03 September 2010, Friday

Цытатнік для "дзетаробнага органа"

Цытатнік для "дзетаробнага органа"

Прарэкламаваныя ў анатацыі "тры кнігі пад адною вокладкаю" насамрэч - танюсенькі зборнік жыццёвых замалёвак і прынагодных думак, што нагадваюць літаратурныя паўфабрыкаты.

Адам Глобус. Play.By. Выдавец І.П. Логвінаў. Мінск, 2009

Літаратар - гэта той, хто займаецца літаратурай. Ацэньваючы творчасць прызнаных у грамадстве дзеячаў слова, чытачы звычайна зыходзяць з перадумоваў, што літаратура і ёсць тое, што робіць літаратар. Хоць, шчыра кажучы, не ўсё, што робіць літаратар, трэба лічыць літаратураю.

Статьи по теме

Статей по теме этого материала пока нет


Адам Глобус належыць да наследнай пісьменніцкай эліты, што сфармавалася яшчэ пры Саветах. Шчыры лірык і слынны эратаман, культурны герой эпохі перабудовы і часопісу "Крыніца", у свае пяцьдзесят гадоў ён мог бы натуральным чынам перайсці да напісання мемуараў. Адна праблемка: свой уласны "партрэт мастака ў юнацтве" - выдатны зборнік апавяданняў "Койданава" - Адам Глобус даўно ўжо напісаў, надрукаваў і нават перавыдаў у "суперы". Запас жыццёвага досьведу пераапрацаваны амаль што ўвесь... І што рабіць цяпер? Натуральна, пісаць эсэістыку. Вядома, калі хопіць разважлівасці!

Прарэкламаваныя ў анатацыі "тры кнігі пад адною вокладкаю" насамрэч - танюсенькі зборнік жыццёвых замалёвак і прынагодных думак, што нагадваюць літаратурныя паўфабрыкаты. Ды і самое кітчава-пакункавае афармленне адсылае хутчэй да Пялевіна з яго наркатычнымі калажамі, чым да мастацкіх традыцыяў беларускага друку, да якіх меў непасрэднае дачыненне і сам Глобус.

Кульмінацыйным у Глобуса прадказальна бывае момант, калі героі зоймуцца "любошчамі" ці, на скрайняк, нарэжуцца. Але ж ягоныя персанажы за ўсю ягоную кар'еру так часта рабілі ГЭТА, што яно даўно ператварылася для іх у паўсядзённую руціну. Цяпер яны механічна імкнуцца да нейкай экзотыкі, спрабуючы "густое цела мурынкі" ў Амстэрдаме, або з бегбедэраўскаю непрыкаянасцю едуць да тайскіх дзяўчатак. Але і тут галоўны герой-мужчына застаецца невылечна эгафалацэнтрычным, і сам працэс не прыносіць ніякіх адкрыццяў ні для яго, ні для нас. Прынамсі, калі арыентавацца на тэкст. Мо папраўдзе і быў той сэкс у Тайландзе чымсьці незабыўным...

Першая і больш удалая "кніга" - дакладней, частка кнігі - носіць падзагаловак "Меркаванні". Другая частка, "Расейская кунсткамера", таксама складаецца з меркаванняў - але пра расейскіх ды іншых дзеячаў культуры. Трэцяя - пра сваіх, тутэйшых, або блізкіх духам. Адрозненне галоўным чынам у меншым памеры, які адлюстроўвае не столькі асаблівую глыбіню думкі, колькі яе невялікую працягласць. Выказванні Глобуса пра суседзяў куртатыя ды брахлівыя: галоўным чынам яго "раздражняе расейская самасць". Дык нашто пісаць пра тое, што цябе раздражняе? Тым больш тэксты наступнага ўзроўню: "Гогаль прыходзіць да цябе разам з гогалем-могалем..."

Чытаць "Play.By" - усё адно што назіраць за чужой медытацыяй на нейкую мірскую драбніцу кшталту скарыстанага прэзерватыва, або пустой бутэлькі, або абцёрханага зборніка Лермантава на сметніку. Шкада, што позірк паглыбленага ў сябе творцы больш не адлюстроўвае ні былой жарсці, ні паэтычнага ап'янення, ні хоць якога натхнення хоць чым-кольвечы. Мо гэта і ёсць нірвана? Фірмовым глобусаўскім правакацыям гэтым разам надзвычай бракуе густу і розуму. Так, на с. 98 Глобус абзывае Сарокіна Сракіным. А на с. 105 робіць нечаканае для любога інтэлігентнага чалавека адкрыццё, што рэклама на Рускім Радыё "нахуй не патрэбная".

