Косава: непазьбежная незалежнасьць
Косава: непазьбежная незалежнасьць
Аб’ектыўна гледзячы, не застаецца нічога, акрамя як зьмірыцца з тым, што незалежнасьць Косава - зьвяршоны факт.
Косава як ніколі раней наблізілася да незалежнасьці. Падчас візыту ў Брусэль прэзыдэнта Хашына Тачы на мінулым тыдні ўжо магла быць вызначаная дакладная дата абвяшчэньня косаўскай незалежнасьці. Мы не даведаліся канкрэтнай даты, аднак Тачы заявіў, што гэта “справа некалькіх дзён”. Тэма аддзяленьня краю і зьяўленьня на тэрыторыі былой Югаславіі новай маладой дзяржавы - адна з найбольш актуальных у сусьветнай палітыцы, нядаўна косаўскае пытаньне разглядалася Радай бясьпекі ААН. Можна разважаць пра вытокі сытуацыі і пра тое, ці вартае Косава незалежнасьці ці не. На постсавецкай прасторы звыкла сымпатызаваць “праваслаўным славянскім братам” сэрбам і скептычна ставіцца да аддзяленьня краю, хаця колькасьць альбанцаў у Косава ненашмат меншае за насельніцтва самой Альбаніі. Але гэтыя развагі ўжо наўрад ці могуць паўплываць на вырашэньне косаўскага пытаньня.
Аб'ектыўна гледзячы, не застаецца нічога, акрамя як зьмірыцца з тым, што незалежнасьць Косава - зьвяршоны факт, гэтаксама, як фактам была незалежнасьць Чачэніі паміж дзьвюма чачэнскімі войнамі. Чачэнія вярнулася пад расейскі кантроль толькі дзякуючы эфэктыўным вайсковым дзеяньням, знаходжаньню Масквой ляяльнай групоўкі сярод ічкерыйскага кіраўніцтва, якая зараз і мае кантроль над Чачэніяй, а таксама дзякуючы надзяленьню рэспублікі дэ-факта шырокай аўтаноміяй. У сытуацыі з Косава гэты варыянт немагчымы: насельніцтва і эліта краю за безумоўнае аддзяленьне, і гэта безапэляцыйна вызначае вынік працэсу.
Усе бакі канфлікту гэта разумеюць, і таму зараз займаюцца выключна выцягненьнем найбольшых выгадаў для сябе, якія можна атрымаць у пэрыяд перад абвяшчэньнем косаўскай незалежнасьці і яе прызнаньнем.
Бялград дэ-факта вядзе гандаль за цану, па якой ён "адмовіцца ад правоў" на край, бляфуе, пагражае ледзь не разрывам адносінаў зь дзяржавамі, што прызнаюць самастойнае Косава. Аднак гэта наўрад ці варта разглядаць як нешта іншае, акрамя "набіваньня сабе цаны": больш лагодных умоваў пры інтэграцыі ў ЭЗ, магчыма, фінансавай дапамогі. Што характэрна, прэзыдэнт Тадыч ужо заявіў, што Сэрбія ня будзе прымяняць вайсковую сілу для атрыманьня кантролю над Косавам. Сэрбскія палітыкі не губляюць шанцаў зрабіць сабе рэпутацыю напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, таму вельмі верагодна, што на гэтай хвалі прэзыдэнтам будзе абраны нацыяналіст Таміслаў Ніколіч.
Не губляюць магчымасьць прадэманстраваць свайму насельніцтву клопат пра "братоў-славянаў" і сваю нібыта вялікую вагу ў міжнароднай палітыцы расейскія ўлады. Толькі Захад глядзіць на праблему рэалістычна і прадпрымае канструктыўныя крокі дзеля вырашэньня канфлікту.
