Насустрач грамадзянскаму форуму
Насустрач грамадзянскаму форуму
Беларусь будзе рухацца ў эўрапейскім кірунку, калі ўлады зразумеюць патрэбу кансультацыяў з прадстаўнікамі грамадзянскае супольнасьці.
Грамадзкія арганізацыі з Эўразьвязу і шасьці запрошаных да ўдзелу ва "Ўсходнім партнэрстве" постсавецкіх краінаў зладзілі свой саміт 5-6 траўня ў Празе. Беларускі трэці сэктар на гэтай міжнароднай канфэрэнцыі прадстаўлялі некалькі ўплывовых арганізацыяў, у тым ліку і карпаратыўны суб’ект Асамблея НДА. Сваімі ўражаньнямі ад працы форуму падзяліўся старшыня Рабочай групы Асамблеі Сяргей Мацкевіч.
Ці ўдалося асамблееўскай дэлегацыі дасягнуць якіх-небудзь канкрэтных вынікаў на канфэрэнцыі “Ўсходняе партнэрства: насустрач грамадзянскаму форуму”?
Для Асамблеі, якая рэпрэзэнтуе вялікі сэгмэнт грамадзянскае супольнасьці ў Беларусі (некалькі сотняў дэмакратычных НДА), вельмі важна спрычыніцца да распрацоўкі аптымальнай мадэлі будучага Грамадзянскага форуму. Аднак варта зазначыць, што асабіста я не перабольшваю магчымасьцяў выкарыстаньня "Ўсходняга партнэрства" ў мэтах абуджэньня грамадзкае ініцыятывы ў краіне, а таксама мамэнтальнага выпраўленьня сытуацыі ў сфэры свабоды асацыяцыяў. У кожным разе патэнцыйныя ўдзельнікі форуму грамадзянскай супольнасьці мусяць абсалютна ясна ўсьвядоміць, што праская канфэрэнцыя ў пэўным сэнсе толькі паспрабавала сабраць меркаваньні ўплывовых арганізацыяў рэгіёну. Калі эўрачыноўнікі ды іх беларускія калегі ўлічаць пры падпісаньні канкрэтных дакумэнтаў нашыя заўвагі і прапановы, гэта будзе значыць, што нам удалося выканаць задачу-мінімум.
Канфэрэнцыя, на якой мы прысутнічалі, не праходзіла ў межах устаноўчага саміту новай ініцыятывы ЭЗ "Усходняе партнэрства". Разам з тым, прадстаўнічую канфэрэнцыю НДА, якая амаль супала паводле датаў з правядзеньнем афіцыйнага саміту, я акрэсьліў бы наступным чынам: актуальная сустрэча ў патрэбным месцы і ў патрэбны час. Дзякуючы нашым чэскім партнэрам, якія стварылі якасную камунікатыўную пляцоўку, мы змаглі супольна выказацца і быць пачутымі.
Асноўнаю мэтаю канфэрэнцыі была падрыхтоўка ўзгодненых рэкамэндацыяў для саміту, у першую чаргу, да пытаньняў удзелу грамадзянскай супольнасьці ва "Ўсходнім партнэрстве". З гэтаю задачай удзельнікі канфэрэнцыі справіліся. Галоўная ідэя, якая аб’ядноўвае разнастайныя меркаваньні, у тым, што любыя ініцыятывы "Ўсходняга партнэрства" (далей - УП), у тым ліку тыя, што не датычаць наўпрост правоў чалавека і дэмакратыі, мусяць праходзіць пры ўдзеле і пад кантролем грамадзянскае супольнасьці. Нават пытаньні энэргетычнай бясьпекі і эканамічнай інтэграцыі ня мусяць заставацца па-за ўвагаю грамадзтва. Беларусь будзе рухацца ў эўрапейскім кірунку, калі ўлады зразумеюць патрэбу кансультацыяў з прадстаўнікамі грамадзянскае супольнасьці на ўсіх этапах рэалізацыі праграмаў: ад фармуляваньня мэтаў да маніторынгу дзейнасьці.
Форум грамадзянскага партнэрства будзе мець сэнс, калі структурам трэцяга сэктару ўдасца зрабіць свой унёсак у дасягненьне заяўленых мэтаў "Усходняга партнэрства". У выніку гэта можа паспрыяць разьвіцьцю і ўзмацненьню ўсёй грамадзянскае супольнасьці.
Ці згодныя Вы з наступнаю тэзай: “эпізоды парушэньняў правоў чалавека і недахопы дэмакратыі ў Беларусі трэба разглядаць як асобныя выпадкі, каб не ператвараць іх у вызначальную перашкоду для ўдзелу Беларусі ва "Ўсходнім партнэрстве”?
Такая фармулёўка мяне як прадстаўніка Асамблеі адназначна не задавальняе. Мы ня лічым, што ў Беларусі маюць месца толькі асобныя выпадкі недахопу дэмакратыі. Больш за тое, на сёньняшні момант назіраюцца сыстэматычныя парушэньні правоў чалавека, а вось сыстэматычных зьменаў да лепшага ў зьвязку з так званай лібэралізацыяй наадварот ня бачна. Трэба сказаць, што пытаньне правоў чалавека было адною з найбольш вострых тэмаў праскай канфэрэнцыі “Ўсходняе партнэрства: насустрач грамадзянскаму форуму”. Што праўда, яно не заўжды гучала на першым пляне. Таму не адбылося і сапраўднай дыскусіі наконт таго, наколькі пытаньне захаваньня правоў чалавека вызначальнае для ўдзелу НДА ва УП.
