Расейскія прыўладныя СМІ і палітолягі вылілі на сваю аўдыторыю, да якой належыць і пераважная большасьць беларусаў, вадаспад антызаходняй і антынатаўскай прапаганды. З улікам гэтага падаецца важным сфармуляваць і альтэрнатыўнае меркаваньне пра пашырэньне NATO і датычнасьць Беларусі да гэтых працэсаў. У дадзенай сувязі дастаткова разглядзець тэарэтычнае пытаньне пра сяброўства Беларусі ў NATO.
Бухарэсцкі саміт NATO выклікаў вялікі рэзананс у мэдыях на постсавецкай прасторы. Гэта зьвязана з тым, што ўпершыню існавала рэальная верагоднасьць, што пачнецца працэс афіцыйнага далучэньня да Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы краінаў СНД: Украіны і Грузіі. І хаця пасьля Эстоніі, Латвіі і Летувы гэтыя дзьве краіны ня сталі б першымі постсавецкімі краінамі, што далучыліся да альянсу, іхны крок, асабліва з боку "братэрскай славянскай" Украіны - гэта страшны сон для палітыкаў, якія вырасьлі з апаратчыкаў КПСС і супрацоўнікаў КДБ СССР і дагэтуль ня хочуць мірыцца з фактам распаду іхнай імпэрыі, што адбыўся амаль 20 гадоў таму.
Украіна і Грузія амаль дасягнулі сваёй мэты: факт іх будучага далучэньня да альянсу быў недвухсэнсоўна падкрэсьлены на афіцыйным узроўні [1], хаця само прадстаўленьне краінам “Пляну дзеяньняў па сяброўстве” пакуль адкладзенае на нявызначаны час, магчыма, да сьнежня 2008 г.
Расейскія прыўладныя СМІ і палітолягі вылілі на сваю аўдыторыю, да якой належыць і пераважная большасьць беларусаў, вадаспад антазаходняй і антынатаўскай прапаганды. Бачучы гэта, падаецца важным сфармуляваць і альтэрнатыўнае меркаваньне пра прашырэньне NATO і датычнасьць Беларусі да гэтага. У дадзенай сувязі дастаткова разглядзець тэарэтычнае пытаньне пра сяброўства ў NATO Беларусі.
Адзін у полі – не ваяр
Беларусь - сярэдняя па памерах краіна, якая, аднак, знаходзіцца ў стратэгічна важнай прасторы паміж Эўропай і Расеяй. Праз свае маштабы Беларусь ня можа быць самастойным цэнтрам, і таму дзеля бясьпекі ёй неабходна на раўнапраўных умовах гуртавацца зь іншымі гэткімі ж самымі паводле маштабу краінамі рэгіёну: дзяржавамі Балтыі, Польшчай, Чэхіяй, Вугоршчынай і іншымі. Гэта адзіная рацыянальная вонкавапалітычная стратэгія для такой краіны як Беларусь, і менавіта такой стратэгіі прытрымліваюцца самі згаданыя яе суседзі. Якія, што не складана заўважыць, на дадзены момант усе зьяўляюцца сябрамі NATO, за ўмоўным выключэньнем Украіны.
Удзел у NATO ёсьць важным крокам на шляху эўрапейскай і міжнароднай інтэграцыі, і ў пэўным сэнсе таксама можа разглядацца ў якасьці прыступкі да сяброўства ў Эўрапейскім Зьвязе. Краіны Ўсходняй Эўропы, якія ў апошнія гады зрабіліся сябрамі ЭЗ, перад гэтым спачатку далучыліся да NATO – гэта сьведчыць не пра абавязковасьць сяброўства ў NATO для ўступу ў Эўрапейскі Зьвяз, але пра тое, што далучыцца да Паўночнаатлянтычнага альянсу больш проста, чым да ЭЗ. Акрамя гэтага, шэраг умоваў сяброўства зьяўляюцца камплемэнтарнымі: выкананьне ўмоваў для ўдзелу ў NATO, асабліва ў галіне палітычных рэформаў, аўтаматычна зьяўляецца выкананьнем шэрагу ўмоваў да сяброўства ў Эўрапейскім Зьвязе.
Сэнс далучэньня Беларусі да ЭЗ зьяўляецца прадметам асобнай дыскусіі, але выкананьне ўмоваў да сяброўства ў ЭЗ і альянсе – гэта ў любым выпадку агульны паказчык якасьці дзяржаўнага кіраваньня, укаранёнасьці і разьвіцьця дэмакратычных інстытутаў.
Ці варта слухацца парадаў нядобразычліўца
Застаючыся за бортам NATO, Беларусь застаецца сам-насам з гіганцкай непрадказальнай і ня надта прыязнай пуцінскай Расеяй. І сапраўды, ня варта крывіць душой і абмінаць факт, што ўваход у NATO - гэта ў першую чаргу палітычная акцыя, скіраваная на абарону ад сёньняшняй Расеі, на атрыманьне пратэкцыі Захаду перад Масквой.
