Другi беларускi фестываль тату "Bodyfest-2009" выглядаў як 12-гадзінны марафон з тату, бодзі-арту, пірсінгу, фрык-шоу, арт-ф’южну, а таксама якаснай музыкі ад “Killadox”, “Метэор” ды электронных гуру. Магчымасць атрымаць усё гэта ў адным флаконе, не выязджаючы за мяжу, у беларускіх нефармалаў надараецца не так часта. А таму колькасць аматараў нестандартнай прыгажосці на адзін метр квадратны мінскага клуба “Арыён” у трэцюю суботу кастрычніка зашкальвала.
Каляровыя будні
- Дайце шуму! - надрываецца са сцэны вядучы. У адказ шчыльны натоўп перад сцэнай кожны раз заходзіцца радасным ровам. Шоу пачынаецца.
Чырвоная дзяўчына, па ўсім целе якой намаляваная белая жырафа, а валасы ўтвараюць карону-дрэва, пругка рухаецца па сцэне на пальчыках ног. У яе не болей за 30 секунд, каб заваяваць сімпатыю суддзяў і вылучыцца сярод яшчэ трох удзельнікаў конкурсу бодзі-арту, тэматыка якога - этніка. Пасля некаторага вагання журы менавіта праца “Заход сонца ў Сафары” майстра Вольгі Івалгі атрымлівае першае месца.
Сімпатыі публікі падзяляюцца. Шмат якія дзяўчаты аддаюць галасы за белазубую ўсмешку гордага “Воіна Мая”, а хлопцы – за пяшчотную німфу з жалезнай душой “Сурагат”. Нямала і тых, каго захапіла майстэрскае валоданне мячом японскага “Імператара”.
Нягледзячы на поспех у грамадстве, бодзі-артам у Беларусі не заробіш. Таму будні "валадара аэрабалончыка" – аздабленне кватэр і машын. Але слухаючы, з якім замілаваннем майстры распавядаюць пра гэта, разумееш: будні ніяк не шэрыя. Андрэй Логун, “Імператар” якога заняў другое месца ў конкурсе бодзі-арту, не выключэнне.
- Мне цікава працаваць з нестандартнымі мадэлямі. Вось паглядзіце на майго таварыша. Ці такім вы сабе ўяўлялі японскага самурая? – Андрэй ківае на даволі дзябёлага мужчыну і настойліва патрабуе майго меркавання. Потым пераключаецца на апісанне модных прынтаў у аздабленні кватэр, а наўздагон кліча абавязкова зазірнуць на канцэрт аднаго гурта, якому робіць сцэнічны make-up. Я ж не перастаю здзіўляцца ўсюдыіснасці беларускіх аэрографаў.
Пра патрыятызм
А вось тату-майстры ў Беларусі не прыжываюцца. Усё часцей з’язджаюць на пошукі лепшай долі ў Расію, Польшчу ды Заходнюю Еўропу. Падалей ад бюракратыі ў сферы аховы здароўя і нягеглых студый тату, якія часта нагадваюць сумесь цырульні і салону прыгажосці. На сённяшні дзень у Беларусі ўсяго 4-5 майстроў, чые працы не абыходзяць увагай замежныя тату-часопісы.
- У Маскве больш тэхнічных магчымасцяў, лягчэй з санітарнымі нормамі, шырэйшая прастора для фантазіі, – тлумачыць свой выбар на карысць расійскіх рэалій малады чалавек з белымі лінзамі а-ля Мэрылін Мэнсан, які прыкаціў дадому зірнуць на дасягненні суайчыннікаў. Вяртацца сюды назаўсёды ён пакуль не збіраецца.
Нягледзячы на сумныя акалічнасці, аўтары тату-працаў, якія "ўзарвуць" залю на наступным конкурсе, – спрэс беларусы. Нават калі цяпер некаторыя з іх жывуць у Берліне, як Сяргей Стома – пераможца адразу ў двух намінацыях: манахромная і японская тату. Акрамя гэтых намінацый, у конкурсе ўдзельнічаюць працы ў стылі рэалізм, сover-up, каляровая, арнаментальная і мініяцюрная тату.
