у адным будынку належала перформеру Зміцеру Юркевічу і мастаку Алесю Родзіну. Дапамог рэалізаваць задуму Беларускі саюз мастакоў.
Форум цягнуўся амаль месяц і выклікаў супярэчлівыя водгукі з боку крытыкаў ды публікі адносна арганізацыі і дасканаласці канцэпцыі праекту. Але згода ў тым, што фестываль — справа вартая, і яе трэба працягваць, была адзінадушнай. Што б там ні было, а “Дах-9” дапамог шмат якім таленавітым творцам, у першую чаргу беларускім, прэзентаваць сваё мастацтва, а шырокаму грамадству — гэтае мастацтва пабачыць. У выніку, “Дах-9” стаўся самым вялікім у гісторыі Беларусі фестывалем нефармату, да таго ж падтрыманым дзяржавай, і дапамог айчыннаму мастацтву зрабіць ладны крок у бок сусветнага.
4. Словы not dead
Нарцысічны праект айчынных пісьменнікаў “Канец словаў”, ідэя якога належыць літаратарцы Марыйцы Мартысевіч, стаў кіўком у бок глянцу, поп-культуры ды эротыкі. Расчараваўшыся ў словах, беларускія творцы зрабілі выбар на карысць натуры і выпусцілі ў свет каляндар са сваімі аголенымі целамі.
На ўдзел у рызыкоўных эратычных здымках падпісаўся нават салідны філосаф Валянцін Акудовіч, які стаў сімвалам праекту, трапіўшы на вокладку выдання. У выніку гламурнага пазбаўлення цнатлівасці беларускай літаратуры, чытаць Хадановіча мусіла пачаць нават Люся Лушчык. Не ведаю, як там наконт Люсі, але шуму аўтары праекту нарабілі. Маральны, эстэтычны ды гендэрны аспекты календара абмяркоўвалі нават людзі, нібыта далёкія ад літаратурнага свету. А чаму голыя? А чаму ў жаночых чаравіках? А чаму толькі мужчыны?
Жаданы вынік – піяр (белы ці чорны) суб’ектаў айчыннай літаратуры — быў дасягнуты. Цяпер застаецца толькі гадаць, стане “голы” каляндар размінкай літаратараў перад заваяваннем мадэльнага бізнесу ці ўсяго толькі насценным сведкам гарэзлівага эксперыменту? Зрэшты, тэксты ў “Канцы словаў” усё ж ёсць.
5. Пляцоўка для тусоўкі
Адкрыццё ў кастрычніку галерэі сучаснага мастацтва “Ў” стала натуральным працягам тэндэнцый да з’яднання і міжнародных стасункаў. Праект узнік на месцы былога пункту здачы шклотары і стаў адказам еўрапейскай модзе чыніць арт на закінутых фабрыках. Замест пустой бутэлькі нашчадак вядомай “Падземкі” прапанаваў суайчыннікам актуальную беларуска-замежную творчасць.
На задуму арганізатараў, сярод якіх Ганна Чыстасердава ды Валянціна Кісялёва, галерэя збіраецца стаць інтэлектуальным "Дыснэйлэндам" для беларусаў, спалучыўшы пад стылёвай абгорткай рэлакс, адукацыю і бізнес. Для гэтага ёсць усе ўмовы: вольны ўваход, зручны графік, сучасныя тэхналогіі ды імпэт арганізатараў.
***
Як бачым, складаны год не перашкодзіў беларусам яднацца, адстойваць свае правы, наладжваць кантакты, шакавацца ды тусавацца. Галоўнае ж дасягненне культурніцкай сферы сёлета — прарыў беларускамоўнага мастацтва да шырокай публікі. Падобна, што самаізаляцыя беларускіх творцаў паціху аджывае. А інфармацыйны вакуум, створаны мастацкім застоем апошніх гадоў, напаўняецца новымі ідэямі ды актуальнымі формамі іх рэалізацыі.
| Поисковое продвижение сайта с гарантиями за результат |
зачем и почему этот голый в кавычках календарь?
мяне няма - ЗАЧЕМ?
разве так можно, даже в качестве самоиронии сказать о себе акудовичу?
Зачем женские туфли - что за знак? Надо же осторожней - не всё то европейскость, что блестит.
Понимаю афтавав и криаторов - постмодернизм типа.
Не постмодернизм, а дилетантский ляпсус - думать об ответственностью перед художественной и социальной вечностью надо, а не тащиться от собственной ненормальности
Анекдот:"Новое сексуальное меньшинство "Гей-славяне".
А галерея "У" - это просто расширившаяся "Подземка". Это все было и в "Подземке", только та была камерней.
А галерея "Мир фото" закрылась, так же как ранее галерея "Нова".
Отправить комментарий