Тытанік эўрапейскай дэмаграфіі
Тытанік эўрапейскай дэмаграфіі
"Заход Эўропы" набыў вельмі канкрэтныя абрысы: старой Эўропе можа быць наканавана ня зьнікнуць у Апакаліпсісе чарговай сусьветнай вайны, ціхае, павольнае і ў нечым бясслаўнае выміраньне.
Эўропа даўно перастала быць эканамічным, навуковым ды інавацыйным лякаматывам плянэты, саступіўшы вядучую ролю ўжо ня толькі Злучаным Штатам, але ўсё болей і краінам паўднёва-ўсходняй Азіі, Індыі, Бразыліі і Кітаю. Дэмаграфія ж ставіць пад сумнеў жыцьцяздольнасьць традыцыйнай “эўрапейскай Эўропы” на чыста фізычным узроўні. Сярэдняя нараджальнасьць у краінах Эўрапейскага Зьвязу за апошнія гады паступова ўпала да 1,43 дзіцяці на жанчыну пры ўзроўні, неабходным для ўзнаўленьня, ніяк ня меншым за 2,1.
Па найбольш выразным сымптоме зазвычай называюць гэты працэс "старэньнем насельніцтва", бо ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве ён немінуча знойдзе выражэньне ў крызысе дзяржаўна-пераразьмеркавальнай пэнсійнай сыстэмы, дзе дысбалянс паміж колькасьцю працуючых падаткаплацельшчыкаў і пэнсіянэраў на іх укосным утрыманьні набудзе крытычны характар. Паводле прагнозаў, паміж 2010 і 2050 гг. колькасьць жыхароў ЭЗ у працаздольным узросьце зьменшыцца на 48 млн чалавек, а колькасьць пэнсіянэраў вырасьце на 58 млн.
У доўгатэрміновай пэрспэктыве "старэньне насельніцтва" азначае яго выміраньне або рашучае абнаўленьне, замену яго на насельніцтва з устойлівай здольнасьцю да самаўзнаўленьня. Такім чынам дэмаграфічныя тэндэнцыі апошніх дзесяцігодзьдзяў недвухсэнсоўна паказваюць, што праз 50 ці 100 гадоў Эўропа, магчыма, будзе пераважна населеная зусім іншымі людзьмі, чым цяпер.
Імiграцыя супраць старэньня эўрапейцаў
Нягледзячы на нізкую нараджальнасьць, ЭЗ падтрымлівае агульны рост насельніцтва ў апошнія гады. Гэта робіцца за кошт іміграцыі, што абумоўлена прывабнасьцю ЭЗ для імігрантаў і попытам на працоўную сілу з боку эўрапейскай эканомікі. На прыцягненьне культурна блізкай да эўрапейцаў працоўнай сілы скіроўвалася нямецкая праграма рэпатрыяцыі немцаў з Казахстану, маштабная рэпатрыяцыя белага насельніцтва з Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі. Пасьля далучэньня Ўсходняй Эўропы да ЭЗ, заходнеэўрапейскі пыласос пачаў засмоктваць адтуль сотні тысяч працаўнікоў. Але асноўная крыніца сьвежых працоўных рэсурсаў для заходнеэўрапейскіх эканомікаў – гэта Турэччына і былыя калёніі: Індыя, Пакістан, Афрыка. Не эўрапейскія, але дэмаграфічна здаровыя.
На сёньня жыхары імігранцкага паходжаньня складаюць прыкладна 8% насельніцтва Вялікабрытаніі, 9% насельніцтва Нямеччыны. У меншых эўрапейскіх краінах сытуацыя больш яскравая: у Нідэрляндах і Швэцыі гэтая лічба складае 18%, і гэты паказьнік зь цягам часу будзе толькі расьці.
Дэ факта дэмаграфічныя лічбы Заходняй Эўропы набылі характар павольнага незваротнага выміраньня аўтахтоннага эўрапейскага насельніцтва і яго замены на мігрантаў неэўрапейскага паходжаньня. Паказальны прыклад Нарвэгіі, дзе сярэдні ўзровень нараджальнасьці па ўсёй краіне ў 2006 складаў 1,9 дзіця на жанчыну. Калі ж разглядаць статыстыку паводле краіны нараджэньня жыхарак Нарвэгіі, характар лічбаў нараджальнасьці дазваляе зрабіць досыць адназначныя высновы: Нарвэгія – 1,8, Самалі – 4,4, Ірак – 4,3, Марока – 3,6, Пакістан – 3,2 і гэтак далей. Францыя на гэты момант нават перажывае натуральны прырост насельніцтва, зьвязаны ў першую чаргу менавіта з нараджальнасьцю ў сем'ях імігрантаў, якая дазваляе кампэнсаваць нізкі паказчык у аўтахтонаў.