Фотакарэспандэнты сустракаюць кожны новы малюнак ліхаманкавым пстрыканнем затвораў. Суддзі засяроджана разглядаюць прадмет конкурсу. Публіка ж, не звязаная ніякімі прафесійнымі абавязкамі, актыўна абмяркоўвае мастацкія вартасці тыграў, іерогліфаў і пагоняў адных майстроў перад іншымі... Тым часам удзельнікі з ахвотай пазбаўляюцца ад лішніх прадметаў гардэробу, вызваляючы прыгажосць, якую зусім не мяккі беларускі клімат мінімум шэсць месяцаў на год прымушае хаваць пад цёплай вопраткай.
Арганізатары абяцалі стрыптыз – здаецца, ён ужо пачаўся.
Фрык-стайл
Пасля такіх эратычных конкурсаў распаленая публіка ўжо падрыхтаваная да фрык-шоу ад праекту "Matreshka-girls". Дзяўчаткі без комплексаў спецыяльна прыехалі з Масквы, каб падзяліцца з беларускай публікай радасцю падвешвання на круках, утыкання ў скуру розных прадметаў ды іншымі спосабамі дадаць адрэналіну ў жыццё. Для кагосьці гэта вычварэнства, для некага – сэксуальна і прывабна. Менавіта для апошніх ужо тры гады існуе гэты расійскі арт-праект.
- Наша мэта – знайсці, стварыць і справакаваць нестандартную прыгажосць, раскрыць яе і паказаць так, як мы яе бачым, – распавядае пра сутнасць праекта "Matreshka-girls" адна з яго куратарак Magdana Merilinmon. У планах фрык-мадэлек персанальная фотавыстава, якую ў хуткім часе, магчыма, пабачаць і беларусы.
Кірунак на Еўропу
Зрэшты, "Matreshka-girls" не адзіныя госці на гэтым свяце нефармату. Журы ўзначаліў беларус Антон Аляксенка, які цяпер працуе ў вядомай польскай студыі. З Масквы са сваёй прадукцыяй і прызамі для конкурсу прыехаў уладальнік гандлёвай маркі R.T.E. (Russian Tattoo Equipment) Зміцер Зак. Да таго ж "Bodyfest-2009" падтрымаў расійскі часопіс “Tattoo Master”.
Для фестывалю, які нарадзіўся ўсяго год таму ў невялікім клубе, вынік неблагі. Аднак у планах арганізатараў, сярод якіх кіраўнік праекту Bodytec.by Аляксей Новікаў, еўрапейскі маштаб.
- Большасць беларусаў і не падазраюць, наколькі шырокая субкультура тату, - шкадуе Аляксей. Паводле яго, тэматычныя фестывалі, якія прынята называць канвенцыямі, штогод збіраюць тысячы прыхільнікаў па ўсім свеце. Пераважная колькасць такіх канвенцый праходзіць цягам трох дзён. Падчас іх майстры працуюць у рэальным часе, і ў наведнікаў ёсць унікальная магчымасць паглядзець на тэхніку працы найлепшых з найлепшых, пабачыць самае сучаснае абсталяванне, зрабіць тату ў вядомага майстра здалёк. У наступным годзе, спадзяецца Аляксей, ім удасца зладзіць нешта падобнае ў Беларусі. Можа быць, гэта дасць такі неабходны штуршок да развіцця айчыннай сферы тату. Ва ўсякім разе, падставы для аптымізму ёсць.
Другi беларускi фестываль тату "Bodyfest-2009" быў арганiзаваны гандлёвай маркай “Бульбашъ” і беларускім праектам Bodytec.by
"Matreshka-girls" ў справе. Фота tut.by

Воін масаі. Фота tatu.by

Дэманстрацыя тату. Фота tatu.by

| Поисковое продвижение сайта с гарантиями за результат |
Мероприятие было просто суперское. Жаль только, написали про него так банально и скучно...
Дык пакажыце як трэба. У вас ёсць такая магчымасць )
Отправить комментарий