Прынцыпова, здавалася б, пашырэньне NATO адпавядае нацыянальным інтарэсам Расеі, бо толькі яе ўдзел у арганізацыі будзе надзейнай гарантыяй яе тэрытарыяльнай цэласьці і бясьпекі на фоне патэнцыйнай кітайскай экспансіі і актывізацыі ісламскага экстрэмізму. Без супрацоўніцтва і саюзьніцтва з NATO Расея, безабаронная, слабеючая і выміраючая, робіцца праахвярай напіраючых з поўдня сілаў.
Чым больш расейская эліта будзе дэманстраваць рэваншысцкія імпэрыялістычныя памкненьні, тым больш трэба ім супрацьстаяць, бо ў сваіх дзеяньнях яна кіруецца не нацыянальнымі інтарэсамі Расеі, а ў першую чаргу прагай абараніць уласныя фінансавыя рэсурсы. Расейскай уладзе NATO пагражае не як патэнцыйны ваенны агрэсар, а як пашырэньне абшару дзеяньня дэмакратычных каштоўнасьцяў і правілаў гульні, па якіх расейскія кіраўнікі ня звыкліся гуляць, пры якіх неабходна забясьпечваць свабоду прэсы, правы чалавека і праводзіць сумленныя і празрыстыя выбары.
Пры гэтым, антызаходняя рыторыка не перашкаджае расейскай эліце трымаць грошы і актывы ў краінах блёку, які лічыцца патэнцыйным ворагам. У выпадку сапраўднай пагрозы, якая прыйдзе зусім не з захаду, самі пуціны-сечыны пасьпеюць даляцець да сваіх віллаў у натаўскай Францыі і банкаўскіх рахункаў у аточанай NATO Швайцарыі. Што будзе з кіраванай імі краінай, гэтых людзей у той момант хваляваць ня будзе, як іх ня надта хвалюе гэта й зараз.
Што яшчэ больш яскрава - антынатаўская прапаганда ў дзяржаўных мэдыях не перашкаджае Расеі нават будаваць аб'ектыўна патрэбныя ёй партнэрскія адносіны з NATO, праводзіць сумесныя вучэньні, ажыцьцяўляць шматмільённыя ваенна-прамысловыя праекты. Важныя рашэньні альянсу прымаюцца зь вялікай аглядкай на меркаваньне Расеі, што, відавочна, было адзінай рэальнай прычынай адтэрміноўкі пачатку далучэньня да NATO Ўкраіны і Грузіі. Але калі шчыльнае партнэрства з Паўночнаатлянтычным альянсам спрабуе наладзіць тая ж Украіна, расейскае кіраўніцтва чамусь пачынае дэманстраваць падобныя да банальнай рэўнасьці эмоцыі: што можна Маскве, тое нельга Кіеву.
Таму супраціў Расеі пашырэньню NATO ня варта разглядаць як нешта іншае, акрамя праявы імпэрскага рэваншызму ў спалучэньні зь недобрасумленнасьцю кіруючай крамлёўскай эліты. А значыць, гэтаму ціску трэба супрацьстаяць як несправядліваму і неканструктыўнаму.
Ёсьць такая прафэсія
Важкі аргумэнт супраць сяброўства ў NATO – гэта абавязак падтрымліваць ініцыятывы альянсу, у тым ліку ўдзельнічаць у ягоных вайсковых апэрацыях. На дадзены момант адзінай паўнавартаснай вайсковай апэрацыяй зьяўляецца вялабягучая кампанія ў Афганістане.
Гэта сапраўды дзейсны аргумэнт, які вымагае адной важнай умовы для інтэграцыі краіны ў NATO: далучэньне да Альянсу павінна адбывацца паралельна зь пераходам на прафэсіянальную армію. Прафэсіяналам-вайскоўцам патрэбная рэальная вайсковая практыка. Жаўнер павінен ваяваць, а ня піць каву і гуляцца на вучэньнях, прафэсіянал павінен быць гатовым загінуць за абарону інтарэсаў дзяржавы, у тым ліку калі гэтыя інтарэсы - перамога над міжнародным тэрарызмам. Гэта прадугледжана кантрактам.
І нічога страшнага, калі вайсковец будзе трапляць пад небясьпеку. Сьмерць - гэта ня тое, чаго ён павінен баяцца. Галоўнае, каб ён добраахвотна абіраў сабе гэткую службу - гэта сапраўды крытычная ўмова, якая павінна быць выкананая дзяржавай перад тэарэтычным далучэньнем да NATO.
Таксама і сучаснае ўнутранае становішча NATO не зусім адпавядае ідэалу. Блёк робіцца вялікай непаваротлівай структурай, у якой зь цяжкасьцю прымаюцца рашэньні і нарастаюць супярэчнасьці паміж ЗША і Ўсходняй Эўропай з аднаго боку і краінамі Заходняй Эўропы – зь іншага.
Трэба, аднак, разумець, што ніякія ўнутраныя праблемы NATO не павінны пераацэньвацца. Перавагі ад членства ў альянсе былі, ёсьць і будуць, а праблемы, што ўласьцівыя, урэшце, любой міжнароднай арганізацыі, могуць быць вырашаныя.
