На канец 2007 году Беларусь перастала быць апошняй дыктатурай Эўропы. Не таму, што перастала быць дыктатурай - а таму, што перастала быць апошняй. І для чалавека, што звыкся падсьвядома супрацьстаўляць адносна дэмакратычную Расею безадносна дыктатарскай Беларусі, усьведамленьне таго, што і Расея адгэтуль зьяўляецца краінай з набіраючым адыёзнасьць дыктатарскім рэжымам, вымагае як мінімум перагляду свайго ўспрыманьня сьвету.
У маштабе гісторыі звыкла аддзяляць адзін этап ад іншага. Падручнік па гісторыі дзеліцца на разьдзелы, параграфы, распавядаючы пра розныя этапы жыцьця цывілізацыі і краіны бы ў розных выпусках тэлевізійнага сэрыялу. Аднак, калі ты знаходзішся ў самім цэнтры падзеяў, перамены, бывае, надыходзяць зусім незаўважна, хаця ты і ёсьць тым, з кім яны адбываюцца. Проста ў нейкі момант ты стаіш перад рэальнасьцю зьвяршонага факту і задаеш сабе пытаньне, калі ж “да пераменаў” ператварылася ў “пасьля”.
Усё ішло паступова. У 2000 г. - захоп легендарнага вольналюбівага тэлеканалу НТВ. Потым, ужо з большаю лёгкасьцю, ліквідацыя тэлеканалу ТВС, куды зьбегла большасьць каманды апазыцыйнага НТВ. 2002 год – траўленьне газам закладнікаў разам з тэрарыстымі ў тэатры ў Маскве. 2003 год – раскулачваньне Хадаркоўскага і тапеньне найбольш эфектыўнай і ледзьве не найбольш празрыстай [i] у Расеі карпарацыі "ЮКОС". 2004 год – расстрэл з танкаў поўнай закладнікамі школы ў Бэслане і па своеасаблівай прапагандысцкай лёгіцы касаваньне з гэтай нагоды выбараў губэрнатараў [ii] . Канец 2004 г. – масавае зьбіцьцё цэлага мястэчка ў Башкартастане [iii]. 2006 г. - забойства Анны Паліткоўскай.
Калі адбыўся той перанос расейскай рэчаіснасьці з дэмакратычнага кантэксту ў кантэкст дыктатуры? Немагчыма сказаць дакладна.
Усё магло быць зразумела ўжо пасьля прыняцьця савецкага гімну ў пачатку 2000 г. і захопу НТВ у сярэдзіне таго самага году. А хтосьці не называе дыктатураю і тое, што адбываецца ў Расеі зараз: вунь, апазыцыйнае "Эхо Москвы" дагэтуль у этэры, хоць і можа быць зачыненае адным распараджэньнем свайго галоўнага акцыянэра пад назвай "Газпром-мэдыя"; а для шыбка ахвочых павальнадумстваваць ёсьць інтэрнэт і ЖЖ, хай і падкантрольны структуры, ніткі ад якой ідуць да былога намесьніка старшыні адміністрацыі прэзыдэнта [iv] .
У 2007 годзе міжнародныя арганізацыі ўпершыню не прызналі выбары ў Дзяржаўную Думу дэмакратычнымі [v] - бо іх недэмакратычнасьць у першы раз не выклікае ні малейшых пытаньняў. Што б ні казалі пра прэзыдэнцкія выбары-1996, але тады не арыштоўвалі мільённыя наклады апазыцыйных улётак, не прымушалі бюджэтнікаў ісьці галасаваць "за каго трэба" і не запалохвалі (тым болей не забівалі [vi] ) актывістаў апазыцыі.
У 2007 годзе паведамленьні з дня галасаваньня нагадвалі паведамленьні з прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, адно толькі што разгубленая і разьяднаная расейская апазыцыя ня ладзіла анічога, што хоць здалёк бы нагадвала пратэсты ў Менску ў сакавіку 2006 - ня кажучы пра кіеўскі лістапад-2004. Дзяржаўная прапаганда прыняла звыродлівыя формы: ад сьнежня 2007 г. “Едіная Россія” рэклямуецца па тэлевізіі і ў “КВН”, і на “Фабріке звёзд” [vii] , і на “Поле чудес”. Ужо пасьля выбараў, за першыя пару тыдняў месяца ў краіне зьявіліся першыя “невыязныя” [viii] і “неўязныя” [ix] сярод маладога пакаленьня апазыцыянэраў.
