* Артыкул апублікаваны ў дзевятым нумары pdf-часопіса «Новая Эўропа».
----------
Читайте также в номере:
Фото недели: Мемориал жертвам 11-го сентября во Всемирном торговом центре
Дар’я Гарошка. Асаблівасці нацыянальнага «Гуглу»
Сергей Николюк. Две логики выживания власти в Беларуси
Михась Ильинский. Уйгуры в Китае: меньшинство на своей земле
----------
Пачынаючы з першага верасня гэтага года, на хвалях «Радыё Швецыя» больш не гучыць беларуская мова. Як і дзеля чаго стваралася беларуская служба «Радыё Швецыя»? Чым яна была для тых, хто вырашыў яе стварыць, і для тых, хто слухаў праграмы са стакгольмскай студыі? Чаму вырашылі спыніць вяшчанне па-беларуску? Як да гэтага рашэння паставіліся ў Беларусі ды Швецыі?
Праграмы «Радыё Швецыя» па-беларуску гучалі са стакгольмскай студыі амаль пяць гадоў. Але для ініцыятара стварэння беларускай службы і сталага вядучага праграмы Дзмітрыя Плакса гэтая гісторыя пачалася значна раней. Ідэя распачаць вяшчанне на беларускай мове з'явілася ў 1999 г., а першым, хто яе падтрымаў, была кіраўніца рускай рэдакцыі Вікторыя Рынкус. Cпатрэбілася пяць гадоў, каб абгрунтаваць кіраўніцтву «Радыё Швецыя», чаму гэта важна. Паводле Дзмітрыя Плакса, гэта ўдалося зрабіць, «бо тагачаснае кіраўніцтва «Радыё Швецыя» хацела вучыцца, чуць, слухаць». У апошняй праграме на беларускай мове са стакгольмскай студыі, якая прагучала ў эфіры 31 жніўня, Вікторыя Рынкус адзначыла, што ганарыцца ўдзелам ў адкрыцці вяшчання па-беларуску, але за гэта давялося пазмагацца. Чаму і навошта?
«Што датычыць беларускай мовы вяшчання, то аргументы «супраць» былі такія: у Беларусі ж усе разумеюць рускую мову, — распавядае Вікторыя Рынкус. — Але ж якая розніца, хто якія мовы разумее? У Швецыі амаль усе разумеюць англійскую, але ж мы не вяшчаем тут па-англійску. Для мяне гэта было пытанне павагі да нацыянальнай ідэнтычнасці, гісторыі народу і мовы. І таму, калі мы вяшчаем на Беларусь, мы мусім вяшчаць па-беларуску, а не па-руску».
Ідэю распачаць вяшчанне РШ па-беларуску падтрымалі не толькі на радыё, але і ў пэўных грамадскіх колах. Рашэнне аб стварэнні беларускай службы прымала непасрэдна былая генеральная дырэктарка Шведскай нацыянальнай радыёвяшчальнай карпарацыі Чэрсцін Брумбэрг. Яна патлумачыла гэта тым, что дзякуючы менавіта Дзмітрыю Плаксу атрымала шмат інфармацыі пра сітуацыю ў Беларусі, да таго ж яна палічыла, што гэтая праграма ёсць важнай і для самога «Радыё Швецыя».
Спыніць нельга пакінуць
Пра рашэнне спыніць вяшчанне па-беларуску 24 чэрвеня паведаміў кіраўнік міжнароднага каналу Шведскага нацыянальнага радыё Інгемар Лёфгрэн. Ён патлумачыў, што «Радыё Швецыя» зрабіла выбар на карысць працягу вяшчання на адной з вялікіх еўрапейскіх моў, а менавіта рускай. Тым больш, што гэта мова, якую разумеюць і ў Беларусі».
Амаль адразу пасля таго, як гэтае рашэнне сталася шырокавядомым (прынамсі, з такім абгрунтаваннем), шмат якія арганізацыі выступілі з заявамі з гэтай нагоды. У прыватнасці, Міжнароднае грамадскае аб’яднанне Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», Таварыства беларускай мовы ды іншыя. Акрамя таго, у Беларусі стыхійна пачалася кампанія па напісанні лістоў да кіраўніцтва «Радыё Швецыя» — ад грамадскіх арганізацый ды наўпрост ад беларусаў, як кажуць, з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, якія, дарэчы, жывуць у розных краінах свету. У лістах пратэсту ўзгадвалі розныя матывы. У прыватнасці, палітычную сітуацыю ў Беларусі, адсутнасць дэмакратычных традыцый, недахоп непадцэнзурных уладам СМІ, сітуацыю з беларускай мовай у самой Беларусі.
