01 октября 2020, Четверг

Арэлі гушкануліся ў іншы бок

Арэлі гушкануліся ў іншы бок

На сустрэчы па пытаннях нафты і газу кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі Уладзімір Макей раскрытыкаваў заходнія краіны за патрабаванне, каб беларусы “літаральна з заўтрашняга дня сталі жыць у дэмакратычнай дзяржаве...".

Нехта з беларускіх палітолагаў трапна заўважыў, што апошнім часам беларуская вонкавая палітыка вельмі нагадвае перакідныя арэлі, на канцах якіх месцяцца адносіны з Захадам (у першую чаргу, Еўрасаюзам) і Расіяй. Калі адзін канец, напрыклад, стасункі з Масквой, ідзе ўніз, другі – узаемадзеянне з Еўропай – абавязкова ўверх. І наадварот.

18 “саюзных” праблемаў

Мяркую, што мінулы тыдзень яскрава прадэманстраваў, што цяпер надышоў час менавіта апошняй сітуацыі. На такую думку наводзяць вынікі пасяджэння Вышэйшага дзяржсавету Саюзнай дзяржавы, якое адбылося ў Маскве ў мінулы чацвер.

Нагадаю, што яно супала з 10-й гадавінай падпісання дамовы, якая паклала пачатак гэтаму ўтварэнню. Як ні дзіўна, аднак вялікіх урачыстасцяў з гэтай нагоды не адбылося. Часткова, напэўна, з той прычыны, што практычна ўвесь час пайшоў на шматгадзінныя перамовы, пасля якіх, дарэчы, асаблівай радасці на тварах лідэраў заўважана не было.

Галоўная ж прычына, на мой погляд, заключаецца ў тым, што, па вялікім рахунку, святкаваць няма чаго. Працягласць дыскусіяў ніякім чынам не сведчыць пра адсутнасць супярэчнасцяў. Між іншым, сам кіраўнік Беларусі налічыў 18 “саюзных” праблемаў. І хоць па выніках пасяджэння і былі падпісаныя дэкларацыя з нагоды юбілею і яшчэ дзве дамовы, няма сумневаў, што шматлікія пытанні застаюцца нявырашанымі.

Дамова пра супрацу ў газавай і нафтавай галінах ў абмен на што?

Калі ж паглядзець на тое, што было запланавана 10 гадоў таму, дык гэта становіцца яшчэ больш відавочным. Падсумоўваючы, цяжка не пагадзіцца з Віталём Сіліцкім, на думку якога, Расіі дзякуючы Саюзнай дзяржаве ўдалося ўтрымаць Беларусь у сваёй геапалітычнай арбіце, прыпыніць працэсы яе эканамічнай, палітычнай і культурнай эмансіпацыі, але ўсё ж галоўнай мэты – ажыццявіць інкарпарацыю нашай краіны – ёй дасягнуць не ўдалося.

Тым не менш, небяспека застаецца, ніякай упэўненасці, што пагроза знікла канчаткова, на жаль, няма. Па-першае, Масква пайшла насустрач Мінску ў энергетычнай сферы: было абвешчана пра дасягненне прынцыповага рашэння аб супрацы ў газавай і нафтавай галінах, якое, маўляў, не мусіць стварыць цяжкасцяў для Беларусі.

Калі гэта сапраўды так, дык адразу паўстае пытанне, а на які крок беларускім уладам давялося пайсці ў адказ? Бо пасля столькіх гадоў, пасля столькіх энергетычных “войнаў”, неяк цяжкавата ўявіць сабе, што Крэмль чарговы раз пагадзіўся ўзяць у якасці платы абдымкі ды абяцанкі. Гэта сведчыла б, што ён ізноў вырашыў наступіць на тыя ж самыя граблі. Хоць і вядома, што гэта расійскі нацыянальны від спорту, але становішча выглядае вельмі падазрона.

Расея паміж Беларуссю і ЕС

Напрыклад, вялікі непакой выклікаюць цверджанні аб прыняцці нейкага рашэння па комплексе пытанняў вонкавай палітыкі. У прыватнасці, Мядзведзеў выказаў спадзяванне, што ў Расіі ды Беларусі менавіта ў гэтай галіне будзе самая высокая ступень інтэграцыі.

Пакуль няма звестак, што канкрэтна мелася на ўвазе. З упэўненасцю можна казаць толькі, што вядомае расійскае патрабаванне прызнання Беларуссю незалежнасці Абхазіі ды Паўднёвай Асетыі не было абмінутае. Добра ведаючы адмоўнае стаўленне Масквы да ўдзелу нашай краіны ў праграме Еўрасаюзу “Усходняе партнёрства”, відавочна, што яна, акрамя ўзмацнення міжнароднай падтрымкі нелегітымных утварэнняў, жадае спыніць набліжэнне Беларусі да Еўропы, якое ледзь-ледзь пачалося.

Другім трывожным пунктам сталася заява, што на наступным аналагічным пасяджэнні, якое мае адбыцца ў ліпені будучага года, нібыта будуць абмяркоўвацца пытанні саюзнай канстытуцыі і адзінай валюты. Здавалася б, гэтыя праекты ўжо даўно і шчасліва сканалі, але, як высвятляецца, - зусім не.

Адзінае, што дало магчымасць крыху зняць напружанне, выкліканае такой інфармацыяй, дык гэта тое, што ні Лукашэнка, ні Мядзведзеў падчас заключнай прэс-канферэнцыі пра іх не сказалі ні слова. Адпаведную ж заяву зрабіў дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Павал Барадзін, вядомы тым, што нагадвае пра гэтыя ідэі ў кожным выпадку, не зважаючы, наколькі гэта да месца.

Як я ўжо адзначала, у такіх абставінах другі бок арэляў мусіць ісці ўніз. Так і адбылося.

Ці магчымая дэмакратыя ў Беларусі ўжо заўтра?

Напярэдадні кіраўнік беларускага вонкавапалітычнага ведамства Сяргей Мартынаў без ценю сораму паспрабаваў патлумачыць калегам з краін-удзельніц “Усходняга партнёрства”, што выдатніцу Таццяну Шапуцьку выключылі з Белдзяржуніверсітэту не за ўдзел у Форуме грамадзянскай супольнасці таго ж УП, а за тое, што яна злосна прапускала заняткі. Потым ён жа абвінаваціў Брусель у тым, што праграма развіваецца занадта марудна і запатрабаваў паскорыць працэс.

Нарэшце, акурат у дзень маскоўскай сустрэчы кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі Уладзімір Макей, падчас перадачы Цэнтрвыбаркаму высокай узнагароды – падзякі Аляксандра Лукашэнкі за бездакорную службу, жорстка раскрытыкаваў заходнія краіны. Паводле яго, яны “іншым часам ультыматыўна патрабуюць ад нас, каб мы літаральна з заўтрашняга дня сталі жыць у дэмакратычнай дзяржаве, як яны яе разумеюць. Але гэта немагчыма”.

Такім чынам, усё супадае. Застаецца толькі спадзявацца, што “расійскі” бок арэляў і ўздымецца не надта высока, і пойдзе ўніз дастаткова хутка.

Мнение редакции может не совпадать с мнением авторов.

ОСТАВИТЬ КОММЕНТАРИЙ




"Уважаемые читатели "Новой Европы"! По причине большого количества комментариев, нарушающих правила ведения дискуссии редакция приняла решение (временно) выключить блок для комментирования. Для дальнейших дискуссий мы предлагаем использовать плагин Фейсбука, Твиттера и Вконтакте. Надеемся на понимание. Ваши вопросы, комментарии и возражения присылайте на адрес ne@n-europe.eu"