Як, у прынцыпе, не атрымалася і знайсьці кансэнсусу ў асяродку прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці Беларусі адносна гэтага пытаньня. На гэты момант паралельна існуюць дзьве пазыцыі. Апалягеты першага гледзішча цьвердзяць, што парушэньні правоў чалавека - кропкавыя і ня мусяць перашкодзіць удзелу Беларусі ва УП. Прыхільнікі другога пункту гледжаньня заяўляюць, што правы чалавека ня мусяць быць прадметам гандлю. Асамблея падзяляе апошнюю пазыцыю. Мы заяўляем: удзел Беларусі ў праграмах УП мусіць ставіцца ў залежнасьць ад прагрэсу ў галіне правоў чалавека і дэмакратыі.
Якія прапановы Асамблея, якая прадстаўляе значную частку дэмакратычнага грамадзкага сэктару, высунула падчас канфэрэнцыі? Перад ад’ездам была ідэя заручыцца падтрымкай эўрапейскіх партнэраў для правядзеньня грамадзкіх слуханьняў. Што з гэтага выйшла?
Свае прапановы наконт фармату Грамадзянскага форуму Асамблея даслала структурам Эўракамісіі яшчэ некалькі тыдняў таму. Непасрэдна на канфэрэнцыі нашая арганізацыя спрабавала акцэнтаваць увагу на крытычных пытаньнях. Сярод іх і пункт, датычны правядзеньня публічных дыскусіяў на актуальныя для грамадзянскае супольнасьці тэмы. Напрыклад, дыскусія пра неабходнасьць зьменаў у заканадаўстве аб НДА.
Падчас канфэрэнцыі было прыемна ўбачыць, што ў пытаньні правядзеньня публічных дыскусіяў у нас няма разыходжаньняў з прадстаўнікамі грамадзкіх сэктараў іншых краінаў. Як выявілася, будучы Грамадзянскі форум зможа ініцыяваць падобныя дыскусіі, прычым як на нацыянальным, так і на наднацыянальным узроўні.
На маю думку, абмеркаваньні абавязкова мусяць праводзіцца ў краіне з прыцягненьнем як мага большай колькасьці зацікаўленых бакоў. Вельмі ня хочацца, каб атрымалася, што дыскусіі прайшлі ў кулюарах і толькі з удзелам так званых “канструктыўных” арганізацыяў зь ліку "дзяржаўных НДА" (т.зв. GoNGO) ды вузкага колу ляяльных да ўлады экспэртаў. Аднак на сёньня можна канстатаваць, што адэкватнага мэханізму правядзеньня публічных дыскусіяў - а таксама ўдзелу ў іх эўрапейскіх партнэраў у якасьці пасярэднікаў - яшчэ распрацаваць не ўдалося. Гэта значыць, што бліжэйшым часам Асамблеі ды іншым дэмакратычным арганізацыям варта гэтым займацца. Мы мусім сфармуляваць грунтоўныя і як мага шырэй узгодненыя ў беларускім грамадзкім сэктары прапановы. Тады, мяркую, чарговае расчараваньне ад разьдзьмутых заўчасна чаканьняў не наступіць.
Якія рэкамэндацыі для будучага Грамадзянскага форуму былі прынятыя на канфэрэнцыі?
Падчас канфэрэнцыі грамадзкія арганізацыі ды экспэрты запрошаных у ініцыятыву "Ўсходняе партнэрства" краінаў распрацавалі рэкамэндацыі. У выніку, быў прыняты даволі грунтоўны дакумэнт: Policy Recommendation for Eastern Partnership Summit. Вядома, рэкамэндацыі ў першую чаргу тычыліся ўдзелу грамадзянскай супольнасьці ў праграмах "Усходняга партнэрства", але ня толькі.
Рэкамэндацыяў дастаткова шмат, і я толькі пералічу некаторыя важныя для нас:
- Мусяць быць усталяваныя ясныя індыкатары для таго, каб ацаніць прагрэс з пункту гледжаньня дэмакратыі ды выкананьня законаў (…). Эўразьвяз мусіць уключыць ацэнку стану дэмакратыі, выбарчых працэсаў, правоў чалавека паводле стандартаў, замацаваных у дакумэнтах Рады Эўропы, ААН, АБСЭ, у рэгулярныя ацэнкі прагрэсу.
- Грамадзянскі форум мусіць быць запрошаны да ўдзелу ў маніторынгу працы ўладаў, скіраванай на рэлізацыю праграмаў "Усходняга партнэрства".
- Грамадзянскі форум мусіць быць уцягнуты ў працу і маніторынг супольных (Эўразьвяз – краіна "Усходняга партнэрства") падкамітэтаў для арганізацыі мэханізму зваротнай сувязі паміж Эўракамісіяй і ўрадамі краінаў праграмы.
- Для таго, каб зрабіць унёсак у рэалізацыю двухбаковых пагадненьняў паміж Эўразьвязам і краінамі "Ўсходняга партнэрства", Грамадзянскі форум мае стварыць свае нацыянальныя сэкцыі.



Сп.Мацкевіч,як Вам удалося даць інфармацыю і не назваць ні аднаго прозьвішча а толькі "мы", "удзельнікі" і т.д.
А прынамсі - ісціна заўседы канкрэтна.
Таму Вы мусіце назваць удзельнікаў гэтага форума, інакш ен выглядае не вельмі пераканана.
З павагай
Post new Comment