Адказы на гэтыя лісты гучалі па-рознаму, але было відавочна, што рашэнне канчатковае. На яго прыняцце, паводле адказнай за распаўсюд міжнародных праграм Шведскага радыё Эле Кары Хойберг, паўплывала і агульная сітуацыя з вяшчаннем на кароткіх хвалях, якія не разглядаюцца цяпер як медыі будучыні. «Шведскае радыё будзе шукаць новыя шляхі для таго, каб размаўляць з публікай у свеце», цытуе спадарыню Хойберг Дзмітрый Плакс у апошняй праграме РШ на беларускай мове.
Розныя прычыны, якімі тлумачылі закрыццё беларускамоўнага вяшчання, абурылі не толькі беларусаў, але і шведаў. Ісабэль Сомэрфэльд, намесніца старшыні студэнцкай арганізацыі Ліберальнай народнай партыі Швецыі, звяртае ўвагу на блытаную аргументацыю: «Спачатку казалі, што, маўляў, радыё зрабіла выбар на карысць працягу вяшчання на рускай мове. Праз некаторы час — што Шведскае радыё не ёсць арганізацыяй па падтрымцы дэмакратычных рухаў за мяжой, і толькі потым стала вядома пра эканамічныя прычыны спынення вяшчання па-беларуску».
Аднак ёсць падстава меркаваць, што асноўная прычына палягае менавіта ў фінансавай дыеце, на якой «Радыё Швецыя» сядзіць ужо не першы год. Што датычыць праграм на замежжа, зазначае Чэрсцін Брумбэрг, грамадскае вяшчанне — гэта праект, накіраваны на развіццё дэмакратыі. Зыходзячы са шматгадовага досведу, яна падкрэслівае, што заўжды даводзіцца рабіць выбар і займацца мастацтвам магчымага, сачыць за тым, каб хапала грошай. Чэрсцін Брумберг таксама вымушаная была зачыняць праграмы. Наогул жа, на яе думку, недастатковы бюджэт РШ — гэта вынік непрадбачлівасці тых, хто прымае палітычныя рашэнні.
Апошняя акцыя пратэсту супраць закрыцця беларускамоўнага вяшчання Радыё Швецыя адбылася каля стакгольмскага Дому радыё напярэдадні выхаду ў эфір апошняй праграмы. У маніфестацыі ўдзельнічалі Ісабэль Сомэрфэльд, Марцін угла, старшыня Шведскай ініцыятывы «Усходняя група», якая спрыяе развіццю дэмакратыі ў краінах Усходняй Еўропы і цэнтральнай Азіі, а таксама студэнты і грамадскія актывісты. Яны перадалі кіраўніку Міжнароднага каналу Шведскага нацыянальнага радыё Інгемару Лёфгрэну спіс з подпісамі людзей, якія выступаюць супраць закрыцця беларускамоўнай рэдакцыі.
«Шкада і сумна»
Валянцін Акудовіч, куратар аддзялення філасофіі і літаратуры Беларускага калегіюму, каментуючы спыненне беларускамоўнага вяшчання «Радыё Швецыя», зазначае, што асабіста яму «шкада і сумна, што такая падзея здарылася»:
— Шведскае радыё па-беларуску для нас ёсць нечым большым, што не вымяраецца колькасцю слухачоў ці іншымі прагматычнымі аспектамі. Важным быў сам факт: у Швецыі ёсць радыё, якое гаворыць па-беларуску — не з Украіны, не з Польшчы, не з іншых суседніх краін, а з аддаленай ад нас Швецыі. Сумна, што спыніць беларускамоўнае вяшчанне вырашыла менавіта Швецыя — краіна, якая для нас з’яўляецца адным з ідэалаў-прыкладаў дэмакратыі. А дэмакратыя, у першую чаргу, — абарона меншасці. Дэмакратычныя прынцыпы, на якіх будуецца ЕС, ствараюць перадумовы для падтрымкі нацыянальных культур і моў, якія апынуліся ў цяжкім стане. Каб яны займелі магчымасць працягваць сваё існаванне, і больш за тое — выходзіць на ўзровень рэпрадукавання саміх сабе. Калі б гэта зрабіла Расія, гэта нас абсалютна не здзівіла б, і ніхто пра гэта нічога не гаварыў бы. Калі гэта робіць Швецыя з нейкіх прагматычных мэтаў — гэта здзіўляе. Ад каго заўгодна, але ад Швецыі такога не чакалі. Гэта па-першае.
