03 September 2010, Friday

Кніга года. Як з сучаснасці робіцца мінулае

Кніга года. Як з сучаснасці робіцца мінулае

Берасцеец Сяргей Прылуцкі – паэт з культурнага памежжа, сталы наведвальнік украінскіх фестываляў. Літаральна на днях ён вярнуўся з чарговага туру паэтычных гастроляў.

* Статья опубликована в № 4 PDF-журнала "Новая Эўропа".

Сяргей Прылуцкі. Дзевяностыя forever. Мінск "Медисонт" 2008

Статьи по теме

Статей по теме этого материала пока нет

Паэтам цяжэй за іншых прымаць выклік сучаснасці – што ад грамадства, што ў творчасці. Традыцыі паэзіі ды прозы, што засталіся нам у спадчыну ад XIX і XX стагоддзяў, яшчэ магчыма неяк працягваць: спажыўшы гатовы рэцэпт вострасюжэтнай навэлы або раману-жыццяпісу, чытач звычайна застаецца задаволены.

Але як сцвердзіць сябе тым, ад каго чакаюць адначасова, каб і руку на пульсе часу трымаў, і "каб не горш за тое, што было"? Тым больш у постсавецкім асяроддзі: тут усе і без цябе ведаюць, якой мае быць сапраўдная паэзія, бо выраслі на Пушкіне і Купале.

Берасцеец Сяргей Прылуцкі – паэт з культурнага памежжа, сталы наведвальнік украінскіх фестываляў. Літаральна на днях ён вярнуўся з чарговага туру паэтычных гастроляў, выступіўшы ў траўні на "Кіеўскіх лаўрах" ды на "Беларускай вясне" ў Львове, дзе яго ўшанавалі персанальным літаратурным вечарам. І, радуючыся за талент суайчынніка, часам скажаш сабе: як добра, што ён яшчэ не налаўчыўся па-ўкраінску. Бо скралі б! Хоць Сяргей і на радзіме мае заслужаную рэпутацыю ды кніжку – зборнік "Дзевяностыя forever", якую ў 2008 годзе згадалі ў асабістых рэйтынгах навінак такія паспяховыя маладыя аўтары, як Марыя Мартысевіч і Павал Касцюкевіч.

Сама назва зборніка абвяшчае настальгію па часах, што мінулі якіхсьці дзесяць гадоў таму. Тэрмін зусім нязначны – не тое што ў культурна-гістарычных, але нават і ў асабіста-чалавечых маштабах. Мо гэта і ёсць прыкмета пярэдняга краю культуры? Вяртаючыся да сучаснай паэзіі – што новага, пачынаючы ад тых самых слаўных дзевяностых, яна вынайшла дзеля апраўдання сваёй актуальнасці? Мову, стылістыку, тэматыку – ці не зашмат усяго? І што з гэтага застанецца сапраўды важным?

Ды пачуецца зь неба анёльскае рэгі
і ты радасна ўсклікнеш: “Во-бля-ха-рас-тво!”

Прылуцкі сярод тых, хто, пакінуўшы ў спакоі мову ды сэнс, – хай жывуць! – спрабуе па-новаму пераасэнсаваць саму асобу лірычнага героя. Такім чынам, ён уводзіць ва ўяўна-казачны свет беларускай літаратуры асоб, чыя прысутнасць у адным літаратурным дыскурсе з Бандароўнай або Алесем Рыбкам – яўны маветон.

Жанчыны чытаюць “Алесю” і Vogue.
Мужчыны віно распіваюць на трох.

Нельга сказаць, што ўсе гэтыя героі, настолькі добра знаёмыя нам з жыцця, у навіну і тут, у літаратуры. У памянёныя вышэй дзевяностыя алкаголікаў, цынікаў ды распуснікаў сярод беларускіх літаратараў было колькі заўгодна, калі не большасць, – тое самае можна сказаць і пра іх герояў. Але, можа быць, упершыню маніфестацыя сябе як такога супала з выдатным валоданнем адпаведнай лексікай ды стылістыкай. А можа – цяжка сказаць, не пераходзячы на асобы, – менавіта Сяргей здолеў адасобіцца ад уласнага персанажу, падаючы маргінальнасць не як персанальную стыгмату, але як літаратурны прыём.

Я – арфей, словаблуд, мацюгальнік заўзяты...

Па-майстэрску граючы на кантрастах, Прылуцкі ўкладае ў вусны свайго нехлямяжага героя папраўдзе паэтычную мову, не горшую ад той, якой размаўляюць чытачы "Нашай Нівы". Гэтая мова застанецца літаратурна валіднай ды ліквіднай у любым чытацкім асяроддзі, нават з папраўкамі на “падонкафскі” жаргон або на рэдкае, але непазбежнае брыдкаслоўе.

Ды пачуецца зь неба анёльскае рэгі
і ты радасна ўсклікнеш: “Во-бля-ха-рас-тво!”

У адрозненне ад большасці беларускіх мужчын-паэтаў, Прылуцкі выдатна трымае рытм, а таксама стыль і рыфму, што яшчэ лепш заўважна на прыкладзе яго пазнейшых, больш спелых вершаў. Развіваць гэтае ўменне ў век разбэшчанага верлібру – прыкмета выхаванай высокай культуры. Праўда, з ёй спалучаецца творчая разняволенасць, што прыводзіць да правакацый наступнага кшталту:

...А цяпер
здымі, Франчэска, майтачкі, – я хутка
ўвінчу і паскачу на працу.

Ці адразу ўцяміць слухач-тусоўшчык на паэтычным слэме, адкуль узялася гэтая Франчэска? Але, з іншага боку: ці здолее чалавек, што нарадзіўся раней за 1980 год, зразумець усю паэтычнасць – ці нават проста літаральны сэнс таго,

...Як па сходах імкліва спускаецца ўніз
разьняволены ролер

Або прачуць, як:

...Ізноў, нібы забаўка-тамагочы,
я віртуальна падыхаю....

Каштоўнасць Прылуцкага не ў словатворчасці або заўзятым наватарстве, не ў “мове вуліц” і не ў цытатах з класікі, а на перакрыжаванні ўсяго гэтага, то бок у яго адэкватнасці самому сабе і свайму часу. Насамрэч трохі смешна глядзець, як асобныя крытыкі прыходзяць у захапленне ад таго, што нейкі паэт ужыў слова "білборд" або "fun". Гэта нагадвае радасць бацькоў ад першага слова дзіцяці, якое самі яны нават і не зразумелі. Пры тым, што большасць з нас даўно ўжо не дзеці, і словы, падобныя гэтым, у нашым паўсядзённым ужытку сустракаюцца значна часцей, чым "хараство", "уздзірванелы" або, прабачце, "чэлес".

І можа быць, Прылуцкі, са сваёй трохі заранняй настальгіяй па ўласным падлеткавым узросце, – найсапраўднейшы традыцыяналіст белліту. Калі праводзіць паралелі з традыцыяй, то сацыяльна і псіхічна герой Прылуцкага – той самы "дурны мужык" класічнага Адраджэння, маргінал у смярдзючых штанах, сапсаваны здольнасцю да самарэфлексіі. Відаць, настаў час для элітаў даць слова і гэтаму мужыку – менавіта дзеля гэтага ён цудоўным чынам загаварыў на іх мове.

Новости партнеров: RedTram

Post new Comment

Содержание этого поля является приватным и не предназначена к показу.
CAPTCHA
Protection from spam
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.