12 марта 2010, пятница
Журнал для тех, кто думает по-европейски

Публикации

21:10 | 12.10.09

Галерэя "Ў": белы аркуш для айчыннага мастацтва

Галерэя "Ў"

Ладзіць культурныя пляцоўкі ў закінутых заводах і цэхах у Еўропе модна. Цяпер завядзёнка суседзяў дабралася і да Мінску. Першым здаўся былы пункт здачы шклотары. На месцы гэтай установы 7 кастрычніка пачала працу галерэя сучаснага мастацтва “Ў”. Яе цнатліва белыя сцены – быццам аркуш паперы, на якім айчыннае мастацтва пакуль напісала толькі адну літару, але ж затое падкрэслена беларускую і самадастатковую. Згодна ідэі арганізатараў, месца ў галерэі хопіць для цэлага мастацкага “алфавіту” – пры ўмове, што ён будзе сучасным і актуальным. Мэта галерэі “Ў” – адкрыццё новых беларускіх імёнаў у мастацтве, фармаванне айчыннага арт-рынку і стварэнне прасторы для інтэлектуальных камунікацыяў.

Прынцыпова адкрытыя дзверы

- Мы хочам змяніць стэрэатып, што а дванаццатай ці а першай гадзіне ночы ў Мінску можна схадзіць толькі ў шэраг месцаў вызначанага кірунку. Таму для нас прынцыпова, каб дзверы галерэі былі адкрытымі для ўсіх, – дэкларуе дырэктарка галерэі сучаснага мастацтва Кацярына Шатэрнік. Словы падмацаваныя справай. Галерэя працуе бясплатна і штодзень з 10-й раніцы і да 22-й вечара. У перспектыве – падаўжэнне працоўнага часу да 24-й гадзіны ночы, а ў некаторыя дні – да 4-й раніцы.

Дзякуючы імпэту арганізатараў, інтэлектуальную асалоду цяпер можна будзе сумясціць з цалкам практычным шопінгам альбо кубачкам гарачай кавы. Ужо 14 кастрычніка мусіць працаваць мастацкая крама, цягам двух-трох тыдняў пасля гэтага – кавярня і кніжная крама. Комплексны падыход закліканы стварыць цэласнае ўяўленне пра сучасную айчынную культуру і дапамагчы беларусам адчуць сябе ў кантэксце еўрапейскіх тэндэнцыяў.

Гэтак, пра кніжную краму яе дырэктарка Аляксандра Дынько кажа: “Вельмі звычайная еўрапейская кнігарня”. І пачынае пералічваць рэчы, пра якія беларускія аматары кніг дагэтуль толькі марылі: Wi-Fi, магчымасць прачытаць улюбёную кнігу за кубачкам гарбаты або замовіць патрэбнае выданне з-за мяжы. Больш за тое, кнігу можна будзе набыць і ў лічбавым фармаце. Месца знойдзецца таксама для букіністычнага аддзелу літаратуры на замежных мовах і для моднага сёння book-crossing'у. Акрамя таго, кожны з нас зможа дапамагаць дзіцячым бібліятэкам і бібліятэкам у шпіталях, проста прыносячы ў краму кнігі. Іх перададуць па адрасе. Крама мяркуе стаць не толькі месцам, дзе набываюць кнігі, але і пляцоўкай для інтэлектуальнай тусоўкі, абмеркавання прачытанага, сустрэчы з аўтарам.

Сяргей Кірушчанка: досвед «прыземленага мастацтва»

Што датычыць мастацкай часткі галерэі, то наведнікі ўжо маюць магчымасць пабачыць выставы Сяргея Кірушчанкі ды ініцыятыўнай творчай групы «Жаночы крэатыўны асяродак».

Сяргей Кірушчанка ўжо не раз прадстаўляў Беларусь на вялікіх міжнародных падзеях, фестывалях. У мінулым годзе прэзентаваў айчыннае мастацтва на выставе Russian Contemporary Show у Кітаі. Праект Сяргея пад назвай “Надышоў час шчыльна заняцца прыземленым мастацтвам” спалучае ў сабе тэму вясковай архітэктуры, якая цяпер знікае, і роздум пра стыль мінімалізму. Над праектам Сяргей працаваў амаль тры гады. За гэты час з фота і відэа праца трансфармавалася ў шаўкаграфію, потым у жывапіс, напрыканцы ўжо зусім адыходзячы ад непасрэднай гісторыі дому да прынцыпаў мінімалістычнага мастацтва.

Галерэю “Ў” Сяргей называе першай галерэяй сучаснага мастацтва ў Мінску, якая мае канцэпцыю. Астатнія, на яго думку, хутчэй салонныя ўстановы, бо збіраюць пад сваім дахам вельмі розныя па кірунку выставы.