2007 год – год сьмерці Барыса Ельцына, першага і апошняга прэзыдэнта дэмакратычнай Расеі. Ягоны катафалк пранесься тады міма цябе па Новым Арбаце, як быццам чарговы этап гісторыі Расеі і шанец расейскай дэмакратыі прамовіў сваё "до свіданія". У рэшце рэшт, калі ў 1999 годзе перадача ўлады ў спадчыну ўспрымалася як ганебнае вымушанае выключэньне, у 2007 годзе гэта ўжо гледзіцца цалкам нармальна і лягічна, прычым нават меней пасьлядоўным, чым трэці тэрмін для прэзыдэнта Пуціна.
Канец сьнежня 2007 г. Краіна вісіць паміж недэмакратычнымі выбарамі ў Думу і выбарамі на пасаду прэзыдэнта, якія, відавочна, будуць ня болей дэмакратычнымі. Разьвіцьцё падзеяў пасьля сакавіка 2008 года ўвогуле аптымістычнаму прагнозу не паддаецца.
Тваё адчуваньне - ступар і канфлікт з рэчаіснасьцю.
З аднаго боку, твае бацькі выраслі пры савецкай дыктатуры, і сам ты пры ёй нарадзіўся, таму становішча падданага ў таталітарнай краіне не павінна быць чымсьці гэтак ужо нязвыклым. Рабскія рэфлексы абудзіліся ў грамадзтве надта хутка, стагодзьдзі прыгоньніцтва ўсплылі ў генэтычнай памяці і сьпіны звыкла пачалі схіляцца ў паклоне перад барынам.
Зь іншага боку, за гады дэмакратыі, на якія прыйшлася большая частка твайго жыцьця, зрабілася звыклым, што краіна хаця б у пляне грамадзянскіх і палітычных свабодаў не нагэтулькі горшая за іншых. Хай сабе і паслабей за Цэнтральную Эўропу - але хоць вышэй за чорную Афрыку ў рэйтынгу праваабарончых арганізацыяў. І тое, што на краіну насоўваецца катастрофа, што яна збочвае з шляху дэмакратычнага, цывілізаванага разьвіцьця – у гэта ня верыцца. Ня верыцца, што гэта сапраўды адбываецца з намі, а не з далёкімі краінамі калісьці ў глыбокай гісторыі ці дзесьці ў далёкіх краінах.
З гэтай няверай сваім вачыма многія з нас пасіўна назіралі за набліжаючайся хваляй цунамі, розумам усьведамляючы, што па лёгіцы яна немінуча нас паглыне. Але пачуцьцямі гэта не ўсьведамлялася і не ўсьведаміцца, напэўна, да таго самага моманту, пакуль у твае дзьверы не прагучыць званок, і ветлівыя людзі не дадуць табе пяць хвілінаў на зборы.
Нагэтулькі не адпавядае стэрэатыпным уяўленьням пра сталіцу таталітарнай дзяржавы Масква пачатку 21 стагодзьдзя, зь пярэстай рэклямай, шклянымі бізнэс-цэнтрамі, патэтычнымі рэстарацыямі і клюбамі. Так ня хочацца думаць пра дрэннае, так утульна жыць і так лянота думаць пра эміграцыю. Так утульна і звыкла хадзіць на працу, сустракацца зь сябрамі, езьдзіць на мора ў вакацыі і мірна дыскутаваць пра актуальнасьці у ЖЖ. Занадта хочацца верыць, што цяпер нам прызначылі добрага цара Мядзьведзева, які паступова верне краіну ў нармалёвае рэчышча, зробіць што-небудзь з засільлем сілавікоў, ня будзе замінаць сьціплай дзейнасьці апазыцыі. Бо нашто яму баяцца тае апазыцыі, калі яна такая слабая? Дыктатура - гэта нерацыянальна і непрагрэсіўна, гэта супярэчыць ідэі мадэрнізацыі Расеі і пагатоў ператварэньня яе ў сусьветнага лідара, пра што так палымяна прамаўляюць лідары краіны. Хіба ня так?
Перад табою гэтак разважалі нэпманы і расейскія лібэралы ў 1920-х гадах, і многія нямецкія габрэі ў пачатку 1930-х. Гэтак вярталіся ў СССР з эміграцыі людзі ажно да самага 37-га году.
У выніку, расейская лібэральная інтэлігенцыя пачатку 20-га стагодзьдзя расстраляная альбо эмігравала. Нямецкія габрэі 30-х альбо эмігравалі, альбо пагінулі ў Галякосьце. А што будзе з табой і такімі як ты, ты хутка даведаешся.
| Поисковое продвижение сайта с гарантиями за результат |
Отправить комментарий