"Аранжавы" аванс Украіне
"Аранжавы" аванс Украіне
У гэтыя дні спаўняецца пяць гадоў з часу "аранжавай рэвалюцыі" ва Ўкраіне - падзеі, якая на некалькі гадоў ўскалыхнула палітычнае жыцьцё ў Беларусі і Расеі. Аранжавы колер набыў палітычную афарбоўку.
У гэтыя дні спаўняецца пяць гадоў з часу "аранжавай рэвалюцыі" ва Ўкраіне - падзеі, якая на некалькі гадоў ўскалыхнула палітычнае жыцьцё ў Беларусі і Расеі. Аранжавы колер у нашых краях незваротна набыў палітычную афарбоўку.
Прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне ў 2004 годзе выбудаваліся ў спэктакль з шчасьлівым канцом: прыгожы, інтэлігентны, пазытыўны ўкраінскамоўны Віктар Юшчанка ў напружанай барацьбе перамагае як наўмысна для гэтага падабранага нязграбнага, крымінальнага, нэгатыўнага расейскамоўнага пралетарыя Віктара Януковіча. Акторы самі сабе падабралі ролі і выканалі іх на сцэне ўкраінскага Майдану і ў жывым этэры па тэлевізіі: напружаныя гадзіны і дні барацьбы за пералік галасоў, галасаваньне-перагаласаваньне, шматтысячныя тыднёвыя канцэрты-мітынгі, легендарны пераможны бой Клічко з памаранчавай стужкай на шортах і Юлія Тымашэнка ў аранжавай футболцы данецкага "Шахцёра". Беларускае і расейскае палітычнае жыцьцё даўно ня дорыць нам гэткага відовішча і пачуцьця, што нашымі рукамі вырашаецца лёс краіны. Пазабыты смак дэмакратыі зноў на адзін месяц уварваўся на нашыя такія ўжо зноў дысыдэнцкія кухні.
"Памаранчавая рэвалюцыя" зрабілася значна большым эмацыйным сьвятам для прыхільнікаў дэмакратыі ў Беларусі і ў Расеі, чым "рэвалюцыя ружаў" у Грузіі. Грузія - далёкая і чужая краіна, а Ўкраіна - тут, побач, такая блізкая і вонкава падобная да нас. Шмат хто назіраў за разьвіцьцём падзеяў на Майдане Незалежнасьці праз інтэрнэт, прыходзіў да амбасады Ўкраіны. Рэвалюцыя дала ўсплёск дэмакратычнай актыўнасьці ў Беларусі ды Расеі. У Беларусі гэтая хваля разьбілася ў канцы сакавіка 2006 году, у Расеі - сышла на нішто пасьля некалькіх безнадзейна недэмакратычных выбараў.
Пасьля пяці гадоў і напярэдадні хуткай адстаўкі Юшчанкі і ўкраінцы, і ўсе мы, хто перажываў за падзеі ў Кіеве пяць гадоў таму, задаем сабе пытаньне, ці дабілася "аранжавая рэвалюцыя" таго, што мы хацелі?
На жаль, лёс ня даў Украіне свайго Саакашвілі, які б скарыстаў акно магчымасьцяў для правядзеньня рашучых рэформаў і кардынальнага паляпшэньня сытуацыі. Прыйшоўшы да ўлады на хвалі энтузіязму, Віктар Юшчанка аказаўся недастаткова моцным і недастаткова рашучым, і такім чынам момант прыходу на пасаду так і застаецца найбольш яскравай падзеяй часоў ягонага прэзыдэнцтва.
Апошнія пяць гадоў ва Ўкраіне прайшлі пад знакам бясконцай напружанай парлямэнцкай барацьбы, зь якой любяць кпіць рэжымныя прапагандысты з суседніх краінаў. Украіна працягнула пагружацца ў карупцыю, эканоміка ў цяжкім крызысе. Украіна мае дэмакратыю і галечу, Беларусь і Расея маюць аўтарытарызм і да нядаўняга часу мелі сумнеўную ілюзію дабрабыту, ад якой цяпер пазбавіліся ўлады Беларусі. Што лепей? Украінская дэмакратычная ўлада працуе дрэнна. Затое хаця б Канстытуцыя выконваецца.