- Вельмі радуе, што нарэшце змогуць выстаўляцца таленавітыя беларускія творцы, якія цяпер жывуць за мяжой і якіх з-за гэтага часта лічаць адрэзанай скібай у многіх мастацкіх установах, – кажа Сяргей Кірушчанка. – Дзякуючы ім, беларускае мастацтва становіцца бліжэй да агульнаеўрапейскіх тэндэнцыяў. Спадзяюся, галерэя "Ў" дасць сваім наведнікам магчымасць адчуць гэта.

Ірына Саламаціна: jump-photography, або фланёршы скачуць

Другая экспазіцыя – міжнародны праект ініцыятыўнай творчай групы «Жаночы крэатыўны асяродак» пад назвай “JUMP-PHOTOGRAPHY. Звонку і ўнутры. Іншы досвед flaneuse”– размясцілася не толькі ў самім будынку галерэі, але і на яго фасадзе.

Здымкі адлюстроўваюць горад з пазіцый назіральніцы, якая флануе, – flaneuse. Яна пракладае ўласныя маршруты, уцягвае мінакоў ў розныя гульні і паддаецца на правакацыі выпадковых фатографаў. Увогуле, панятак jump-photography узнік у саракавыя гады мінулага стагоддзя, калі Філіп Халсман зрабіў серыю здымкаў людзей, якія скачуць. Ідэя Халсмана палягала ў тым, каб дапамагчы чалавеку на момант пазбавіцца ад сацыяльных масак, скіраваўшы ўсю ўвагу на ўласнае цела ды скачок.

На карысць прэзентацыі гендэрнай выставы менавіта ў галерэі “Ў” адна з куратарак экспазіцыі і менеджэр жаночых мастацкіх праектаў са стажам Ірына Саламаціна мае ажно тры падставы: прывабны фасад будынку (і магчымасць арганізаваць фотаэкспазіцыю на вокнах публічнага месца), імкненне зрабіць «бачным» досвед фланёрш ды жаданне падтрымаць ініцыятыву арганізатараў галерэі. Але, на думку Ірыны, прадказаць, як з’яўленне такой пляцоўкі для творчай камунікацыі паўплывае на мастацкую прастору Мінску, пакуль даволі складана.

- Усё будзе залежаць ад таго, ці змогуць людзі, якія працуюць у галерэі, знайсці перспектыўную стратэгію развіцця свайго праекту. У іншым выпадку галерэя станецца проста чарговым адкрыццём, якіх было ўжо нямала, пачынаючы з 90-х гадоў (галерэі «Alter ago», «Брама», «6 лінія», «Каўчэг» і іншыя ...), – выказвае перасцярогу Ірына Саламаціна.

Да канца года ў галерэі “Ў” запланавана яшчэ шмат праектаў, сярод якіх персанальная выстава Аляксея Лунёва, вялікая калектыўная экспазіцыя куратарскага праекту Сяргея Шабохіна, майстар-клас і паказ відэаарт-праекту мастака і музыкі з Аўстраліі, выставы Ганны Балаш і Марыны Капілавай. З пачатку наступнага года ў госці будуць завітваць прадстаўнікі еўрапейскага сучаснага мастацтва. Апроч выставаў, у планах арганізатараў літаратурныя прэзентацыі, відэапаказы, семінары і лекцыі, дзіцячыя майстар-класы і творчыя шоу.

Мода на мастацтва

Галерэя сучаснага мастацтва “Ў” – праект, які рыхтаваўся цягам амаль двух гадоў. Важным для арганізатараў – сярод якіх Ганна Чыстасердава і Валянціна Кісялёва, вядомыя мастацкай тусоўцы па арт-галерэі “Падземка”, – было жаданне, каб фармаванне праекту праходзіла без уплыву дзяржавы або грантаў. Але за супрацоўніцтва на партнёрскіх умовах кіраўніцтва галерэі выступае абедзвюма рукамі.

На сёння праект ужо падтрымалі дзве сур’ёзныя арганізацыі: Беларускі народны банк і “Альтэрнатыўная лічбавая сетка”. Таксама галерэяй зацікавіліся такія буйныя еўрапейскія ўстановы ў Беларусі, як Інстытут імя Гётэ і Шведскі інстытут. Першапраходцы беларускай галерэйнай справы спадзяюцца, што мода на фінансаванне праектаў у вобласці сучаснага мастацтва, набыццё калекцыяў неўзабаве дабярэцца і да іншых айчынных установаў ды беларускага грамадства ў цэлым.