Па-другое, — зазначае Валянцін Акудовіч, — РШ выконвала пэўную ролю ў разгортванні культурных і літаратурных стасункаў, якія апошнім часам дынамічна развіваюцца, і, што важна, усё часцей не па ініцыятыве «зверху», а дзякуючы шчырай і відавочна двухбаковай зацікаўленасці літаратараў, мастакоў ды наогул людзей, якія працуюць у розных галінах. Што датычыць уплыву на змены ў палітычным і сацыяльным жыцці Беларусі, то відавочна нельга казаць, маўляў, паслухаўшы РШ беларусы кінуцца нешта раптам мяняць у сваіх поглядах ці наогул у сваім жыцці.
— Каб дэмакратамі так хутка рабіліся, — кажа Валянцін Акудовіч, — то праблем з дэмакратыяй у свеце не было б. Нават магутнаму радыё «Свабода» давялося дзесяцігоддзі працаваць, каб цяпер прыпісваць сабе пэўную ролю ў разбурэнні Савецкага Саюзу. У лепшым выпадку сапраўды была ў гэтым нейкая іх роля. Але Шведскае радыё не магло зрабіць палітычную рэвалюцыю ў Беларусі, гэта так. Тым больш, што яно і не было палітызаваным. Разам з тым, трэба ўлічваць, што Беларусь мяняецца не з-за таго, што хтосьці дзесьці адзін штосьці зрабіў на карысць дэмакратызацыі краіны. Беларусь мяняецца з сумы ўсіх унутраных і вонкавых чыннікаў, якія змяняюцца штодня. І тут — што істотна — кожнае змяншэнне на адну адзінку гэтых чыннікаў, якія ўплываюць штодня на Беларусь на яе шляху да дэмакратыі, наўпрост замаруджвае гэты шлях. Кіраўніцтва «Радыё Швецыя» мае рацыю — у Беларусі ўсе разумеюць па-руску. Але губляецца вось такі плюс: гэтае радыё слухала нацыянальна заангажаваная беларуская супольнасць, і таго слухача, які быў у «Радыё Швецыя», яны губляюць. Знойдуць іншага ці не — гэта пытанне.
Падкасты ўсіх праграм «РШ» можна слухаць па спасылцы.
На фота: Яніна Фралова, Дзмітры Плакс, Лана Радзівонава і Юлія Канавалава ў рэдакцыйным пакоі Беларускай службы «Радыё Швецыя».
Фота: Sr.Se.
----------
Читайте также в номере:
Фото недели: Мемориал жертвам 11-го сентября во Всемирном торговом центре
Дар’я Гарошка. Асаблівасці нацыянальнага «Гуглу»
Сергей Николюк. Две логики выживания власти в Беларуси
Михась Ильинский. Уйгуры в Китае: меньшинство на своей земле
| Поисковое продвижение сайта с гарантиями за результат |
Падрабязьней пра гэту сытуёвіну можна прачытаці на (+ у камэнтах - прыкладны тэкст ліста да швэдаў па-ангельску): Крызіс vs. MOVA
http://resurs.by/general/soc/114-kryzis-vs-mova.html
Адтуль: "Самае прыкрае, што шведскія ўрадоўцы пачалі фінансовае сэквестраванне менавіта з белмовы ("адкату" ад яе ж ніякага няма). На розныя шведскія мільённа-еўравыя праграмы кшталту дапамогі пеніцыярнай сістэме РБ абмежаванні пакуль не распаўсюдзіліся (вакол падобных справаў заўжды таўчэцца колькі спрытных дзялкоў з абедзьвюх бакоў, збудаваўшыя за конт гэнай шведскай дабрачыннасці ладныя катэджы, дый наагул "жызня ўдалася"). Мяркую, што каб шведскі ўрад узяў пад пільны кантроль ўсе сумы, што перасоўваюцца на стакгольмска-менскім напрамку, дык закрыцця беларускае рэдакцыі SR International-Radio Sweden і не спатрэбілася б..."
Отправить комментарий