Беларускія ўлады абвяшчаюць пра намер рэфармаваць выбарчае заканадаўства краіны. Часткова зьмены будуць мець "рэвалюцыйны характар": плянуецца забясьпечыць прысутнасьць прадстаўнікоў палітычных партыяў у выбарчых камісіях, істотна спрасьціць вылучэньне кандыдатаў. Беларуская апазыцыя можа і мусіць скарыстацца з абяцаных пераменаў напоўніцу. На маю думку, будзе мэтазгодным, калі апазыцыя ўсе сілы кіне на кампанію па выбарах у мясцовыя саветы і адначасова будзе рыхтавацца да байкоту выбараў прэзыдэнцкіх.
Улада і ЭЗ: гульня ў прызнаньне выбараў
Відавочна, што паслабленьні ў выбарчае заканадаўства ідуць у межах збліжэньня беларускага рэжыму і Заходняй Эўропы і маюць на мэце забясьпечыць прызнаньне Эўропай вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2011 году. Але вырашальным іспытам для ўладаў мусяць зрабіцца выбары ў мясцовыя саветы, прызначаныя на вясну 2010 году. Толькі па выніках мясцовых выбараў апазыцыя мае ставіць пытаньне пра свой удзел у прэзыдэнцкіх выбарах або пра іх рашучы байкот.
Асаблівасьць гэтых прэзыдэнцкіх выбараў будзе палягаць у тым, што дзеля далейшага разьвіцьця стасункаў, беларуская ўлада і ЭЗ будуць моцна зацікаўленыя ў тым, каб "зрабіць добрую міну пры дрэннай гульні" і па магчымасьці забясьпечыць карціну адноснай дэмакратычнасьці выбараў. Гэтага не было ані ў 2006, ані ў 2001 гг.
Паўнавартасная адпаведнасьць гэтых выбараў дэмакратычным стандартам пакуль бачыцца малаімавернай, таму абодва бакі будуць спрабаваць максымальна імітаваць сытуацыю яе наяўнасьці. Улады дапусьцяць вялікую колькасьць міжнародных назіральнікаў і пойдуць на зьмены ў правядзеньні прэзыдэнцкай кампаніі - максымальна дэманстратыўныя, але касмэтычныя. У сваю чаргу ЭЗ, хутчэй за ўсё, будзе заплюшчваць вочы на нейкі мінімум недэмакратычнасьці выбараў, каб змагчы апраўдаць далейшае супрацоўніцтва зь беларускім рэжымам, які, маўляў, "дасягае прагрэсу на шляху дэмакратызацыі".
Апазыцыя: стаўка на мясцовыя выбары
На сёньняшні момант не выпадае спадзявацца на магчымасьць перамогі "каляровай рэвалюцыі" ў 2011 ці, пагатоў, на пераможныя для апазыцыі афіцыйныя вынікі. Але ў сілах апазыцыі было б сапсаваць гэту ідылічную карцінку, і найлепшы інструмэнт для гэтага - пагроза кансалідаванага байкоту выбараў, у выніку чаго Аляксандр Лукашэнка быў бы вымушаны выходзіць адзін на адзін з намінальным канкурэнтам кшталту С. Гайдукевіча.
Такі расклад відавочна пераўтварыў бы выбары, нават пры крыштальнай бездакорнасьці падліку галасоў, у фарс. Прызнаць дэмакратычнасьць безальтэрнатыўных выбараў ЭЗ здолела б толькі ў выніку вялікага кампрамісу з сумленьнем і ў якасьці авансу дзейснай уладзе, які ў пэрспэктыве дорага б ёй каштаваў.
Таму апазыцыя мусіла б даць зразумець рэжыму, што - калі мясцовыя выбары 2010 г. пройдуць гэтаксама, як і папярэднія: з абмежаваньнем магчымасьцяў весьці агітацыю, рэпрэсіямі, фальсыфікацыямі пры падліку галасоў, у выніку чаго праўладныя кандыдаты атрымалі б 70-100 % дэпутацкіх мандатаў - улада апынецца ў непрыемнай сытуацыі на прэзыдэнцкіх выбарах 2011 г. Бездакорнае правядзеньне сапраўды дэмакратычных мясцовых выбараў - вось чаго мусіць дамагацца дэмакратычная апазыцыя.
Пачатак інстытуцыяналізацыі ці проста піяр
У выніку палітычных кампаніяў 2010-2011 гг. беларуская дэмакратычная апазыцыя магла б дасягнуць пачатку сваёй інстытуцыяналізацыі ў выглядзе праходу ў мясцовыя саветы. Такі варыянт ня быў бы небясьпечным для ўладаў, бо дзейнасьць мясцовых саветаў скіраваная на мясцовыя праблемы і не пагражае палітычнаму рэжыму на нацыянальным узроўні, хаця і павышае статус апазыцыі, дае ёй дадатковыя магчымасьці для далейшай барацьбы.
