30 октября 2020, Пятница

Трохгаловы еўрапейскі вектар

Трохгаловы еўрапейскі вектар

Да нас на мінулым тыдні завіталі Берлусконі і Ларан. Няўжо з’явіўся новы кірунак адпачынку для еўрапейскіх палітыкаў – “тур” па Беларусі, у які ўваходзіць абавязковая сустрэча з прэзідэнтам?

Знешнепалітычны бум у нашай краіне працягваўся і на мінулым тыдні, прычым амаль выключна на еўрапейскім кірунку.

Палітычны “турызм” па Беларусі

Галоўнай падзеяй, несумненна, стаў візіт прэм’ер-міністра Італіі Сільвіё Берлусконі, хоць, шчыра кажучы, цяжка зразумець, навошта да нас прыязджаў “кавалер”, як клічуць яго на радзіме. Каб правесці нейкія эканамічныя перамовы? Здаецца, тыя праекты, што абмяркоўваліся, не былі на ўзроўні кіраўніка дзяржавы, якая ўваходзіць у “вялікую васьмёрку”. Каб адцягнуць увагу ад немалых уласных унутраных праблемаў? Але ён, хутчэй, толькі дадаў сабе клопату, бо італьянская апазіцыя адразу паставіла адпаведнае пытанне. На даручэнне партнёраў па Еўрасаюзе? Аднак неяк цяжкавата ўявіць, што яны наказалі яму зусім не згадваць пра правы чалавека, а, наадварот, падкрэсліць любоў беларускага народу да свайго "правадыра".

Таму застаецца толькі меркаваць, што прычынай візіту была або асабістая матэрыяльная зацікаўленасць у заключаных пагадненнях, або проста звычайная чалавечая сімпатыя да беларускага калегі. Урэшце, “кавалер” у гэтым плане якраз і вызначаецца пэўнай своеасаблівасцю, так што нічога нечаканага тут няма.

Адсюль вынікае, што Брусель, хутчэй за ўсё, ніякага дачынення да гэтага візіту не меў, і нашыя стасункі з ім застаюцца ў тым жа стане, што і два тыдні таму, калі Рада Еўрасаюзу прыняла сваё вядомае рашэнне аб працягу на год дзеяння візавых санкцыяў супраць вялікай групы высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў з адначасовым накладаннем мараторыя на іх выкананне.

Адносіны з ЕС – цяжкая праца

Тым не менш, вялікую цікавасць выклікае пытанне, ці знойдуцца ў спадара Берлусконі паслядоўнікі сярод еўрапейскіх лідэраў. Расійскі аналітык Фёдар Лук’янаў выказаў меркаванне, што наступным суразмоўцам Аляксандра Лукашэнкі можа стаць Нікаля Сарказі, які таксама ставіць “інтарэсы справы вышэй за ўсялякія гуманітарныя "глупствы”. Але, здаецца, пры ўсіх часам сапраўды непаслядоўных або ўвогуле малазразумелых дзеяннях французскага прэзідэнта, ён на такі выклік усё ж не наважыцца.

Такім чынам, бліжэйшым часам наўрад ці варта чакаць новых кантактаў афіцыйнага Мінску з краінамі Еўрасаюзу на найвышэйшым узроўні. Зразумела, калі не будзе зроблена істотных і канкрэтных крокаў насустрач пажаданням ЕС. На жаль, як сведчаць апошнія выказванні беларускага кіраўніцтва, накшталт таго, што “гарбаціцца перад Еўрапейскім Саюзам мы не будзем”, або “што да дэмакратыі, мы можам яшчэ з сім-тым падзяліцца гэтым дарам”, разлічваць на гэта пакуль не выпадае.

Былі таксама працягнутыя кантакты з другой з галоўных еўрапейскіх арганізацыяў – Радай Еўропы. Беларусь наведаў дырэктар яе Генеральнага дырэктарату па дэмакратыі і палітычных пытаннях Жан-Луі Ларан. Між іншым, у адрозненне ад Берлусконі, ён сустрэўся не толькі з такімі высокімі афіцыйнымі асобамі як кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі Уладзімір Макей і міністр замежных справаў Сяргей Мартынаў, але і з прадстаўнікамі грамадскіх аб’яднанняў.