Галоўны прадмет развагаў цяпер - наступствы аддзяленьня Косава. Галоўная задача міжнароднай супольнасьці - перадухіліць распальваньне альбанскага сэпаратызму ў памежных з Косавам раёнах, у першую чаргу ў Македоніі, дзе альбанцы складаюць прыкладна траціну насельніцтва. Аднак гэта пытаньне ў першую чаргу да ўнутранай палітыкі самой Македоніі, дзе ў апошнія гады сытуацыю ўсё ж атрымліваецца захоўваць пад кантролем. Пры ўмовах працягу ўладамі разважлівай палітыкі, тут няма падставаў чакаць абвастрэньня.
Наўрад ці варта чакаць пасьля абвяшчэньня косаўскай незалежнасьці і яшчэ аднаго "параду сувэрэнітэтаў", чым аргумэнтуе (ці пагражае) Расея. Рэспубліка Сэрбская ў складзе Босьніі і Герцагавіны - гэта хіба аргумэнт у руках Белграда, які не зацікаўлены ў рэальным абвастрэньні дачыненьняў з ЭЗ і ЗША. Паўднёвая Асэтыя эканамічна несамадастатковая, сэпаратысцкі рэжым у Абхазіі нелегітымны: большая частка насельніцтва даваеннай Абхазіі была з краю выгнаная, і Тбілісі цяпер небеспадстаўна патрабуе вяртаньня ўцекачоў, перш чым вырашаць пытаньне пра самавызначэньне Абхазіі. Прыднястроўе - больш самастойнае бандыцкае дзікае поле. Аб'ядноўвае сэпаратысцкія рэгіёны на постсавецкай прасторы тое, што мясцовыя рэжымы трымаюцца выключна дзякуючы эканамічнай і палітычнай падтрымцы Расеі, якая выкарыстоўвае іх для сваіх мэтаў.
Галоўны вынік незалежнасьці Косава - гэта высновы, якія з дваццацігадовай гісторыі распаду сваёй дзяржавы павінны зрабіць сэрбы.
Этнаграфічная мапа былой Югаславіі - вельмі пярэстая. Людзі розных нацыянальнасьцяў і веравызнаньняў стагодзьдзямі жылі на гэтай зямлі цесна перамяшаныя, зусім не ў адпаведнасьці зь межамі былых югаслаўскіх правінцый. Міжэтнічная варажнеча і тым болей вайна - гэта самае горшае, што магло здарыцца з калісьці квітнеючай на фоне іншых сацыялістычных краінаў Югаславіяй. І гэтае самае горшае здарылася пасьля таго, як прэзыдэнт Слабадан Мілошавіч пачаў рабіць захады ў накірунку цэнтралізацыі краіны і афармленьня сэрбаў у тытульную нацыю.
Сэрбскія нацыяналісты больш за ўсіх спрычыніліся да той страшнай, па-сярэднявечнаму жорсткай братазабойчай вайны пасярод Эўропы ў канцы 20 стагодзьдзя, і марна ліць сьлёзы па згубленым гістарычна сэрбскім Косаве - вінаваціць ім няма каго, акрамя саміх сябе. Віна за тое, што Бялград згубіў спачатку вялікую Югаславію, потым - Чарнагорыю, і цяпер, нарэшце, губляе Косава, ляжыць выключна на самім сэрбскім кіраўніцтве і асабліва на пакойным прэзыдэнце Мілошавічы, дагэтуль любімым многімі сэрбамі.
Таму хай лёс Югаславіі будзе горкім урокам для Сэрбіі, а таксама для іншых шматнацыянальных краінаў, асабліва Расеі. Бялграду, дарэчы, нават дагэтуль яшчэ тэарэтычна засталося што губляць, а менавіта населеную вугорцамі паўночную Вайводзіну. Няхай хоць з вугорскай меншасьцю сэрбы здолеюць падтрымаць добрыя адносіны.
Урэшце, мабыць, і ня варта баяцца сэпаратызму ў Эўропе, што крочыць у кірунку еднасьці. Дасьць бог, прыйдзе час, калі зноў ня будзе мяжы паміж Сэрбіяй і Косавым полем, як няма мяжы паміж Нямеччынай і Страсбургам, паміж Аўстрыяй і Паўднёвым Тыролем. Як аднойчы ня будзе мяжы паміж Беларусяй, Вільняй і Беластокам.



Post new Comment