Ліцьвіны - мірныя людзі
Невялікай краіне немагчыма быць нэўтральнымі ў шматпалярным сьвеце - магчыма быць толькі пасіўнымі і падпадаць пад чужы уплыў – альбо спрабаваць максымальна самастойна вызначаць свой лёс і абіраць сабе хаўрусьнікаў.
Наўрадці можна лічыць нэўтральнымі краінамі Аўстрыю, Швайцарыю ці Ірляндыю, аточаных з усіх бакоў NATO і прымаючых удзел у іншых формах рэгіянальнай інтэграцыі, у першую чаргу ЭЗ. Проста яны ня маюць няшчаснай непрадказальнай краіны зь неадэкватным кіраўніцтвам на ўсход ад сваіх межаў, і таму ня маюць патрэбы ў фармальным сяброўстве ў альянсе.
Сапраўдная нэўтральнасьць – гэта не няўдзел у войнах, нэўтральнасьць – гэта дэкляраваная абыякавасьць, якая ў крытычны момант ператвараецца ў бездапаможнасьць. Пытаньне, у рэшце рэшт, ці мы ўсьведамляем сябе спадкаемцамі Вялікага княства Літоўскага, вялікай уплывовай эўрапейскай дзяржавы, альбо мы - “беларусы-мірныя людзі”, абыякавыя да глябальных выклікаў у пакорлівым чаканьні зьменаў геапалітычнай сытуацыі, без спробаў уплываць на рэгіянальны і глябальны парадак дня. NATO дае нам магчымасьць быць гульцом на міжнароднай арэне ў складзе моцнай “каманды”.
“Скажы мне, хто твой сябар...”
Тэарэтычны выбар перад Беларусьсю стаіць паміж клюбам разьвітых дэмакратычных краінаў ў асобе NATO і эўразійскімі аўтарытарнымі рэжымамі, увасобленымі ў АДКБ і “Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва”. Tertium non datur, ухіліцца ад выбару нам не атрымаецца ніяк. Ваенныя блёкі – гэта ў першую чаргу палітычныя арганізацыі, і ў нашай сытуацыі няўдзел у NATO адначасова азначае павялічэньне шкоднага эўразійскага ўплыву і падставу спробам глыбей уцягнуць Беларусь ва ўсходняе балота, зь якога нам сёньня трэба наадварот вырывацца ўсімі сіламі. Сёньняшняя беларуская дзяржава ўпарта дэкляруе сябе верным хаўрусьнікам (а дакладней – адным з) такіх эўразійскіх рэжымаў, ад якіх нам няма чаму навучыцца добраму, ня кажучы пра іхную культурную і геаграфічную аддаленасьць ад Беларусі. Але прыйдзе час, калі ўсё ж выбар зноў паўстане перад намі.
Выбар хаўрусьнікаў – гэта выбар дзяржавай сваіх цывілізацыйных арыентыраў, выбар у катэгорыі каштоўнасьцяў і прыярытэтаў. З аднаго боку маем Захад – цывілізацыйны авангард чалавецтва, культурны, эканамічны, навуковы і ідэйны лякаматыў плянэты. З другога боку маем адсталыя карумпаваныя напаўфэадальныя рэжымы, хлусьлівыя, злачынныя, яны трымаюцца выключна на падаўленьні сваіх грамадзянаў і на шчасьці мець на сваёй тэрыторыі запасы прыродных багацьцяў. Захад рушыць наперад, Эўразіі ж збольшага яшчэ толькі наканавана збочыць на правільны шлях. Пытаньне простае: мы хочам, каб у Беларусі было як у Чэхіі ці як ва Ўзбэкістане? І гэта, напэўна, самае галоўнае, што вызначае адказ на пытаньне, ці трэба краіне як Беларусь імкнуцца да сяброўства ў NATO.
Такім чынам, калі б Беларусь была на месцы сёньняшніх Украіны ці Грузіі, сумневаў у неабходнасьці далучэньня да NATO не было б аніякіх. Трэба вітаць працэс пашырэньня Паўночнаатлянтычнага альянсу на ўсход, і трэба намагацца, каб аднойчы альянс пашырыўся і на Беларусь.
Пакуль жа мы ня ведаем, якой будзе вонкавапалітычная сытуацыя на момант, калі перад Беларусьсю сапраўды паўстане гэткае пытаньне. Складана разважаць, пакуль удзел ці няўдзел у NATO не стаіць на парадку дня. Аднак аднойчы будуць перамены, і тады пытаньне пра далейшую вонкавапалітычную арыентацыю і ў тым ліку ўдзел у Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы паўстане вельмі востра. Вызначацца і рыхтавацца трэба ўжо зараз, каб не згубіць ініцыятыву ў вырашальныя часы пераменаў.
_________________________________________
1 At the Bucharest Summit, NATO Allies welcomed Ukraine's and Georgia's Euro-Atlantic aspirations for membership and agreed that these countries will become members of NATO.// http://www.nato.int/docu/update/2008/04-april/e0403h.html
| Поисковое продвижение сайта с гарантиями за результат |
Отправить комментарий