“Кіно здымаюць” – кажа адзін мужчына другому, заўважыўшы некалькі фотакамераў ля купкі барадатых Дзядоў Марозаў. Белы “форд” рэагуе на айчынных Сантаў ля ўваходу ў генеральную пракуратуру вясёлым гудком. Нячастыя ранішнія мінакі, не спыняючы хады, здзіўлена ўзіраюцца – да Новага году роўна паўтара месяца. І толькі ўсюдыісныя “людзі ў зялёным”, якія адчайна спрабуюць высветліць у журналістаў, “з якім лозунгам Дзяды Марозы пайшлі да пракурора”, ставяць усё на свае месцы – у Мінску праходзіць палітычны хэпэнінг.
Што “каціць” беларусам
“Болей драйву!” – такі заклік вядомага аналітыка Аляксандра Класкоўскага беларускія апазіцыйныя палітыкі чулі ад не раз. Прычына – іх празмерная сур’ёзнасць, і як вынік – акцыі-шаблоны, падобныя хутчэй на сумны рытуал, чым на спробу прывабіць увагу аўдыторыі. Як гаворыцца – “не кацяць”.
А вось хэпэнінг “Дзяды Марозы-нелегалы”, на думку аналітыка, якраз тое, што трэба. Нагадаю, хэпэнінг зладзіў шэраг беларускіх недзяржаўных арганізацыяў з мэтаю паказаць абсурднасць артыкулу 193.1 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Артыкул прадугледжвае крымінальную адказнасць за дзейнасць любой незарэгістраванай арганізацыі, аб’яднання ці фонду. У межах акцыі 15 кастрычніка дзесяць Дзядоў Марозаў здаліся ў пракуратуру з прызнаннем у сваёй “чорнай дзедамарозавай справе”, стаўшы падзеяй дня для пракурора, міліцыянтаў і выпадковых мінакоў. Вось што кажуць на карысць выбранага фармату акцыі яе ўдзельнікі.
- Ды ў мяне ўсё жыццё хэпэнінг, - смяецца невысокая дзяўчынка з блакітнымі вачыма і …ватнай барадой. - А такія акцыі падабаюцца таму, што яны вясёлыя і дапамагаюць інфармаваць людзей, прыцягваюць увагу.
- Сэнс у тым, каб паказаць, наколькі дурным з’яўляецца артыкул 193.1, паводле якога атрымліваецца, што нават Дзяды Марозы, якія ў нас звычайна ходзяць групамі, могуць быць прыцягнутыя да адказнасці, - сур’ёзна працягвае адзіная на акцыі Снягурка.
Пакуль не вядома, ці дамогуцца ўдзельнікі хэпэнінгу сваёй мэты, але тое, што на фоне апазіцыйных акцый, якія ўжо нагналі аскому, гэтая выглядае глытком свежага паветру – факт. І мае куды большы шанец на сімпатыю, калі не з боку пракуратуры, то з боку прэсы нейтральнага кірунку ды звычайных грамадзянаў, якія да гэтага і не падазравалі пра існаванне артыкулу 193.1.
Карузлікі і Жырыноўскі
У сярэдзіне мінулага стагоддзя менавіта нестандартны змест і шчыльны кантакт з публікай, уласцівыя хэпэнінгу, прыцягнулі да гэтай постмадэрновай тэатральнай формы ўвагу палітыкаў. Ва ўмелых руках імправізацыя, прыпраўленая сатырай, не раз даказвала сваю эфектыўнасць як сродку пратэсту супраць палітычных інстытутаў, лідэраў і падзей.
“Аранжавая Альтэрнатыва” ў Польшчы, “Партыя карузлікаў” у Галандыі, “Спакушаныя і пакінутыя” ў Расіі, “Аматары піва” ў Чэхіі… Гэтыя і многія іншыя квазіарганізацыі, якія існавалі ў розны час, аб’ядноўвае выбраны сродак барацьбы - смех. Яго правакавалі знарокавая абсурднасць ў назве партыі, сюррэалістычныя лозунгі і акцыі, болей падобныя на блазнаванне.
У 80-я ў Польшчы да шаленства камуністычных праваахоўнікаў даводзілі карузлікі, раздаючы прыбіральную паперу і ўлёткі з заклікамі кшталту “Грамадзянін, дапамажы міліцыі, пабі сябе сам!”. У Італіі 90-х вядомыя зоркі порнаіндустрыі Поццы і Чычаліна заклікалі ахвяраў нераздзеленага пачуцця суцешыцца ў іх Партыі кахання. Расійскія хэпэністы ў 2006 годзе заклікалі суайчыннікаў выпіць паўлітра, без якіх, на іх думку, у палітыцы ўлады было не разабрацца. Дзейнасць эксцэнтрычнага Жырыноўскага – увогуле хэпэнінг нон-стоп.
