* Матэрыял апублікаваны ў дзесятым нумары pdf-часопіса «Новая Эўропа».
1 кастрычніка 2008 года ўзнікла кампанія з кідкай назвай «Будзьма!» і стылёвым чырвона-белым арнаментам-лагатыпам. Яе ініцыятарамі спачатку сталі дзесяць арганізацый, якія паставілі сабе за мэту праз беларускую культуру і мову дапамагчы беларусам пачуцца адзіным народам — самадастатковым і вартым поспеху.
Цяпер над гэтым працуюць ужо больш як 60 самых розных аб’яднанняў. Іх намаганнямі бліжэй да роднага за год сталіся 75 тыс. беларусаў з розных гарадоў краіны. Лічба немалая, асабліва для грамадскай кампаніі, якую не спяша- ецца падтрымліваць дзяржава. Падрабязней пра дасягненні за год, а таксама стасункі з чыноўнікамі распавяла адна з каардынатараў кампаніі Ніна Шыдлоўская.
— Ніна, распавядзіце, калі ласка, на каго скіраваная кампанія? Колькі людзей за гэты год пазнаёміліся з дзейнасцю «Будзьма!»?
— Кампанія аб’ядноўвае ўсіх беларусаў. Не толькі тых, у каго ў метрыках запісана — беларус. Чалавек можа быць любой нацыянальнасці, але калі ён лічыць сябе грамадзянінам гэтай краіны, якому не абыякавы яе лёс, ды праяўляе цікаўнасць і павагу да культуры, мовы, гісторыі тытульнай нацыі Рэспублікі Беларусь — мы гатовыя дзяліцца з ім усімі сваімі набыткамі, роўна як і з тымі, хто ўсведамляе сябе беларусам на 100 %.
Праз нашыя мерапрыемствы, на сённяшні падлік, прайшлі прыблізна 75 тыс. чалавек. Відавочна, што частка людзей, 15–20 %, перакрыжоўваюцца, бо ёсць тыя, хто стала цікавіцца культурніцкімі імпрэзамі. Колькі з іх стане ініцыятарамі нейкіх задумаў, цяжка сказаць, але праз водгукі на сайце, тэлефанаванні, сустрэчы бачна, што цікавасць да кампаніі расце.
— Якія дзеянні ў межах кампаніі вы лічыце найбольш важнымі для станаўлення нацыянальнай свядомасці?
— Адна з галоўных нашых мэтаў — аб’яднаць падзеі, якія адбываюцца пры нашай падтрымцы ці ў межах нашай кампаніі, пад агульнай назвай «Будзьма беларусамі! Гэта нас аб’ядноўвае, робіць унікальнымі». Чыста псіхалагічна для многіх нашых людзей вельмі важна, каб адчувалася прыналежнасць да чагосьці грунтоўнага, глабальнага.
Дзякуючы нашым аб’яднаным намаганням, творцы маюць магчымасць ездзіць па рэгіёнах, дзе вельмі не стае культурніцкіх імпрэзаў, або яны каштуюць даволі дорага. Наша палітыка — зрабіць мерапрыемствы бясплатнымі ці з мінімальнымі ўваходнымі квіткамі, каб іх маглі наведаць як мага болей людзей.
Асабліва прыемна тое, што нам удаецца працаваць са школьнікамі. Бо сёння ў моладзі маюцца велізарныя прагалы ў веданні беларускай культуры, літаратуры і гісторыі… З беларускіх пісьменнікаў яны, напрыклад, узгадваюць хіба што Коласа ды Купалу.
— Рэкламу імпрэзаў «Будзьма!», адну з нешматлікіх беларускамоўных, даводзіцца чуць па радыё, тэлебачанні, бачыць у розных установах... Ці гаворыць гэта пра вашыя добрыя стасункі з дзяржаўнымі структурамі?