Зь цягам часу гэтыя тэндэнцыі, хутчэй за ўсё, перакінуцца і на краіны Ўсходняй Эўропы: насельніцтва вымірае ў нашым рэгіёне яшчэ больш хуткімі тэмпамі, чым на Захадзе, да гэтага дадаецца інтэнсіўная эміграцыя ў заходнія краіны ЭЗ.
Шляхі постэўрапейскай культуры
Імігранты робяцца часткай эўрапейскага грамадзтва і зьмяняюць яго, у выніку яно перастае быць эўрапейскім у традыцыйным сэнсе слова. У 2007 годзе Мухамад было другім па папулярнасьці імём сярод нованароджаных дзяцей у Вялікабрытаніі. Мусульманскае насельніцтва Заходняй Эўропы за апошнія 30 гадоў вырасла ўтрая і да 2020 г. вырасьце яшчэ ў 2 разы. І ў выніку, паводле некаторых ацэнак, у 2050 г. кожны 5 эўрапеец будзе мусульманінам. Асобныя раёны Лондану, Парыжу, Бэрліну ўжо цяпер суцэльна населеныя людзьмі неэўрапейскае культуры. Пытаньне ў тым, калі чалавек імігранцкага паходжаньня ўпершыню зробіцца прэм'ер-міністрам Вялікабрытаніі ці канцлерам Нямеччыны. Ня лішнім будзе дадаць, што прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі ўжо ёсьць нашчадкам вугорскіх і габрэйскіх імігрантаў, хаця, што цікава, і прадстаўляе кансэрватыўны флянг францускае палітыкі.
Паводле некаторых меркаваньняў, мы стаім перад пэрспэктываю таго, што пад канец нашага жыцьця ў Эўропе будзе дамінаваць неэўрапейская/постэўрапейская культура. З-за дэмаграфічных чыньнікаў эўрапейская цывілізацыя, якой мы яе ведаем, апынаецца перад лёсам Старажытнага Рыму: згубіўшы пасыянарнасьць і фізычную жыцьцяздольнасьць, яна цягам бліжэйшых пары стагодзьдзяў будзе распушчаная ў іншакультурным моры. Заяўлены яшчэ ў пачатку мінулага стагодзьдзя "заход Эўропы" цяпер набыў канкрэтныя і да крыўднага трывіяльныя абрысы: канцом Эўропы, магчыма, будзе не чарговая сусьветная вайна і не прыродны катаклізм, а ціхае, павольнае і ў нечым бясслаўнае выміраньне.
Магчыма, што з гэтым лёсам нам трэба зьмірыцца. Прынцыпова ў апісаных дэмаграфічных працэсах няма нічога трагічнага і незвычайнага: этнічны склад насельніцтва Эўропы за тысячагодзьдзі мяняўся неаднаразова, хаця гэтым разам размова ідзе пра нашмат хутчэйшыя тэмпы гэтага працэсу і нашмат большую яго радыкальнасьць і непрадказальнасьць. З глябальнага і агульнацывілізацыйнага пункту гледжаньня няма розьніцы, на якіх мовах будуць размаўляць у Эўропе ў 2200 г. і які колер скуры будуць мець жыхары нашага кантынэнту. Пытаньне ў тым, наколькі пост-эўрапейцы змогуць успрыняць культурныя і грамадзкія каштоўнасьці старой Эўропы, ці здолее гэтая Эўропа перадаць ім у спадчыну каштоўнасьць правоў чалавека, індывідуальнай свабоды і адказнасьці, якія ў свой час дапамаглі ёй дасягнуць унікальнага ў гісторыі чалавецтва сацыяльна-эканамічнага і культурнага прагрэсу – і пабочным эфэктам якіх, імаверна, зрабілася і сёньняшняе дэмаграфічнае становішча.
Адназначнага адказу на гэтае пытаньне няма – з аднаго боку "да добрага прызвычаіцца проста", і нашчадкі імігрантаў у другім ці трэцім пакаленьні звычайна добра інтэграваныя ў эўрапейскае грамадзтва на ўзроўні побыту і звычак. Зь іншага боку, шырока вядомыя факты рокашаў у імігранцкіх прадмесьцях Парыжа, папаўненьне шэрагаў ісламскіх экстрэмісцкіх груповак за кошт эўрапейцаў імігранцкага паходжаньня, што яскрава сьведчыць і пра праблемы ў гэтым пляне. Тым ня меней, перад намі, носьбітамі эўрапейскай культуры, ідэнтычнасьці, традыцыі, перад абарыгенамі Эўропы, паўстае чыста, можна сказаць, эгаістычнае пытаньне: што рабіць перад рэальнаю пэрспэктывай нашага фізычнага скону?
