* Статья опубликована в 15-м выпуске pdf-журнала «Новая Эўропа».
--------------------------------------
Читайте также в номере:
Светлана Шаблинская. Цены – европейские, энергоэффективность – белорусская
Наталля Арцёменка. Адукацыйнае аб’яднанне Еўропы
Сергей Николюк. О нравственной экономике и часах патриарха
Кася Клёш. Обратная сторона меха
---------------------------------------
Пампаваць ці набываць? Чытаць ці разглядаць? Пісаць ці друкаваць? Сучаснага чытача і пісьменніка хвалюе нашмат больш пытанняў, чым некалі Гамлета. Еўрапейскія аўтары імкліва адвыкаюць ад формулы: карэньчык – “Х” старонак. Еўрапейскія чытачы вывучаюць класіку праз Twitter і знаёмяцца з кнігамі на дотык. Беларуская кніга нібыта яшчэ трымаецца ў баку ад гэтай сусветнай гонкі тэхналогій.
Але не ўсё так ціха ў Дацкім каралеўстве. Праўду пра сёння і заўтра літаратурнага свету адкрывалі ўдзельнікі “Тыдня кнігі”, які прайшоў у мастацкай галерэі “Ў” 23-29 лістапада.
Класіка
Секчы дрэвы варта толькі для якаснага зместу і формы. Калі ўжо ўзяўся рабіць папяровы часопіс, то, будзь ласкавы, зрабі старонкі цвёрдымі, змест высокамаральным, а малюнкі якаснымі. Цьмяным рэпрынтным копіям месца ў даінтэрнэтнай эпосе, агучылі сваю пазіцыю адны са стваральнікаў часопіса “Маналог” Адам Глёбус і Аляксей Андрэеў падчас дыскусіі “Паліграфічнае выданне як самастойная эстэтычная каштоўнасць”.
Невялічкі наклад 299 асобнікаў яны лічаць не заганай выдання ды ізаляваннем яго ад чытача, а, па-першае, – мілай стылізацыяй пад “Срэбны век", калі нешматлікія часопісы культурнага кірунку каштавалі, як добрая карова, і, зразумела, не маглі быць набыткам шырокіх мас. Па-другое, – арыгінальным вырашэннем экалагічнай праблемы: маўляў, рука не падымаецца нішчыць “лёгкія Еўропы”, таму так мала і выдаём. На пытанні пра пашырэнне аўдыторыі ды інтэрнэт-версію адказваюць жартамі.
Выданні, падобныя да “Маналогу”, – класічнае спалучэнне арту ды інфармацыі. І пакуль эксперыментатары ад літаратуры спрабуюць давесці перавагу аднаго з гэтых складнікаў у далейшым яе развіцці, часопісы “са Срэбнага веку” спакойна існуюць у нацыянальных бібліятэках Еўропы ды Беларусі, не кажучы ўжо пра асабістыя палічкі аматараў чытанкі без “спецэфектаў”. І будуць там стаяць яшчэ досыць доўга. А ці шмат электронных выданняў могуць пахваліцца такім пяшчотным да сябе стаўленнем?
Тэхналогіі
Аднак прыменшваць значэнне кніг, якія з лёгкасцю змяшчаюцца на кішэнную флэшку, справа няўдзячная. Лепш за ўсіх гэта ведаюць тыя, каму давялося пачытаць замежных ды айчынных класікаў, кожнае выданне якіх важыць з добрую цагліну.
Пра тое, як з такой праблемай спраўляюцца еўрапейскія аматары літаратуры, распавяла падчас лекцыі-дыскусіі “On-line трансфармацыя кнігі” вэб-рэдактарка мультымедыйнага часопіса “34” Крысціна Карчэўская. Інфармацыя пра разнастайныя мабільныя “чыталкі”, флэш-выданні, а таксама пераказ класічных твораў у 140 сімвалах (памер паведамлення ў Twitter) гучала для айчынных кнігалюбаў райскімі спевамі.
На меркаванне Крысціны, да Беларусі тэхналагічнае шчасце ў масавым памеры прыкаціць толькі гады праз тры. Але тыя, каму карціць хутчэй, даўно карыстаюцца шмат якімі з названых сродкаў. Ужо цяпер у беларускім метро час ад часу можна назіраць чалавека, які чытае Пелевіна з электроннага экранчыка, а ў Twitter перабралася, напэўна, палова “Кантакту”. Нашыя суседзі пайшлі далей. Некаторыя польскія пісьменнікі з дапамогай каментароў ужо карэктуюць сюжэты ўласных кніг (напрыклад, Януш Вішнеўскі), а пэўныя расейскія выдавецтвы прапануюць чытачам зазірнуць у “Дзённікі маскоўскага падонка”.
Тым не менш, у інтэрнэце свае праблемы. І прастора без межаў таксама патрабуе энергіі ды людскіх рэсурсаў. А да таго ж, вырашэння спецыфічных пытанняў па фільтраванні інфармацыі ды павазе да аўтарскага права. Таму сетка наўрад ці праглыне свайго папяровага папярэдніка, лічыць вэб-рэдактарка “34”.