— Я б не сказала, што нам далі зялёнае святло, хутчэй, жоўтае. Адчуваецца, што прыглядаюцца, ці не тузанёмся мы з нейкімі рэзкімі лозунгамі і г.д. Напрыклад, у метро мы так і не прабіліся. Пэўны час там круціўся наш ролік з заклікам удзельнічаць у культурніцкіх акцыях «Будзьма!», пакуль нейкі з чыноўнікаў не ўгледзеў у ім заклік сабрацца на Кастрычніцкай плошчы. У гэтым выпадку мы патрапілі на канкрэтнага чалавека, які непрыязна ставіцца да ўсяго беларускамоўнага.
Калі ў нас з’яўляюцца ідэі — мы звяртаемся з імі і да Міністэрства культуры. Рассылалі лісты па аддзелах культуры аблвыканкамаў з прапановай праводзіць супольныя мерапрыемствы з мінімальнымі для іх выдаткамі. Цікавасць была, але асабліва раённыя дзяржаўныя структуры будуць чакаць ледзь не ўказання зверху, каб далучыцца да справы. У прынцыпе, на спрыянне дзяржаўных структур мы асабліва і не спадзяваліся, але важна, каб было разуменне, што замінаць нам таксама не трэба, бо разам мы можам прынесці карысць нашаму грамадству.
— Цяперашні міністр культуры Павел Латушка, прыйшоўшы на пасаду, адразу заявіў, што не «ўяўляе Міністэрства культуры без беларускай мовы», і што асабіста для яго «беларуская мова з’яўляецца прыярытэтнай». Як вы лічыце, ці паспрыяе такая пазіцыя міністра пазітыўным зменам у сферы культуры?
— Чым больш такіх чыноўнікаў будзе, тым хутчэй у грамадства ўзнікне ўсведамленне, што беларуская мова — гэта не нейкая архаіка ці музейны экспанат, а жыццёвая неаб’ходнасць. Я думаю, што спадар Латушка прынясе шмат карысці беларускай культуры, дзякуючы не толькі мове, але і сваім кампетэнтным рашэнням. Асабліва гэта датычыць рэгіёнаў, дзе сітуацыя часам проста жахае. Напрыклад, работнікі культуры ў адным з раёнаў толькі ад мяне даведаліся, што змяніўся міністр культуры. Усё ў застоі, у такіх абалонках, як асобныя пухіры. І калі гэтая сістэма пачне працаваць як адзінае цэлае, адбудзецца вялікі зрух.
— На ваш погляд, колькі дзяржаўных моў павінна быць ў Беларусі: адна, дзве, тры..?
— На жаль, у нас сітуацыя не такая, як у некаторых еўрапейскіх краінах, дзе некалькі дзяржаўных моў свабодна існуюць, не абмяжоўваючы ў правах адна адну. У нашай краіне можа быць дзяржаўнай выключна адна мова — беларуская. Гістарычна ў нас склалася так, што руская мова тут ніколі не бу дзе абдзеленая. І ў штодзённым побыце людзі маюць права, як у кожнай развітай еўрапейскай краіне, карыстацца любой мовай, галоўнае, каб суразмоўца яе разумеў.
— Падсумоўваючы вынікі за год, ці можаце вы сказаць, што ўсё задуманае ўдалося?
— Гэтак можна будзе сказаць толькі тады, калі немаўлятка, якое нараджаецца, будзе гаварыць адразу па-беларуску. Жартую (усміхаецца). У асноўным мы задаволеныя тым, як ідзе кампанія. Але бачныя і нейкія хібы, у тым ліку і ў арганізатарскай дзейнасці. Перыядычна мы праводзім між сабой нарады, каб скарэктаваць і прааналізаваць сітуацыю. Стараемся знайсці новыя формы і візуальныя ўвасабленні ідэі, зрабіць усё для таго, каб людзям было цікава і прэстыжна далучацца да нашай справы. Цяпер мы рыхтуемся адзначыць першую гадавіну кампаніі «Будзьма!». На жаль, святочная імпрэза адбудзецца крыху пазней за 1 кастрычніка, але — чакайце, будзе цікава!
