У Швецыі Каляды пачынаюцца недзе ў лістападзе. Тады крамы прыбіраюцца па-святочнаму, на рагах вуліц і скрыжаваннях дарог з’яўляюцца гожыя дзядкі і бабулькі з Арміі ратавання і іншых дабрачынных арганізацый, якія заклікальна патрэсваюць вялікімі конаўкамі для манет спагадлівых грамадзян. Конаўкі з накрыўкамі, у накрыўках проразь для грошыкаў, а грамадзяне як правіла застрэсаваныя, але што-нішто кідаюць у бляшанкі, падмацоўваючы характэрны – калядны – гук. Летась “накідалі” паўмільярда еўра. Сёлета, як выглядае, будзе яшчэ больш...
Гэткая шчодрасць у часы эканамічнага крызісу часткова абумоўленая, магчыма, менавіта самім крызісам: колькасць людзей, якім патрэбна дапамога, відавочна расце, і нават у знакамітым шведскім “грамадстве дабрабыту” ніхто ўжо не застрахаваны ад радыкальных пераменаў у сваім эканамічным становішчы – тут я маю на ўвазе, вядома, не магчымасць выйграць у латарэю.
У секулярызаванай Швецыі, дзе Каляды даўно страцілі асабліва рэлігійны сэнс, простая дабрачыннасць мае і іншае, можна сказаць духоўнае значэнне. Дабрыня не ёсць ужо прэрагатывай ціхмяных вернікаў, але стала часткай агульнага, калектыўнага розуму грамадства, самасвядомасці людзей.
Салідарнасць увогуле даволі тыповая тутэйшая рыса, салідарнасць на розных узроўнях – ад класавага да суседскага. Прычым на ўсіх гэтых узроўнях пажадана ўпарадкаванасць і ўнармаванасць, грошы ахвяруюць менавіта дабрачынным арганізацыям, якія прафесійна змагаюцца, скажам, з галечай і сацыяльнымі праблемамі, жабракам – прафесійным і не вельмі – звычайна не падаюць, а калі, напрыклад, дапамагаюць меней заможным сваякам, дык грошы амаль абавязкова “пазычаюць”, нат калі папярэдне вядома, што “пазыка” гэта пажыццёвая, назаўжды.
Сувязь духоўнага з матэрыяльным у калядны час, канечне, відаць яшчэ праз гандаль. Абарот каляднага гандлю што ні год б’е ўсе магчымыя рэкорды і канца-краю гэтай тэндэнцыі пакуль што няма. Асаблівая эманацыя, зыходзячая ад падарункаў, мусіць выпрацоўваць святочную атмасферу і гэтае спаборніцтва па стварэнні казачнага, прыўзнятага настрою выкошвае шчыльныя шэрагі добрасумленных бацькоў і сваякоў, даводзячы іх да татальнай раз’юшанасці розуму – чым бы яшчэ парадаваць блізкіх?!
Некаторыя здаюцца і з’язджаюць, аддаўшы даніну дабрачыннасці, на ўвесь калядны перыяд куды-небудзь у В’етнам, падалей ад святочнай мітусні і потных, “чырванатварых” гонак за падарункамі. Іншыя скачуць праз перашкоды, згрызаюць цуглі ды збіваюць ногі ў кроў, абы знайсці нешта матэрыяльнае, што зробіць сёлетняе свята непаўторна-духоўным для тых самых-самых дарагіх,шчымліва-родных, для якіх свята абавязкова павінна быць святам, чаго б гэта ні каштавала...
А ўласна я набыў невялічкую духмяную ялінку. І збіраюся ўпрыгожыць яе цацкамі, якія зрабіў з сухой макароны, кухоннай паперы і палачак ад марожанага мой шасцігадовы сын. Ён вельмі верыць у Дзеда Мароза, але чакае ад яго пакуль што толькі цукерак. Ну можа яшчэ такой-сякой машынкі, ці дыску з мульцікам. Гэта – я ведаю дакладна – Дзеду Марозу па кішэні.
З Калядамі, шаноўныя сябры!
Дзмітры Плакс (Dmitri Plax) - мастак, пісьменнік і перакладчык. Нарадзіўся ў Мінску. Жыве і працуе ў Стакгольме.
| Поисковое продвижение сайта с гарантиями за результат |
На лекции Дмитрия Плакса в галерее "У" присутствовал Посол Швеции Стефан Эриксон. Плакс сказал:"Я эмигрант, у меня ограниченный круг общения".
Отправить комментарий