Як бачым, палітыкі і грамадскія дзеячы без лішняга сораму карыстаюцца хэпэнінгам для прасоўвання ў масы сваіх ідэяў і прыцягнення ўвагі прэсы да ўласнай персоны. Пры гэтым знарокавая абсурднасць і апалітычнасць хэпэнінгу – яркая знешняя абалонка, што адначасова прыцягвае ўвагу публікі і пазбаўляе удзельнікаў вулічных акцыяў шмат якіх прэтэнзіяў праваахоўных сілаў. Што возьмеш з гэтых … карузлікаў?
Зрэшты, нават уласныя арышты хэпэністы перакручваюць сабе на карысць. “Людзям на Захадзе болей скажа пра сітуацыю ў Польшчы інфармацыя аб тым, што мяне арыштавалі за раздачу жанчынам пракладак, чым чытанне кніг і артыкулаў, напісаных іншымі апазіцыянерамі”, - гэтыя словы лідэра “Аранжавай Альтэрнатывы” Вальдэмара Фідрыха пасля ўласнага затрымання ў 1988 годзе гучаць для хэпэнінгу найлепшай рэкламай.
Патэнцыял айчыннага хэпэнінгу
Да Беларусі мода на хэпэнінг дакацілася толькі ў перыяд вялікай “перабудовы” 90-х, калі вырашалася, хто ж стане ля стырна раптоўна незалежнай краіны. Тады на палітычнай арэне з’явіліся надзвычай “тэатральныя” палітыкі, якія актыўна карысталіся элементамі хэпэнінгу ў барацьбе за электарат. Адным з іх быў Аляксандр Лукашэнка.
Да ліку даволі ўдалых хэпэнінгаў Лукашэнкі прылічаюць знакаміты “замах” на кандыдата ў прэзідэнты пад Лёзна, і сутычку маладога палітыка з аховай падчас прарыву ў Дом ураду. Ці варта казаць, што гэтыя выпадкі пазней былі таленавіта скарыстаныя Лукашэнкам для павелічэння сваёй папулярнасці ў народзе? З альтэрнатыўных хэпэнінгаў ужо класікай сталі славуты хакей на асфальце і лыжны прабег у красавіку, зладжаныя рухам “Зубр”.
Аднак сёння патэнцыял айчыннага хэпэнінгу ў палітыцы выкарыстоўваецца не на 100 %. На думку аналітыка Аляксандра Класкоўскага, для гэтага ёсць некалькі цалкам аб’ектыўных прычынаў.
Першая - самая простая і грунтоўная – большасць айчынных палітыкаў знаходзяцца ў андэграўндзе. Таму беларусам бракуе палітычнай культуры і разумення, што палітыка – гэта не толькі парламент ды прамовы з трыбуны, але, напрыклад, і шоу лялек-палітыкаў па тэлевізары, і той жа хэпэнінг. Як вынік - пры адсутнасці відавочнага палітычнага падтэксту звычайны грамадзянін можа проста не зразумець тонкасцяў вулічнага “тэатру”.
Па-другое, у эфектыўнасці хэпэнінгу, як і любой іншай публічнай акцыі, ключавую ролю адыгрываюць сродкі масавай інфармацыі. Калі ж у краіне няма дэмакратычнай медыйнай сістэмы – акцыя не будзе мець адпаведнага рэзанансу, бо інфармацыя папросту не трапіць у шырокую прэсу (так, хэпэнінг Дзядоў Марозаў-нелегалаў асвяцілі выключна недзяржаўныя СМІ).
То бок, каб хэпэнінг працаваў напоўніцу, мусяць існаваць мінімальныя палітычныя ўмовы, якіх у Беларусі пакуль няма. Аднак на фоне звыклага арсеналу метадаў сённяшніх палітычных лідэраў хэпэнінг працягвае выглядаць найбольш удалым і бяспечным сродкам прыцягнуць увагу публікі да праблемных пытанняў і альтэрнатыўных думак.
Таму, спадары палітыкі, улічваючы недалёкія ўжо прэзідэнцкія выбары, здымайце сумны выраз з твару, апранайце бараду і чырвоны капялюш – і наперад, змагацца за вочы, вушы і галасы электарату!
"Дзяды Марозы-нелегалы" падпісваюцца пад чыстасардэчным прызнаннем!
Незарэгістраваныя "Дзяды Марозы-нелегалы" пакідаюць будынак пракуратуры.

“Аранжавая Альтэрнатыва” ў Польшчы

Плакат “Аранжавай Альтэрнатывы” ў Польшчы: "Дзень войска"

Фотаматэрыялы падабраны і зроблены Дар'яй Гарошка.
| Поисковое продвижение сайта с гарантиями за результат |
Дарэмна аўтар не згадала культуру палітычных гэпэнінгаў у сучаснай Украіне (хаця нават на ілюстрацыі да артыкулу - лялька Юліі Тымашэнкі) - вось дзе гэтага хапае нават зь перахлёстам і ад каго нашай апазыцыі варта вучыцца! :) А то ў Расеі нават славуты Жырыноўскі ў сілу палітычнай і асабліва мэдыйнай абстаноўкі ўжо ў ценю, ня тое, што ў 90-я гады.
Отправить комментарий