Ці будзе заўтра інакш, чым мы ўяўляем сёньня?
Мацней гучаць наіўныя заклікі ці то запасацца зброяй напярэдадні сацыяльна-этнічных канфліктаў, ці то змагацца за ўсталяваньне аўтарытарнага рэжыму з забаронай іміграцыі, ісламу і гомасэксуалізму. Абвастрэньне ксэнафобіі, яе паступовы выхад з побытавага ўзроўню на ўзровень палітычны, можна ацаніць як нейкую неканструктыўную спробу рэакцыі, хаця здаецца, што на грамадзка-культурным узроўні заходнія эўрапейцы маюць замоцную алергію на кансэрватыўны і нацыяналістычны дыскурс. Усплёск правага папулізму больш нагадвае форму агоніі, гістэрычную і беспэрспэктыўную да таго часу, пакуль яна не перастане быць сублімацыяй асабістых комплексаў, не пазбавіцца павярхоўнасьці ды агрэсіўнасьці.
Аптымальным наіўна-ідэалістычным выйсьцем было б спрабаваць перабіць тэндэнцыю і вярнуць дэмаграфію Эўропы да ўзроўню самаўзнаўленьня і незалежнасьці ад далейшага прытоку імігрантаў. Выкананьне гэтай задачы можа быць рэалістычным на індывідуальным узроўні, але падаецца маларэальным на ўзроўні грамадзкім, пагатоў ва ўмовах, калі няма часу на асьветніцкую працу і на чаканьне яе вынікаў.
Пакуль выглядае, што шансаў у нас няма. Унукі ці праўнукі большасьці з нас хутчэй за ўсё будуць мусульманамі і будуць мець цёмную скуру. Мірную тонучую “эўрапейскую Эўропу” можа выратаваць толькі буйнамаштабны шок – такі, які шмат якім з нас не наканавана было б перажыць і якога мы таму сабе наўрад ці б пажадалі.
Назіраць павольны надыход дэмаграфічнага канца нашай цывілізацыі, які яшчэ нашыя дзяды не маглі сабе ўявіць, – пачуцьцё дзіўнае і вусьцішнае. Што рабіць матросу Тытаніка, які ўбачыў набліжэньне айсбэрга, але ўжо ня можа перадухіліць катастрофу? Можна далучыцца да вечарыны, што працягваецца на палубе, і апошні раз у жыцьці папіць шампанскага. Можна загадзя зарэзэрваваць сабе месца ў шлюпцы – што таксама зусім не гарантуе выжываньня. Можна памаліцца і па-самурайску спакойна чакаць канца. Урэшце, выжываньне ці скон нейкай культуры ёсьць рэччу дробнай і неістотнай у маштабах Вечнасьці – як і кожнаму чалавеку аднойчы давядзецца памерці.
Спадзявацца застаецца толькі на тое, што за апошнія паўтара стагодзьдзя сьвет мяняўся надта імкліва і надта радыкальна, каб разьлічваць на просталінейнае разьвіцьцё сытуацыі. Камунізм так і не запанаваў на плянэце, Зямля так і не сутыкнулася з мэтэарытам. А таму, можа, і сапраўды пакуль ранавата хаваць Эўропу.
Фота: DayLife.Com.



Эўрапейская арыентацыя Турэччыны не абсалютная, дый Босьнія - прыклад падпарадкаваньня мусульманскім сьветам эўрапейскага народа і прыняцьця гэтым народам ісьляма, але не калянізацыі Эўропы іншаземцамі. Постэўрапейскі лібэральны ісьлям, які ўспрыме каштоўнасьці старой Эўропы - гэта сапраўды рэалістычная карціна, як і яго сутыкненьне з ісьлямскай татарска-чачэнскай пост-Расеяй (хаця больш імаверны яе распад на некалькі дробных частак, якія не абавязкова будуць кансалідавана супрацьстаяць Эўропе).
Але ўсё гэта будзе ўжо далёкая ад нас і тым болей ужо не датычная нас гісторыя...
Еўрапейскія каштоўнасці застаюцца, пра што сведчыць гісторыя. Няма грэчаскай і рымскай цывілізацый, але каштоўнасці іх культуры засталіся. Еўраісламізм таксама можа мець пад сабой далёкі гістарычны еўрапейскі падмурак (Боснія). Узяць праеўрапейскую арыентацыю Турцыі. Будзе у нас свой ісламізм, еўрапейскі, не хвалюйцеся.
Жудасна будзе тады, калі аўтахтонаў ужо не будзе, а сутыкнуцца расейскі і еўрапейскі ісламізмы.
Пэсімізм - таксама еўрапейская з'ява.
Post new Comment