Максім Жбанкоў: погляд стрыманага аптыміста

- Галерэя “Ў” – гэта не багемная камуна, як Тахелес, і не шыкоўная лабараторыя эксперыментальнага мастацтва, як фабрыка Эндзі Уорхала. Гэта папросту адкрытая прастора для мастацкіх і калямастацкіх камунікацыяў, – выказвае думку з нагоды стварэння галерэі “Ў” беларускі культурны крытык Максім Жбанкоў. – Такіх пляцовак у Мінску і ў Беларусі сёння татальна не хапае. Нарэшце ў нас гэта ёсць. І калі кіраўнікі праекту казалі пра магчымасць захапіць нейкую фабрыку ў цэнтры, яны смяяліся, але ж, напрыклад, у Нямеччыне колькі заўгодна такіх выпадкаў, калі на старых заводах паўстаюць вельмі цікавыя цэнтры авангарднага сучаснага мастацтва. У нас таксама шмат плошчаў, якія прастойваюць. Чаму не?

Самае цікавае для мяне ў гэтым праекце тое, што гэта не дзяржаўная ініцыятыва. Другі вельмі істотны пункт – яна скіраваная на падтрымку актуальных плыняў сучаснага мастацтва і, як мне падаецца, перадусім беларускага. Бо збольшага маладыя беларускія мастакі існуюць у пэўным вакууме, маюць абсалютны недахоп вонкавай інфармацыі пра сучасныя трэнды мастацтва і, адпаведна, не маюць магчымасці крытычнага водгуку звонку на свае працы.

Хутарскую нейкую ментальнасць, у тым ліку мастацкую, натуральна, трэба пераадольваць. І як мне падаецца, гэта новы і вельмі сур’ёзны крок у гэтым кірунку. Дай бог, каб усё атрымалася. Гляджу ў будучыню са стрыманым аптымізмам.

Гл. таксама:

Тэкст да выставы Сяргея Кірушчанкі “Надышоў час шчыльна заняцца прыземленым мастацтвам”

Падрабязней пра праект Сяргея Кірушчанкі можна прачытаць у артыкуле Вольгі Шпарагі "Ландшафт-в-преобразовании: от реального объекта к воображению видимого и обратно".

Пра першую экспазіцыю «Способы городского картографирования: опыт flaneuse?» міжнароднага праекту ініцыятыўнай творчай групы «Жаночы крэатыўны асяродак» чытайце ў артыкуле Вольгі Шпарагі "Беларусская фотография: конструирование современности".

Галерэя "Ў" запрашае на імпрэзы ў звязку з выставамі:

13 кастрычніка, аўторак
19.00
экскурсія-размова з аўтарам галоўнай выставы "Надыйшоў час шчыльна заняцца прыземленым мастацтвам" Сяргеям Кірушчанкам і філосафам, аўтарам тэксту да праекту Вольгай Шпарагай

20.00сустрэча-размова з куратарамі фотавыставы "JUMP-PHOTOGRAPHY. Звонку і ўнутры. Іншы досвед flaneuse" Ірынай Саламацінай, Вольгай Гапеевай і Кацярынай Лаўрынец, пры ўдзеле Вольгі Шпарагі.

Уваход вольны.

Фотаздымкі з адкрыцця гендэрнай выставы "JUMP-PHOTOGRAPHY. Звонку і ўнутры. Іншы досвед flaneuse"(здымала Марыся Агібалава)

Фотаздымкі з выставы Сяргея Кірушчанкі (здымала Дар'я Гарошка)

Фотаздымкі з адкрыцця галерэі "Ў" можна пабачыць тут

Комментарии
ирина соломатина (не зарегистрирован)
вт., 10/13/2009 - 10:23

Единственный материал по сути дела :) Остальные репортажи были исключительно про тусовку, которая пришла на открытие…

Отправить комментарий

Содержание этого поля является приватным и не предназначено к показу.
Что можно вводить?
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Allowed HTML tags: <a> <em> <strong> <cite> <code> <ul> <ol> <li> <dl> <dt> <dd> <img> <table> <tr> <td>
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Защита от спама
9 + 2 =
Решите эту задачу и впишите ответ.

PDF-журнал

Новости от redtram

Еженедельная рассылка

Электронная почта:


Как выглядит рассылка?

Проекты

Новая Европа. Журнал.
Журнал Серия "Новая Эўропа"


Поисковое продвижение сайта с гарантиями за результат
Office for a Democratic Belarus
Я - европеец
Podzemka Art Gallery, Minsk, Belarus

Архив

марта 2010
пн.вт.ср.чт.пт.сб.вс.
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
© 2006-2008 Новая Эўропа
Все права защищены