Стварэньне БНБ - падзея, якую, напэўна, шмат хто ў беларускім права-цэнтрысцкім электараце чакаў вельмі доўга, як і аўтар гэтых словаў [1]. Упершыню з моманту расколу Беларускага народнага фронту нацыянальна-дэмакратычныя погляды прадстаўленыя адзінаю палітычнаю сілаю, хай і без КХП-БНФ і АГП. Зважаючы на сёньняшні стан усяе беларускай дэмакратычнай апазыцыі, гэты факт нясе нямала пазытыўнага.
У прынцыпе, сытуацыю, у якой цяпер знаходзіцца апазыцыя, можна ахарактарызаваць дзьвюма фразамі.
Першая фраза, і яна ж натуральная першая рэакцыя многіх на стварэньне БНБ - гэта крылоўскае "А вы, друзья, как ни садитесь, / Всё в музыканты не годитесь". З аб'ектыўных і суб'ектыўных прычынаў апазыцыя даўно яўляе зь сябе дысыдэнцкі рух, а ніяк не рэальную палітычную сілу: яна не прадстаўленая ў органах улады і таму бачыцца, што яе актыў, на вялікі жаль, куды больш здольны на дэклярацыі і вулічныя акцыі, чым на заняцьце адказных дзяржаўных пасадаў.
Мэдыйная прастора манапалізаваная афіцыйнай уладай, і апазыцыя ня ў стане рэгулярна даносіць сваю думку да насельніцтва. Дэмакратычная апазыцыя зараз ня мае ніякіх рычагоў уплыву на рэальны ход справаў у краіне і на сёньняшні момант таксама ня мае ніякіх шансаў у агляднай будучыні прыйсьці да ўлады. Таму ніякага прарыву ад аднаго факту стварэньня незалежніцкага блёку чакаць і не выпадае.
Другая фраза - афарызм, які, магчыма, належыць Марку Твэну: "If you do what you've always done, you'll get what you always got”. Калі вы будзеце рабіць тое, што рабілі раней, вы будзеце атрымліваць тое, што раней і атрымлівалі. Незразумела, ці павысіцца выніковасьць дзеяньняў апазыцыі ад перакампаноўкі існых арганізацыяў у новы блок. Але любая зьмена - шанец на перамены, і хай хаця б перастаўляюцца складнікі - мо раптам зьдзейсьніцца цуд і з іх сумай нешта таксама зробіцца. Руку на сэрца - становішча ў дэмакратаў наўрад ці можа зрабіцца істотна горшым, чым цяпер, а значыць губляць няма чаго і няма чаго баяцца.
Ва ўмовах дысыдэнтызацыі апазыцыі кааліцыя палітычных сілаў з рознымі каштоўнасьцямі і палітычнай праграмай згубіла свой сэнс. Пры немагчымасьці зьдзейсьніць дэмакратычныя перамены "тут і цяпер", апазыцыя мусіць сканцэнтравацца на асьвеце насельніцтва, на генэрацыі ідэяў і праграмаў, каб потым актыўна прасоўваць іх у масы і даносіць да ўладаў. АГП, напрыклад, актыўна займаецца гэтым, прапануючы праекты эканамічных рэформаў.
БНБ мае сфармуляваць выразную прагматычную пазыцыю, якая б адлюстроўвала як мінімум інтарэсы той катэгорыі прыхільнікаў дэмакратыі, для каго беларускае нацыянальнае адраджэньне таксама ўяўляе зь сябе важную каштоўнасьць. Бачыцца, што кароткатэрміновай праграмай для БНБ мусяць быць два асноўныя пункты: дэмакратыя і беларушчына. Блок мусіць патрабаваць, па-першае, вяртаньня дэмакратычных выбараў і палітычных свабодаў, па-другое, пашырэньня ўжытку беларускай мовы, вяртаньня афіцыйнага статусу ці як мінімум дэкрыміналізацыі бел-чырвона-белага сьцягу і "Пагоні", спыненьня чарненьня нацыянальнай гісторыі.
Відавочна, што прасоўваць каштоўнасьці ды ідэі лепш атрымаецца супольна ў БНФ, БХД і руху "За Свабоду", чым у кампаніі з права-цэнтрысцкага інтэлігенцкага БНФ, лібэральна-прадпрымальніцкай АГП і ўчорашніх камуністаў - Аб'яднаных левых. Хай БНБ прасоўвае ў грамадзтве нацыянал-дэмакратычныя каштоўнасьці ды ідэі, а Аб'яднаныя левыя - сацыял-дэмакратычныя ідэі. Так будзе лепей і ў сёньняшнія безнадзейна-дысыдэнцкія часы, і пляне разьвіцьця ў краіне палітычнага плюралізму для будучай шматпартыйнай Беларусі.
____________________________________________________
[1] Глядзі артыкул 2007 г.
| Поисковое продвижение сайта с гарантиями за результат |
> мо раптам зьдзейсьніцца цуд і з іх сумай нешта таксама зробіцца
Культ Карго ў дзеянні.
Отправить комментарий