Тэксты. Літаратурна-мастацкі праект. Нумар 12. Рыба. Другі фронт мастацтваў, 2009.
Літаратурная тусоўка былога «Бум-Бам-Літу» пры судзеянні Беларускай партыі Зялёных выдала зборнік у падтрымку крамы «Рыба», што на Карла Маркса 26.
«Маленькая крама, дзе інтэр’ер быццам закансерваваны з часоў, калі сюды хадзілі Машэраў або Караткевіч», як піша пра яе адзін з каардынатараў праекта Лёлік Ушкін, рызыкуе зрабіцца ахвярай гарадской мадэрнізацыі. Сярод літаратараў, што выступаюць у абарону «Рыбы», - маладыя і сталыя, смелыя ды ўмелыя, амбіцыйныя або таленавітыя; хапае рознага. На тых, каго нават у такой стракатай кампаніі бачна здалёк, спынімся троху падрабязней.
Аляксей Талстоў. Неблагі зачын зборніка - своеасаблівы «вулічны імажынізм». Прачытаўшы, і сказаць не зможаш, у чым соль: жыве нейкі хлапец, нешта сабе думае, а недзе ёсць адна дзяўчына… Аднак засілле аўтарскага «я» ў сюжэце і ў слове не засмучае, а нават прываблівае.
Ілля Сін. Сама назва - «Тэатральныя дэманы» - наводзіць на думку, што гэтым разам наш карыфей бязглуздзіцы будзе дэканструяваць Булгакава (Міхаіла, не Валерку). Сатырычнае апісанне ўмоўнай рэдакцыі толькі падмацоўвае нашыя страхі, але праз колькі старонак раптам пачынаецца юрліва выпісанае наследванне Кафцы, а скончваецца ўсё так, нібы апавяданне прэтэндавала на ўваходжанне ў зборнік Сарокіна «Пір». Але ж знойдуцца чытачы, што павераць, быццам Сін прыдумаў усё гэта сам...
Амерыкана-рускі паэт Саша Гальпер у перакладзе Віктара Жыбуля. У адрозненне ад некаторых беларускіх аўтараў зборніка, гэты здольны на правакацыю ўсур'ёз, у якую верыцца не толькі паненкам, спешчаным філфакам.
Грэта Шоон. Пераклады з усходнефрызскай мовы Ірыны Герасімовіч. Нешматслоўная жаночая лірыка. Ашчадныя эмоцыі ды рытмічныя асаблівасці ў перакладзе перададзеныя вельмі натуральна, што да сэнсу... Хутчэй за ўсё, на любой мове ён застанецца вельмі простым.
Вікторыя Біран. Яшчэ адна дзяўчынка-эма з партрэтам куміра на грудзях, што ў свае васемнадцаць гадоў хоча пісаць і да таго ж - каб мы гэта чыталі. Ад тысяч іншых такіх самых у гэтакім самым ўзросце не адрозніваецца амаль што нічым - па меншай меры, у творчым плане.
Таццяна Рабушка. Сітуацыя ў цэлым падобная, аднак з папраўкай на ўзрост – накінем пяць гадоў – і на камп’ютарную граматнасць: падабаецца вам тое ці не, але ж яна – зорка беларускага блогінгу.
Арцём Кавалеўкі. Вопытны тэарэтык і практык літаратуры, чытаць якога бліз што ніколі амаль не моташна. У гэтым нумары вы знойдзеце вялікаваты кавалак яго дысертацыі ў галіне інтэрпрэтацыі тэксту (чытанне на спецыяліста), а таксама даволі густоўныя вершы, што, па-першае, і праўда адпавядаюць тэме нумару, а па-другое, удала абыгрываюць паэтычныя формы, у тым ліку візуальна-тыпаграфічнымі сродкамі.
Увогуле, пра тых аўтараў, каго ўжо пачынаюць называць «маладымі класікамі», цяжка сказаць нешта новае. Віктар Жыбуль, Сяргей Прылуцкі, Вольга Гапеева ахвяруюць свае нешматлікія творы ў тэму, не адступаючы ад фірмовага стылю ды якасці прадукцыі. А вось эсе «Беларускі акіян» Сержа Мінскевіча развівае жанр, які таксама варта назваць класічным ды ўвесці ў падручнікі: «успаміны беларускіх літаратараў пра тое, як яны ездзілі на фестывалі ды выпівалі». Адным словам, «фрашкі да пляшкі». Цікава, міла, па-беларуску, - што ж вам яшчэ?
Пярэдні край «фронту мастацтваў» прадстаўлены творамі, што знаходзяцца за межамі дабра, зла і аб’ектыўнай крытыкі – як кажуць, «love it or leave it». Іх так і хочацца ахрысціць «торчасць» - ад слова «тарчаць».
П’есы Віктара Жыбуля, Джэці і Вальжыны Морт нармальнаму чалавеку могуць хіба што прысніцца ў нездаровым трыпе. Ярыла Пшанічны прапануе дадаізм ў грэчаскім стылі. Сп'яну не надта толькі ясна, кім або чым ён натхніўся? Мо марскім акунём ў атычнай тавэрне? Сяргей Кандраценка трызніць нешта эратычна-сюрэалістычнае. Нейкі задзірлівы «сюр» выдае і Кацярына Шатаво (што яны кураць, гэтыя маладыя?).
Рацыянальнае мысленне не спяшаецца вяртацца да нас і праз творчасць Ганны Родзінай. І нават стары марскі воўк, Георгі Барташ, частуе нас наркаманскай байкай пра першага беларускага адмірала, у якім лёгка пазнаць вядомага трэш-паэта Віктара Ыванова-Лупасіна (застаецца толькі пашкадаваць аб адсутнасці апошняга ў зборніку…).
Тая выпадковая публіцыстыка зборніка, што не займаецца міфатворчасцю вакол «Рыбы», гэтым разам нас расчароўвае. Пасля фармаліста Кавалеўскага невялічкі і нескладаны даклад Ірыны Клімковіч пра мора ў нашай міфалогіі выглядае неяк зусім негрунтоўна - так бы мовіць, пазакласнае «чытанне для дзетак-беларусаў».
А потым той няшчасны чытач зборніка, што адважыўся чытаць яго ўвесь і па парадку, трапляе ва «унутранае мора» нявысветленых адносінаў: тры запар артыкулы беларускіх літаратурных крытыкаў пра беларускую літаратурную крытыку (агулам і пайменна). Без папярэдняга ведання, хто каго пакрыўдзіў першым, унікнуць у сутнасць трыялагічнай перапалкі нармальнаму чалавеку бліз што безнадзейна.
Яшчэ невядома, наколькі важкім словам прагучыць гэты зборнік нефармальных паэтаў для гарадскіх уладаў, аднак дзякуючы яму крама «Рыба» ўвайшла ў літаратурную гісторыю і міфалогію, і значыцца, у несмяротнасць. Прыкладна як «ПОДВИГ НАРОДА».

Фота: Зміцер Вішнёў на прэзентацыі зборніка «Рыба».
| Поисковое продвижение сайта с гарантиями за результат |
если где какую петицию подписать - то я за!
Отправить комментарий