pARTisan. Альманах сучаснае беларускае культуры. Выпуск 9/2009.
Як для настолькі "неперыядычнага" выдання, гэтым разам "pARTisan" спрацаваў надзіва аператыўна. Праблема, якую паставілі перад сабой аўтары альманаха і іх суразмоўцы - захаванне гістарычных і культурных каштоўнасцяў ва ўмовах мадэрнізацыі горада Мінска. Становішча і праўда крытычнае: з надыходам лета цэнтр гораду ператварыўся ў джунглі будаўнічых руінаў, а калісьці маляўнічыя ўскраіны нападоб той жа Лошыцы або Грушаўкі спрэс пераараныя бульдозерамі. Горад, у якім мы жывем, "закукліўся" у рыштаванні ды палотнішчы з рэкламай будматэрыялаў, і што вылузгаецца з гэтай "кукалкі" - страшна нават уявіць. Радыкалы-кансерватары пад кіраўніцтвам Артура Клінава заклікаюць: спынім развіццё пачвары! Не папусцім "марсіянам-інвестарам"!
Ідэя культурна-архітэктурнага супраціву абвяшчаецца адразу ў праграмным уступным артыкуле галоўнага рэдактара Артура Клінава, за якім, у якасці абгрунтавання, ідзе інтэрв'ю рэдакцыі (?) з ім жа самім. Відаць, што спадар Артур моцна атаясамлівае горад Мінск з мастацкім светам уласных раманаў і твораў. Усё, што адбываецца з горадам, - гэта адначасова і ўмяшальніцтва ў яго персанальную біяграфію, і развіццё сюжэта з яго ўлюбёным героем – Горадам Сонца. Каштоўнасць яго рыторыкі - мастацкая, а не палітычная, хоць яго заявы і падаюцца радыкальнымі маніфестамі раннесавецкага кшталту.
Ідэя, свежая для розуму шматлікіх менчукоў, хоць і заўсёды патаемна блізкая іх душы: "сталінскі ампір", забудова пяцідзесятых гадоў, - такая самая каштоўная гістарычная спадчына, якой быў бы зруйнаваны Стары горад. Дзевяты “pARTisan” найбольш каштоўны каментарамі спецыялістаў, што ледзь не сілком прымушаюць паверыць: наш родны горад – такі, як ён ёсць, - мажліва і неабходна любіць і бараніць. Ігар Байцоў у сваім артыкуле "Горад клясічнай архітэктуры" пераканаўча тлумачыць роднасць класічнага накірунку ў мінскай савецкай архітэктуры і старажытнага мінскага барока. Антон Астаповіч, старшыня Рэспубліканскай рады Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, тлумачыць у інтэрв'ю, якія меры абароны былі б дарэчы, і распавядае пра іх нарматыўна-прававую аснову. Архітэктар Уладзімер Папруга прапануе альтэрнатыўны праект мадэрнізацыі горада. Мастак Міхал Анемпадыстаў дае волю настальгіі над рэшткамі драўлянай забудовы Мінска. Нетрадыцыйная для pARTisan'а форма соцапытання выносіць на яго старонкі асноўныя тэзісы грамадскай дыскусіі вакол пабудовы гатэля "Кемпінскі".
З пазатэматычных публікацыяў хацелася б вызначыць пераклады сучаснага нямецкага жаночага апавядання, што выкананыя Ірынай Герасімовіч. Як падбор літаратурных твораў, так і якасць перакладаў робяць гонар спадарыне Ірыне; творы Ільмы Ракуза, Марыцы Бодрожыч і Кірстэн Фукс абавязкова прынясуць задавальненне чытачам, чый густ выхаваны часопісам "Иностранная литература".
Таксама нельга прамінуць канцэптуальную фотасесію Андрэя Шчукіна, Дзяніса Нядзельскага і Алены Міт. Эксперыменты з лінзамі і люстэркамі ствараюць “чацвертае вымярэнне”, прарывы праз дакументальную паверхню фотаздымку ва ўяўны свет мастацтва.
Цікава глядзіцца і фотасесія Андрэя Лянкевіча з Янам Маўзерам. Хоць і не настолькі канцэптуальна. Голы Маўзер, лідэр аднайменнага гурта, спрабуе здзейсніць перад намі правакацыю. Атрымоўваецца тыповы заклапочаны хлопчык-нефармал на фоне тканіны "спанбонд", якой звычайна накрываюць агуркі... "Я не працую на нармальнай працы, бо думаю, што гэта - ісці супраць Бога." Цікава, а хто ж яго баршчом корміць? Закаханыя фанаткі?
Кожнае выданне “pARTisan” прэтэндуе не на “перыядычны друк”, а на культурны артэфакт, што ўпрыгожыць хатнюю бібліятэку нараўне з мастацкімі альбомамі. Няхай бы добрыя фота і тэксты – засталіся, а ўсе праблемныя артыкулы як мага хутчэй састарэлі. Аднак, хто добра ведае беларускую рэчаіснасць, той прадчувае, што ўзнятыя пытанні ды аргументы будуць актуальныя і праз год, і праз дзесяць, як былі і дзесяць, і дваццаць гадоў таму. А шкада – і шкадоба гэтая толькі завастраецца па прачытанні часопіса. Словамі вядомага літаратара і даследчыка Сяргея Харэўскага, "архітэктура - самая выяўная, бачная частка нацыянальнае самасьці..." Ці гатовыя мы яе згубіць?

| Поисковое продвижение сайта с гарантиями за результат |
Отправить комментарий