Ці пройдзе Беларусь тэст на “смяротнае пакаранне”?

Вось тут усё вядома больш-менш дакладна, гаворка галоўным чынам ідзе пра магчымае далучэнне Беларусі да Рады Еўропы. Спадар Ларан чарговы раз падкрэсліў, што гэта клуб дзяржаваў, які мае свае каштоўнасці і правілы, якія не могуць мяняцца пад асобныя дзяржавы.

Паводле чыноўніка, лакмусавай паперкай тут застаецца праблема смяротнага пакарання, якая і дамінавала падчас дыскусіяў. Пры гэтым ён вельмі скептычна паставіўся да вядомых цверджанняў пра неабходнасць правядзення рэферэндуму па гэтым пытанні. Ёсць падставы меркаваць, што хутчэй за ўсё ў выніку станоўчага вырашэння гэтага пытання шлях да аднаўлення статусу “спецыяльна запрошанага” Беларусі будзе адкрыты.

Яшчэ адной умовай далейшага паляпшэння адносінаў спадар Ларан назваў намаганні беларускіх уладаў у галіне дэмакратычных пераўтварэнняў, у прыватнасці, правядзенне выбараў у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі. Ён зазначыў, што паспяховасць сённяшняга дыялогу можна будзе ацаніць менавіта пасля іх.

Па вялікім рахунку, гэта на самой справе так, але асобныя прыкметы гатоўнасці афіцыйнага Мінску рухацца ў названым кірунку могуць з’явіцца і раней. Маецца на ўвазе рэгістрацыя - у якасці менавіта “Беларускай” - Усходнееўрапейскай школы палітычных даследаванняў, якая існуе якраз пад эгідаю Рады Еўропы. Да гэтага часу адпаведнага дазволу атрымаць не ўдалося, таму і яе зарэгістравалі, як стала ўжо звычайнай з’явай нашай рэчаіснасці, у Вільні.

“Рэванш” Сяргея Мартынава

Нарэшце, не была абмінутая і Арганізацыя бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе. У Афінах адбылося пасяджэнне яе Рады міністраў замежных справаў, у якім узяў удзел і Сяргей Мартынаў. У сваім выступе ён выказаў шэраг стандартных крытычных заўвагаў на адрас АБСЕ. У той жа час, была высока ацэненая ініцыятыва Расіі распрацаваць новую дамову аб калектыўнай бяспецы. Масква, дарэчы, ужо прапанавала свой варыянт, які патрабуе асобнага разгляду.

Складаецца ўражанне, што на гэтым кірунку ў беларускага кіраўніцтва, як і ў яго маскоўскіх хаўруснікаў, аднавіўся пэўны аптымізм, выкліканы старшынствам у АБСЕ Казахстану - яно пачнецца з наступнага года. Аднак насамрэч такая пасада дае няшмат, бадай, толькі больш магчымасцяў высоўваць свае ідэі. Рашэнні ж будуць прымацца, як заўсёды, кансенсусам, таму гэтым спадзяванням наўрад ці наканавана спраўдзіцца.

Напрыканцы тыдня пэўныя падзеі адбыліся і на ўсходнім фронце. Але іх больш мэтазгодна абмеркаваць наступным разам, пасля таго, як адсвяткуюць дзесяцігоддзе падпісання дамовы аб стварэнні саюзнай дзяржавы.

Мнение редакции может не совпадать с мнением авторов.

ОСТАВИТЬ КОММЕНТАРИЙ




"Уважаемые читатели "Новой Европы"! По причине большого количества комментариев, нарушающих правила ведения дискуссии редакция приняла решение (временно) выключить блок для комментирования. Для дальнейших дискуссий мы предлагаем использовать плагин Фейсбука, Твиттера и Вконтакте. Надеемся на понимание. Ваши вопросы, комментарии и возражения присылайте на адрес ne@n-europe.eu"