Яшчэ адна правакацыя, што можа стацца небяспечнаю для жыцця: на с.115 Глобус абвінавачвае Грышкаўца ў тым, што ён ходзіць нібы ў штаны наклаўшы. Смешна выглядае такая нянавісць да бязвіннага калегі па пяру. Тым больш што грышкавецкі наіў, у адрозненне ад глобусаўскага, хоць бы добразычлівы.

Пакуль Глобус быў малады, чытачы цанілі ягоную творчую непасрэднасць у выяўленні патаемных перажыванняў. У новым зборніку таксама хапае простых і часам нават удалых побытавых мініяцюр.

"Хлеб" - бяскрыўднае апавяданне, нібы напісанае спецыяльна для юнацкай хрэстаматыі сярэдніх класаў. "Ключ" - гісторыя вар'яцкага кахання, наўмысна пазбаўленая ўсялякай маральнай афарбоўкі. Цікавы аповяд тым, што нагадвае гісторыю, якую аўтар яшчэ не распавядаў, - відаць, прыдуманая... Былою шчырасцю вылучаецца "Душа", хоць і пачынаецца такім няўдалым пасажам, што сам напрошваецца на пародыю: "Табе няма ніякай справы да ўласнай ключыцы. Ёсць у цябе ключыца ці няма той ключыцы? Без розніцы. І раптам: ты няўдала ўпаў і зламаў ключыцу. Аказваецца: у цябе ёсць ключыца. Яна страшэнна баліць..." Але далей - сапраўды трошкі шчырасці, а таксама такія моўныя знаходкі, як "ненавідзець да сшэрхласці скуры". На жаль, гэта рэдкія пярлінкі, што нібы выпадкова ўваліліся ў грудку слоўнага попелу.

Уводзячы персанажаў кшталту Кукурузніка або Дваравічкі, аўтар не стамляецца нагадваць нам, што гэта ён, менавіта ён напісаў "Дамавікамерон" - першы беларускі сэксуальны кодэкс, спалучаны з бестыярыем.

Але ж колькі можна варыцца ва ўласных лаўрах? І ці не сорамна чалавеку, што здабыў сабе славу майстра слова, сканчаць не надта ўдалае апавяданне пра каханне словамі "Можаш сабе такое ўявіць? Ды не можаш ты нічога ўявіць..."? Абвінавачваць чытача - апошняя справа, калі сам не можаш напісаць дастаткова добра.

Дыягназ: выключна для фанатаў (дакладней, фанатак). Падабенства да лепшых твораў (да "Койданава" або "Дамавікамерону", на ваш густ) застаецца хіба на ўзроўні няўцямных спасылак на самога сябе, што могуць стацца хіба прадметам філфакаўскага "курсачу", але зусім не эстэтычнага або інтэлектуальнага задавальнення. Атрымаць апошняе замінае таксама выключнае мастацтва карэктара: рука так і цягнецца выпраўляць шматлікія абдрукоўкі ды аўтарскія арфаграфічныя вынаходніцтвы кшталту "ўетнамцаў" або "Напаліёна".

Новости партнеров: RedTram
Комменты
пр
01-05-2009 | 22:15

глобус удо гадоў восем як не пісьменнік. трэба на яго не звяртаць столькі ўвагі, колькі яму надаецца. мо тады створа нешта вартае ўвагі.

Dzied
30-04-2009 | 15:49

А па мне дык харошая кніга. Адна з нямногіх у сучаснай беларускай літаратуры, што прачытаў з цікавасцю.

Гость
20-04-2009 | 10:04

выдатна напісана

Мікола
17-04-2009 | 22:38

Вельмі трапна, дзякуй Кася за рэцэнзію !

Гость
17-04-2009 | 21:56

да уж.забодали белорусские писатели писать о себе. оооочень не хватает современной белорусской литературы с хорошим сюжетом и социальным контекстом как он есть.

Post new Comment

Содержание этого поля является приватным и не предназначена к показу.
CAPTCHA
Protection from spam
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.