Тым болей, што беларусы зусім не спяшаюцца хапацца за навінкі, нават калі тыя да іх урэшце даходзяць. Прычына банальная – пра іх проста не ведаюць. Танны інтэрнэт у кожную хату! – дэвіз айчыннага лікбезу. Іначай знікнем, як тыя індзейцы Мая, прадказвае Крысціна.
Арт
У беларуска-шведскага літаратара і перакладчыка Дзмітрыя Плакса свой погляд на лёс выдання са старонкамі і вокладкай. Творчы. На думку пісьменніка, кнігу з традыцыйнымі складнікамі выратуе толькі выбітная мастацкая форма. Праўда, такое выданне не вельмі пачытаеш, затое прыемна трымаць у руках і можна разглядаць, як карціну.
Узорам да лекцыі “Кніга як арт-аб’ект” сталася новая кніга Плакса “ОМ”, напісаная ім ад рукі па-шведску. Прысвечанае татальнай філасофіі (“ОМ” у будызме – гэта містычная мантра, а ў шведскай мове азначае прыназоўнік “пра”), выданне ў 9 асобных частках (па колькасці пярсцёнкаў у творах Дж. Р. Р. Толкіена) павінна было стаць адказам на мноства пытанняў, што існавалі ў галаве пісьменніка.
Акрамя пытанняў сусветнай каштоўнасці: “Што ёсць кніга ў міжнародным маштабе?”, “За што людзі плацяць, калі набываюць кнігі: за аб’ект, інфармацыю, эстэтычнае задавальненне?" і г. д. – Дзмітрыя цікавілі метад напісання кнігі, дзе патрэбны почырк, але няма выратавальных "Ctr+Z" і "Del", а таксама “вяртанне” ў дагутэнбергаўскую эпоху, калі, па сутнасці, усе кнігі праз сваю вымушаную эксклюзіўнасць былі арт-аб’ектамі.
Некаторыя з адказаў знайшліся даволі хутка. Адна з частак выдання трапіла ў Каралеўскую бібліятэку, тым самым пацвердзіўшы сваё званне кнігі. Але яшчэ раз узняўшы пытанне: што ёсць кніга сёння – арт-аб’ект ці набор традыцыйных якасцей, кшталту той жа тыражнасці? Шведская бібліятэка сваё меркаванне ўжо выказала.
Эксперымент
Натуральна, што ідэю пра форму кнігі як поля для арт-эксперыментаў горача падтрымалі мастакі. Бартан Бенешэм, Крысці Хігбі, Джонатан Калан ды шмат хто іншы не прамінулі скарыстацца з новай нагоды для эксперыментаў, каб вярнуць чытача (а ў гэтым выпадку гледача) у час, калі большасць людзей не ўмелі складаць літары, але маглі ўспрымаць кнігі тактыльна.
Як паказала выстава “SketchBook”, якая праходзіла ў галерэі “Ў” паралельна з “Тыднем кнігі”, беларускія творцы такі падыход калегаў падзяляюць, і гатовыя на ўсё, каб толькі ўратаваць кнігу ад забыцця. Напрыклад, ператварыць яе ў пігулкі або гарчычнікі, як Юрась Барысевіч (вельмі актуальна на фоне сезонных хваробаў); надаць другое жыццё, прыляпіўшы да аўтарскіх старонак фотаздымкі сваіх працаў, як Зоя Луцэвіч; выгадаваць на вокладцы былога нататніка мох (BWGM) або нават зацэментаваць улюбёныя папяровыя асобнікі (Вольга Сазыкіна). Ужо не кажучы пра графіку, жывапіс ды самвыдаўныя кніжкі, падобныя да дзіцячых маляванак.
“Хочацца, каб існавала мноства розных формаў, з якіх можна было б выбраць патрэбную”, – зычыць аматарам чытанкі дырэктарка кнігарні галерэі “Ў” Аляксандра Дынько. «Тады можна будзе з лёгкасцю карыстацца шматстаронкавымі навуковымі падручнікамі праз ноўтбук і атрымліваць асалоду ад чытання “звычайнай” кнігі ды розных фактурных эксперыментаў з ёю. Шмат што ў будучым выданняў залежыць таксама ад жаданняў чытача: захоча ён кніг у цынкавых вокладках ды з водарам цынамону – будуць яму і такія», – абяцае Аляксандра.
Адам Глёбус і Аляксей Андрэеў падчас дыскусіі “Паліграфічнае выданне як самастойная эстэтычная каштоўнасць” Фота: Віка Шчарбакова

Выстава SketchBook. Фота: Віка Шчарбакова

Кніга Дзмітрыя Плакса “ОМ”, напісаная ім ад рукі па-шведску. Фота y-books.livejournal.com

* Статья опубликована в 15-м выпуске pdf-журнала «Новая Эўропа».
--------------------------------------
Читайте также в номере:
Светлана Шаблинская. Цены – европейские, энергоэффективность – белорусская
Наталля Арцёменка. Адукацыйнае аб’яднанне Еўропы
Сергей Николюк. О нравственной экономике и часах патриарха
Кася Клёш. Обратная сторона меха
| Поисковое продвижение сайта с гарантиями за результат |
Отправить комментарий