* * *
Што ж, можна сказаць, што будзьмаўскае «немаўлятка» ўжо сказала сваё першае слова на роднай мове. І яго пачулі шмат у якіх гарадах і вёсках краіны. Але мінуў усяго толькі год. Якім вырасце гэтае дзіця і ці спраўдзіць ускладзеныя на яго спадзяванні бацькоў — пакажа час.
Падрабязней даведацца пра дзейнасць кампаніі «Будзьма!» можна праз грамадскі дзённік ініцыятывы Budzma.Org.
Віталь Супрановіч, «Беларуская музычная альтэрнатыва»
— Дзякуючы кампаніі, удалося ажыццявіць ідэі, якія да гэтага падаваліся нерэальнымі. Мы правялі шмат канцэртаў, у тым ліку вядомых гуртоў «Крама», «Дзеці дзяцей», адборачны канцэрт да музычнага праекту «Рок-школа». Выдалі складанку «The best Folk-modern». Цяпер рыхтуюцца дыск рок-хітоў, складанка маладых гуртоў. Кампанія «Будзьма!» была адным з нашых партнёраў на міжнародным фэсце «Be Free!» у Чарнігаве. Тры ўдзельнікі складанкі маладых гуртоў (гомельскія «Re1ikt» і «Glofira», менскі «Hair Peace Salon»), дзякуючы падтрымцы кампаніі, атрымалі магчымасць выступіць на фестывалі. Мы задаволеныя супрацай. Наперадзе яшчэ шмат таго, што трэба ўсім нам!
Артур Клінаў, літаратар, мастак, рэдактар альманаху сучаснай культуры «pARTisan»
— У межах кампаніі «Будзьма!» наш калектыў ладзіць каля двух прэзентацый на месяц. На імпрэзах стараемся прадставіць увесь спектр актуальнага мастацтва, запрасіць паэтаў, музыкаў, філосафаў, мастакоў. Ужо прэзентаваныя кнігі Хадановіча, Акудовіча, Анціпенкі… Хутка беларускае грамадства пазнаёміцца з новымі кнігамі Дубаўца і Бабкова. Цешыць, што ў асноўным мерапрыемствы адбываюцца без праблемаў. Выключэннем сталася хіба што нядаўняя імпрэза ў Пінску, якую забаранілі мясцовыя ўлады. Гэта выразна сведчыць — за год сітуацыю карэнным чынам не зменіш. Трэба быць гатовым да паступовых пазіцыйных баёў. Таму «Будзьма!» — доўгачасовы нон-стоп праект.
***
За год «Будзьма!» стала ініцыятарам 927 мерапрыемстваў, сярод якіх літаратурныя сустрэчы, экскурсіі, канцэрты бардаў і гуртоў, мастацкія выставы, су стрэчы творчых калектываў, рэдакцый часопісаў з чытачамі, лекцыі па рэгіянальнай гісторыі і помніках. Мерапрыемствы кампаніі закранулі больш як 100 гарадоў Беларусі. Удзел у іх бралі музыкі З. Вайцюшкевіч, П. Паўлаў, А. Камоцкі, Т. Беланогая, А. Мельнікаў, гурты «Палац», «Крама», літаратары Э. Акулін, У. Арлоў, У. Някляеў, В. Кустава і г.д.
Набылі рэалізацыю праекты: «Як я стаў беларусам», «Тузін. Перазагрузка», «Паганства», фотаконкурсы «Будзьма беларусамі!» і «Турыстычная Беларусь». Выдадзена цэлая серыя бясплатных дызайнерскіх паштовак «Будзьма!», музычны дыск «The best Folk-modern». Пры падтрымцы кампаніі адбыліся прэзентацыі шмат якіх беларускамоўных кніг і дыскаў. Цяпер «будзьмаўцы» рыхтуюцца выправіць айчынных музыкаў і літаратараў у аўтапрабег на рэтра-машынах.
Фота: Budzma.Org.
| Поисковое продвижение сайта с гарантиями за результат |
Отправить комментарий