Сапраўды, умацаваньне ва Ўкраіне эфэктыўнай плюралістычнай дэмакратыі вельмі моцна падкрэсьліла адсутнасьць нацыянальнай палітычнай культуры: няўменьне весьці цывілізаваны дыялёг паміж палітычнымі сіламі, няздольнасьць да кампрамісу і выпрацоўваньня рашэньняў, гатоўнасьць да сабатажу функцыянаваньня дзяржавы. Тое, што гэтыя зьявы цяпер так яскрава прарваліся вонкі ва Ўкраіне, у доўгатэрміновым пляне лепей, чым сытуацыя ў Беларусі і Расеі, дзе праз аўтарытарызм дэмакратычная палітычная культура не разьвіваецца ўвогуле. Украіна дэманструе, якую доўгую дарогу нам яшчэ ісьці да цывілізаваных стандартаў. Пры тым Украіна гэтай дарогаю крочыць, украінцы вучацца на сваіх памылках - а мы нават не пачыналі рухацца. Як цяпер выглядае Вярхоўная рада Ўкраіны - гэтак будзе выглядаць дэмакратычны беларускі парлямэнт праз дзесяць гадоў. Тое, чаму ўкраінцаў цяпер спрабуюць вучыць палякі і заходнеэўрапейцы, - гэтаму праз дзесяць гадоў нас будуць вучыць самі ўкраінцы.
Ва Ўкраіны атрымалася пазьбегнуць скатваньня ў кірунку Беларусі і Расеі: цэнзура і "темники" на тэлевізіі, разгон апазыцыі спэцназам, бессаромная арганізаваная фальсыфікацыя вынікаў галасаваньня - пяць гадоў таму гэткія мэтады барацьбы за ўладу ва Ўкраіне прайгралі. Украіна вытрымала іспыт, які Беларусь ня вытрымала ў 1996 годзе.
За гэтыя 5 гадоў Расея канчаткова ператварылася ва ўзор вульгарнай карумпаванай аўтарытарнай нафтадзяржавы лацінаамэрыканскага кшталту, пахаваўшы надзеі, якія выклікалі першыя адносна прагрэсіўныя гады пуцінскага кіраваньня. За гэтыя 5 гадоў Беларусь перажыла крах надзеі на дэмакратычныя перамены ў 2006 г. і вымушаны пачатак трансфармацыі рэжыму, для якога "аранжавая" Ўкраіна адразу зрабілася важным партнэрам і мастом на Захад.
Аўтарытарызм у доўгатэрміновай пэрспэктыве неэфэктыўны, а таму ў любым выпадку недаўгавечны і няўстойлівы - мы на ўласныя вочы бачым гэта на прыкладзе Беларусі, дзе існая сыстэма кіраваньня дзяржавай сябе вычарпала. Рана ці позна пераканацца ў гэтым наканавана і расейскай уладзе - магчыма, з такімі жа наступствамі, як і мінулым разам, калі познае ўсьведамленьне скончылася распадам СССР.
Шмат у чым Украіна цяпер больш стабільная дзяржава, чым Беларусь або Расея. Хаця б таму, што пытаньне "што будзе пасьля Юшчанкі" ня ёсьць такім сакрамэнтальным і не нясе ў сабе такой пагрозьлівай невядомасьці, як пытаньне "што будзе пасьля Лукашэнкі" ці "пасьля Пуціна". Неба на зямлю ня зваліцца, краіна не распадзецца, рэвалюцыі больш ня будзе. Перамога Юшчанкі дала Ўкраіне яшчэ 5 гадоў крышталізацыі сыстэмы плюралістычнай дэмакратыі, і ніводзін з палітычных суб'ектаў ня мае дастаткова сілы, каб узурпаваць уладу.
Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2010 г. дыспазыцыя выглядае збольшага як гонка Юліі Тымашэнкі і таго самага Віктара Януковіча. І як ні іранічна, але ж назіраючы за буркаваньнем Тымашэнкі з Пуціным, міжволі пачынаеш жадаць перамогі Віктару Януковічу, адыёзнаму апанэнту Юшчанкі 5 гадоў таму. Будзе забаўна, калі ён сапраўды пераможа на гэтых выбарах - але перамога гэта будзе зусім не такой, якой яна была б у 2004 годзе. Як не такая ўжо Ўкраіна, і не такі ўжо і сам Віктар Януковіч.



Post new Comment