Пагатоў, праца на месцах і вырашэньне канкрэтных празаічных мясцовых пытаньняў на ўзроўні раёну ці гораду - ці не менавіта гэтаму павінна цяпер вучыцца наша контр-эліта, ужо трынаццаць гадоў адрэзаная ад прыняцьця рэальных рашэньняў, перад тым, каб сур'ёзна прэтэндаваць на ўладу ў агульнанацыянальным маштабе?
Галоўнай і непераадольнай перашкодай на гэтым шляху бачыцца разрозьненасьць дэмакратаў. Пра свой намер удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах заявілі ўжо некалькі ўплывовых апазыцыйных фігураў і дасягнуць згоды паміж імі - складаная ды, імаверна, невыканальная задача.
За байкот пасьлядоўна агітуе толькі Зянон Пазьняк, і тут якраз той выпадак, дзе да ягонага меркаваньня варта прыслухацца. Што хутчэй за ўсё зроблена зноў ня будзе. Набор патэнцыйных штрайкбрэхераў, якія маглі б сарваць байкот, занадта вялікая, сама імавернасьць байкоту апазыцыяй цяпер не абмяркоўваецца ўвогуле - а значыць і шансы на яго арганізацыю пакуль што невялікія.
Пакуль над уладамі не вісіць пагроза байкоту, павялічваюцца шансы, што і на мясцовых выбарах апазыцыя атрымае трохі штрафаў і трохі піяру ў спэцыялізаваных СМІ - але ня больш за тое. А значыць вынікі выбараў 2010 і 2011 гг. для яе ў чарговы раз будуць нулявыя альбо нэгатыўныя.
| Поисковое продвижение сайта с гарантиями за результат |
Смешна. Ніхто яшчэ ня бачыў папраўкі, але ўсе ўжо крычаць пра іх рэвалюцыйнасць. Навошта паўтараць лухту Ярмошынай, калі яна сама сябе абвергла і сказала наўпрост, што змены будуць тэхнічнымі...
Ужо двойчы апазіцыя працавала па аднолькавым сцэнары: гуляючы па ўсталяваных уладай правілах, вылучала кандыдатаў, загадзя безнадзейных. Тым самым апазіцыя легітымізавала правілы ўлады ў вачах грамадаства Беларусі і Захаду. Таму, пагаджуся, адзінае выйсце, якое шчэ ні разу не выпрабавалі дэмакраты - гэта байкот дыктатуры і яе выбараў. Новае выйсце - новыя і вынікі.
аму, пагаджуся, адзінае выйсце, якое шчэ ні разу не выпрабавалі дэмакраты - гэта байкот дыктатуры ...
байкот быў напрыклад у 2000-м і нічога з яго не атрымалась. + вельмі плаваючы тэзіс пра тое , што "Такі расклад відавочна пераўтварыў бы выбары, нават пры крыштальнай бездакорнасьці падліку галасоў, у фарс". у чым фарс, калі Лука перамагае на выбарах ідучы разам з 2 ці 3 спарынг-партнэрамі? гэта будзе перамога, якую нават нельга будзе аспрэчваць, вось і ўсё.
Апазіцыя валодае вельмі невялікім патэнцыялам і вядомасцю у грамадзстве, каб праводзіць байкот - яго ніхто не заўважыць, акрамя тых, хто ўжо не адзін год прыслухоўваецца да палітычных маргіналаў, незалежна ад таго, як яны апынуліся ў такім стане. Нідзе не бачыў, каб дэмакратычнасць выбараў вымяралася б колькасцю кандыдатаў. Больш за тое, гэта парушэнне правоў чалавека, бо абавязвае абавязкова знаходзіць альтэрнатыўных кандыдатаў, у той час як гэта асабістая справа кожнага, балатавацца ці не. Таму парада байкатаваць, у выпадку яе рэалізацыі, хутчэй дазволіла б уладам бездакорна правесці выбары, без спрычынення да фальсіфікацыяў.
байкот - гэта тое, што вымагае ад апазыцыі годнасьць ва ўмовах, калі выбары зноў будуць праводзіцца з парушэньнямі, як гэта робіцца ад 1996 году. Ня трэба маніць, у рамках кампаніі апазыцыя цудоўна мае магчымасьць данесьці інфармацыю да каго заўгодна.
Усім будзе зразумела, што гэта за "выбары" паміж Лукашэнкам і, скажам, Гайдукевічам, і рэжым у чарговы раз праявіць сябе як "апошняя дыктатура Эўропы" - чаго ня хочацца ані яму, ані Эўропе.
Таму хай апазыцыя робіць стаўку на мясцовыя выбары, і калі яны пройдуць дэмакратычна, толькі тады згаджацца на ўдзел у выбарах прэзыдэнцкіх. Можна было не байкатаваць выбары ў 2006 годзе, калі рэжыму было абыякава, як гэтыя выбары будуць выглядаць - але цяпер самы раз сур'ёзна задумацца на гэты конт.
Отправить комментарий